У Варшаве ўрачыста адкрылі беларускую школу. Сярод выкладчыкаў — шэсць прафэсараў

У новую школу ўжо набралі больш за 150 дзетак рознага ўзросту, а жадаючыя ўсё ідуць і ідуць. Веды па асноўных прадметах дзеці будуць атрымліваць у польскіх школах і ліцэях, а па прадметах беларускага кампанэнту — у фармаце анлайн- і афлайн-урокаў.

1_597.jpg

Сьвяточнае адкрыцьцё школы прайшло 3 верасьня ў памяшканьні Варшаўскага інстытуту юстыцыі (Szkoła Wyższa Wymiaru Sprawiedliwości), піша «Св*бода».

Вывучаць беларускую мову і літаратуру, гісторыю і геаграфію Беларусі, а таксама культуру і мастацтва ў гэтай школе таксама будуць беларускія дзеткі з Альбаніі, Беларусі, Нямеччыны, Грузіі, ЗША, Латвіі, Літвы, Расеі, Турэччыны, Чэхіі і іншых краін.

«Мы не чакалі такой цікавасьці і запатрабаванасьці — на сёньняшні дзень у школу набралі ўжо больш за 150 дзетак рознага ўзросту, а жадаючыя ўсё ідуць і ідуць», — кажа адзін зь ініцыятараў стварэньня Беларускай школы Алесь Лозка.

«На 15 настаўніцкіх вакансій прэтэндавалі больш за 100 чалавек. Мабыць, давядзецца пашырацца. У Беларускай школе ў Варшаве будуць выкладаць найлепшыя пэдагогі: настаўнікі-мэтадысты, вопытныя выкладчыкі. Сярод іх шмат кандыдатаў навук і нават 6 прафэсараў», — з гонарам падкрэсьлівае спадар Лозка.

На адкрыцьці школы было шмат ганаровых гасьцей. Дзяўчаты са Школы традыцыйнай культуры ў Варшаве адразу ж ўцягнулі ўсіх прысутных у інтэрактыўныя гульні, заахвоцілі танчыць і дзяцей, і дарослых. Прысутнічаў на адкрыцьці і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка, які зачытаў верш Уладзіміра Караткевіча.

2_551.jpg