Педыятр, шматдзетная маці, музыка, майстра па манікюру. Каго ў Кобрыні судзяць за маршы пратэсту

У Кобрыні за ўдзел у маршах пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалу сілавікоў штодня судзяць грамадзянаў.

k_30.8.20_5_logo.jpg


За ўдзел у маршы 23 жніўня ўчастковы лекар-педыятр мясцовай дзіцячай паліклінікі Юлія Рафаловіч была выклікана ў суд на 7 верасня, але не з’явілася, паколькі прымала сваіх пацыентаў. 15 верасня суддзя Алесь Бабаскін аштрафаваў лекарку на 20 базавых велічынь. Спадарыня Юлія віну сваю не прызнала, заявіла, што дзейнічала ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Лекарку прыйшлі падтрымаць шмат людзей — не было вольных месцаў у судовай зале. На судзе Юлія Рафаловіч паводзіла сябе вельмі прыстойна і годна бараніла свае правы, за што месцічы назвалі лекарку гонарам свайго старажытнага гораду. Падтрымаць маці прыйшоў і сын, які вучыцца ў Польшчы на праграміста. Вечарам 10 жніўня на цэнтральным пляцы Кобрыну ён страціў зуб пасля збіцця сілавікамі. Муж спадарыні Юліі па адукацыі праграміст, мае ў горадзе краму. Ён быў выдалены з залы судовых пасяджэнняў з-за таго, што гучна абурыўся пазіцыяй Алеся Бабаскіна. Пасля прысуду прагучаў вокліч «Жыве Беларусь», на які кабрынчане адгукнуліся «Жыве!».

 У зале судовых пасяджэнняў 18 верасня (у першым шэрагу трэцяя злева Юлія Рафаловіч)

 У зале судовых пасяджэнняў 18 верасня (у першым шэрагу трэцяя злева Юлія Рафаловіч)


Бухгалтара Змітра Дамасевіча за ўдзел у маршы 30 жніўня суддзя Алесь Бабаскін 17 верасня аштрафаваў на 5 базавых велічынь. Такое ж пакаранне спадар Бабаскін 18 верасня вынес і жонцы Змітра, хатняй гаспадыні Юліі Дамасевіч. У сям’і — трое дзетак ва ўзросце ад 2,5 да 12 гадоў. Іхняя маці на маршы 30 жніўня несла вялікі бел-чырвона-белы сцяг наперадзе калоны гараджанаў. На словы суддзі, што спадарыня Юлія парушыла закон аб масавых мерапрыемствах, бо прыняла ўдзел у несанкцыянаваным шэсці, жанчына адказала: «Я — вольны чалавек, ні перад кім не мушу весці справаздачы дзе і з кім стаяла і хадзіла. Бо я нічога кепскага не рабіла, нікому не замінала і не пагражала. А вось майму хвораму мужу, што да суда быў закратаваны ў ізалятары часовага ўтрымання на 72 гадзіны, дазволілі толькі адну перадачу, а другую — з пітной вадой — адмовілі. Даведку ж пра хваробу Змітра так і не змагла заверыць у галоўнага лекара паліклінікі, хоць і прачакала яго 40 хвілін. І каб вярнуць свае правы і свабоды выйшла на марш пад бел-чырвона-белым сцягам», — падкрэсліла Юлія Дамасевіч.

k_30.8.20_1_logo.jpg

Юлія Дамасевіч (крайняя злева) на маршы 30 жніўня
За ўдзел у маршы 13 верасня суддзя Таццяна Каберская аштрафавала музыку Аўдзія Самулевіча на 15 базавых велічынь. Спадар Аўдзій выйшаў з барабанам на вуліцу, каб падтрымаць і натхніць сваіх землякоў. «Як вернік-пратэстант і творчы чалавек я не магу спакойна ўспрымаць прававое бязмежжа ў краіне і гвалт сілавікоў над мірнымі беларусамі», — заявіў малады чалавек. Па завяршэнні маршу музыка быў затрыманы і 72 гадзіны да суду знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання.
Прадпрымальніца-манікюрка Марына Жыгавец 6 верасня пайшла ў краму за прадуктамі разам з сваімі дзевяцігадовымі дзецьмі-блізнятамі, набыла ім па паветранаму балонніку і далучылася да шэсця, за што 18 верасня Таццянай Каберскай была пакараная штрафам у 10 базавых велічынь.
Вялікі дзякуй жыхарам гораду, якія штодзень прыходзяць у суд, каб падтрымаць сваіх землякоў. Менавіта гэтая салідарнасць робіць беларусаў сапраўднай нацыяй, у якой кожны ў няпростую часіну адчувае цёплую, сардэчную, шчырую падтрымку, як у добрай сям’і.