Пяць месяцаў у турме: без прысуду, абвінавачання і пашпарту

Пасля адмовы супрацоўнічаць з ГУБАЗіК, могуць зрабіць крымінальным аўтарытэтам і баевіком ІДІЛ.

seimur_000.jpg


Да гісторый палітвязняў, якія знаходзяцца ў турмах па абсурдных альбо надуманых абвінавачаннях, ужо ўсе прызвычаіліся. Аднак закон і праца дзяржапарата ў Беларусі пабудаваныя так, што іншаземныя грамадзяне пры пэўных абставінах могуць пазбавіцца ўвогуле будзь-якіх правоў і стаць вязнямі фактычна на неабмежаваны тэрмін. Гісторыя Сеймура Мамедгусейнава — сумнае таму пацвярджэнне.
Сеймур нарадзіўся ў 1968 годзе ў Азербайджане. З 21 года жыў ў Лідзе, дзе пазнаёміўся са сваёй першай жонкай. Тут у яго нарадзіўся сын Рафаэль, які паспеў адслужыць у беларускім войску — быў камандзірам аддзялення зенітна-ракетных войскаў у званні сяржанта.
У 1996-м Сеймур атрымаў беларускае грамадзянства, працаваў фермерам. Праблемы пачаліся ў 2006-м, калі яму анулявалі беларускае грамадзянства, матываваўшы тым, што ён з'яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Азербайджан — хаця пашпарту Азербайджана ў Сеймура не было. На той момант ён працаваў таваразнаўцам у індывідуальнага прадпрымальніка. Пасля адабрання пашпарту прыйшлося звольніцца.
«У матэрыялах праверкі УУС Мінгарвыканкама напісана, што з Азербаджана прыйшоў адказ, згодна з якім ён там прапісаны з 1989 года, і з'яўляецца грамадзянінам Азербайджана. На гэтай падставе яму анулявалі [грамадзянства Беларусі]. І колькі ён прасіў, каб яму далі гэты адказ — яму не давалі. Бо ён казаў: «Калі я грамадзянін, тады я пайду ў амбасаду і запатрабую грамадзянства». Аднак гэты адказ ніхто не бачыў», — расказвае грамадзянская жонка Сеймура АлесяКудравец.
Далей Мамедгусейнаў знаходзіўся ў Беларусі на падставе віда на жыхарства — яго анулявалі ў 2016 годзе. Падставай стаў ліст з ГУБАЗіК, згодна з якім знаходжанне Мамедгусейнава ў Беларусі «негатыўна ўплывае на крымінагенную абстаноўку».

seimur_001.jpg

Фота прадстаўленыя грамадзянскай жонкай Сеймура Мамедгусейнава
Алеся расказвае, як гэта адбылося:
«У 2016 годзе яму па пошце прыйшло рашэнне аб тым, што яму па такім-та артыкуле анулююць від на жыхарства — каб ён прыйшоў, азнаёміўся. Яму ў праязным дакуменце паставілі адзнаку, у які тэрмін ён мусіць добраахвотна пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь — цягам месяцу. Ён пачаў судзіцца. І пакуль судзіўся, яму працягвалі рэгістрацыю — па 2017 год. У 2017-м ён ізноў падаўся на від на жыхарства. Яму зноў адмовілі і ён напісаў скаргу ў Дэпартамент па грамадзянству і міграцыі. УУС Мінгарвыканкама прыняла рашэнне аб высылцы. Аб гэтым мы даведаліся, калі зноў пайшлі падаваць заяву 18 красавіка і тады яму ўручылі пастанову аб высылцы. І калі б мы не прыйшлі ў гэты дзень, мы нават не даведаліся б, што ў яго дэпартацыя — яго б проста прымусова выслалі. Хаця ліст яны адправілі — ён проста ішоў доўга. І вось нам, калі мы прыйшлі, спачатку сказалі пад'ехаць да пяці, потым да шасці. Потым паклікалі ў кабінет і паказалі пастанову. І ў той жа дзень яго адвезлі ў ІЧУ Мінрайвыканкама на вуліцу Скарыны, 20. 8 верасня будзе пяць месяцаў як ён там».
У чым сапраўдная прычына такога працяглага пазасудовага пазбаўлення волі? І прычым тут ГУБАЗіК?
Сустаршыня БХД Павал Севярынец, калі адбываў 10 сутак за абарону Курапатаў, знаходзіўся з Мамедгусейнавым у адной камеры. Са словаў самога Сеймура, аператыўнікі ГУБАЗіК ціснуць на яго, патрабуючы супрацоўніцтва адносна справаў азербайджанскай дыяспары. Пад расплывістым тэрмінам «супрацоўніцтва» звычайна разумеецца звычайнае даносніцтва.
«Яны патрабуюць супрацоўніцтва ад Сеймура, бо той нібыта «вырашае канфліктныя сітуацыі ў дыяспары». У выпадку адмовы аператыўнікі пагражалі, што «мы цябе праз ІДІЛ правядзем», «ты ў нас тэрарыстам будзеш» і т.п. Паводле Сеймура, прадстаўнік ГУБАЗіК аднойчы прыходзіў да яго наўпрост у ізалятар. Але ці пагражалі яму ў гэты раз, ці перад тым — цяжка сказаць, бо ён казаў у цэлым пра стасункі з ГУБАЗіК», — кажа Павал Севярынец.
Па словах Алесі, апошні раз аператыўнікі наведвалі Сеймура зусім нядаўна:
«Сеймур казаў яшчэ да пасадкі, што яго ўвесь час запрашаюць на «размовы» і на яго «наязджаюць». Праз 2 месяцы пасля пасадкі зноў прыходзілі з нейкімі прапановамі. Але ён адмаўляецца. І нават тыя, хто выходзілі, казалі, што пасля суду, які быў 29 жніўня, ГУБАЗаўцы зноў да яго прыходзілі».
Выглядае на тое, што чалавека трымаюць у няволі за незгаворлівасць. Адпачатку ніхто, акрамя суддзі, не бачыў ніякіх дакументаў, якія б пацвярджалі «крымінагеннасць» Сеймура.
«ГУБАЗаўцы нікому нічога не казалі, у тым ліку яму, — кажа грамадзянская жонка Сеймура. — Толькі суддзі. Гэта ідзе ў іх інфармацыя для службовага карыстання. А суддзя на судзе сказаў: я гэта ўсё бачыў. Нават аддзел па грамадзянству і міграцыі УУС гэтага не бачыў, У іх ёсць толькі ліст з ГУБАЗіК і яны схільныя яму верыць».
— Казаць аб тым, што ён мог уплываць на нейкую крымінальную абстаноўку — гэта нават смешна. Як быццам ён тут нейкі міліянер, каб на нешта ўплываць. Не ведаю, мусіць ён ім патрэбны для чагосьці. Бо відавочна — ходзяць да яго і пішуць хадайніцтвы ва УУС, і адно і другое,— кажа Алеся.

seimur_002.jpg
seimur_003.jpg


Cам Сеймур таксама піша скаргі. Ён задаецца слушным пытаннем: калі ёсць удзел у крымінале, дзе абвінавачанне і прыцягненне да адказнасці?

seimur_004.jpg


У параўнанні з вязнямі СІЗА Мамедгусейнаў знаходзіцца нават у большай ізаляцыі. Яму не дазволеныя тэлефанаванні. Грамадзянскай жонцы нядаўна адмовілі ў спатканні, пад нагодай таго, што «няма памяшкання». Яна выслала Сеймуру ліст, але ці дойдзе ён, невядома. Тым не менш ён не губляе надзеі. «Настрой баявы. Ён бадзёры, і здавацца не збіраецца», — сведчыць Павал Севярынец.
Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі сузаснавальніцу праваабарончай арганізацыі Human Constanta Насту Лойку:
— У беларускім заканадаўстве ёсць вялізная праблема — не прадугледжаны тэрмін утрымання пад вартай для адміністратыўна затрыманых па працэдуры высвятлення асобы ці прымусовай высылкі. У першым выпадку гэта залежыць ад хуткасці прадстаўлення інфармацыі з краіны грамадзянскай прыналежнасці, у другім — ад афармлення папер органам па грамадзянстве і міграцыі і сродкаў на выезд. Прымусовая высылка павінна быць выкананая цягам году — гэта адзіны дакладны тэрмін у профільным заканадаўстве. Паколькі ў гэтай сітуацыі яго высылка пакуль што падаецца немагчымай (ніхто не гатовы прадставіць візу асобе без грамадзянства, яшчэ і пад вартай). Адпаведна, ён можа быць пад вартай да 17.04.2019 года, але і тады яго адразу могуць затрымаць і вынесці новую пастанову на высылку. Гэта замкнёнае кола. Мне вядомыя гісторыі, калі людзі сапраўды год прабылі ў ізалятары часовага ўтрымання ці ЦІПе.

Для сучаснай прававой сістэмы характэрна самавольства спецслужб і асобных органаў, падмацаваная адсутнасцю эфектыўных прававых механізмаў абароны. Па маім персанальным адчуванні, ГУБАЗіК не знаходзіць сапраўдных арганізаваных груп, а апраўдваць сваю назву і штат неабходна, таму яны ціснуць і выкарыстоўваць неправавыя метады дастаткова часта і да любых груп, якія патрапляюць у іх кампетэнцыю. Нажаль, мне вядома шмат фактаў у іх дзейнасці. Але што ў іх поле зроку патрапляе замежны грамадзянін — з такім я сутыкаюся ўпершыню. Да таго ж, менавіта яны павінны «арганізаваць высылку» — як гучала на судзе па абскарджанні прымусовай высылкі. Яшчэ ў гэтай гісторыі мяне вельмі непакоіць эпізод з пазбаўленнем беларускага грамадзянства.

У Беларусі на сёння каля 6 тысяч асобаў без грамадзянства, якія слаба абароненыя ў сілу таго, што Беларусь не далучылася да дзвюх важных канвенцый па абароне гэтай уражлівай групы: Канвенцыі аб скарачэнні безграмадзянства 1961 года і Канвенцыі аб статусе апатрыдаў 1954 года.
Дык у чым жа сапраўдная прычына цікаўнасці ГУБАЗіК да Мамедгусейнава — не мілліянера, відавочна не тэрарыста і не крымінальнага аўтарытэта?
ГУБАЗ — структура, створаная ў МУС РБ у 1991 годзе. Яе галоўнай роляй адпачатку было супрацьстаянне злодзеям у законе, узброеным бандам (асабліва «аўта-бандытам», для якіх Беларусь, як транзітная краіна, была асабліва цікавая), і міжнародным злачынным групоўкам. У 2012 годзе Лукашэнка заявіў, што арганізаванай злачыннасці ў Беларусі няма. Аднак ГУБАЗ ліквідаваць не спяшаюцца. Паступова структуры надаюць новыя паўнамоцтвы.
Падобна на тое, што Мамедгусейнаў сапраўды з'яўляецца вядомым і ўплывовым чалавекам у дыяспары. Што ў гэтым крымінальнага? Вядома, нічога. У любой супольнасці людзей, ад школьнага класа да рады дырэктароў ёсць людзі, да якіх прыслухоўваюцца больш, чым да астатніх. Але ў Беларусі гэта — фактар, які прыцягвае да чалавека ўвагу «органаў». Логіка іх простая: кожны лідар кожнай супольнасці, дыяспары, палітычнай партыі, моладзевай групоўкі, альбо працоўнага калектыву — мусіць супрацоўнічаць. Сёння ГУБАЗіК закранае субкультуры і дыяспары, заўтра — рэлігійныя супольнасці, кружкі па інтарэсах. І для супрацьдзеяння гэтаму гераічнага стаяння адзіночак, такіх як Сеймур Мамедгусейнаў, відавочна не хопіць.