«Працаваў кур'ерам, потым уладкаваўся ў фітнес-клубе». Як беларусам у эміграцыі захаваць прафесію?

Эміграцыя — гэта заўсёды адаптацыя, і працоўная сфера — не выключэнне. Як паказала нядаўняе даследаванне, мужчынам з Беларусі за мяжой лягчэй захаваць сваю прафесію, тады як жанчыны вымушаныя шукаць новы шлях.

Фота Depositphotos

Фота Depositphotos

Беларускія эмігранты розных узростаў і прафесій распавяліEX-PRESS.BY, як склалася іх кар'ера за мяжой.

Анастасія, 29 гадоў, былая настаўніца (Кракаў, Польшча):

— Я працавала настаўніцай пачатковых класаў у Беларусі, потым у Грузіі была няняй. У Еўропе хутка зразумела, што мой дыплом тут не каціруецца, а вось вопыт ўспрымаюць нармальна. Уладкавалася ў прыватны дзіцячы сад, які спецыялізуецца на сістэме Мантэсоры, памочніцай выхавальніка. Гэта аказалася маральна і фінансава прасцей. Хоць складаней тое, што жыллё ў мяне здымнае, у Беларусі я жыла ў сваім доме. Я вучу польскую мову, адначасова вучуся на мясцовых курсах для педагогаў, каб вярнуць прафесію, але разумею, што гэта доўгі шлях.

Сяргей, 35 гадоў, IT-спецыяліст (Прага, Чэхія):

— У Беларусі я ўжо быў праграмістам, таму мяняць прафесію не давялося. Больш за тое, заробак тут амаль удвая вышэйшы. Вядома, давялося падцягнуць англійскую, каб прайсці сумоўі, але гэта інвестыцыя, якая сябе апраўдала. Цяпер працую ў міжнароднай кампаніі і нават часам кансультую беларусаў, якія хочуць сюды пераехаць.

Вольга, 41 год, працавала ў Беларусі бухгалтарам (Вільня, Літва):

— У Вільні давялося забыцца пра бухгалтэрыю: тут усё іншае — законы, стандарты, мова. Я знайшла працу ў гіпермаркеце, працую прадаўцом. За тры гады асвоіла мясцовыя праграмы ўліку і мару вярнуцца да сваёй прафесіі. Класна, што ёсць перспектывы росту.

Аляксандр, 28 гадоў, трэнер па плаванні (Берлін, Германія):

— Праца трэнерам за мяжой — гэта амаль недасягальна без мясцовых ліцэнзій. Таму першы час я працаваў кур'ерам, а потым знайшоў месца ў фітнес-клубе адміністратарам. Цяпер вучуся на нямецкіх курсах трэнераў, каб зноў працаваць у басейне.


Глядзіце таксама

Кацярына, 33 гады, дызайнер (Варшава, Польшча):

— Я змагла захаваць прафесію, бо фрылансіла ў Беларусі, а цяпер раблю тое ж самае, толькі кліентаў стала больш — тут попыт на крэатыўных дызайнераў добры. Заробак вышэйшы, чым быў, але шмат што залежыць ад ведання мовы і праектаў. Аднак маральна стала лягчэй: не трэба баяцца абмяркоўваць забароненыя тэмы або пазбягаць дзяржзамоваў.

Міхаіл, 50 гадоў, інжынер (Рыга, Латвія):

— У Беларусі я праектаваў заводы, а ў Латвіі пачаў з рознарабочага на будоўлі. Зараз выходжу на пазіцыю спецыяліста тэхнагляду. Заробак вышэйшы, чым у Беларусі, але давялося ўкласціся ў навучанне і ліцэнзіі. Важна было захаваць адчуванне, што мае веды цэняцца.

Юлія, 24 гады, барыста (Амстэрдам, Нідэрланды):

— Я ніколі не працавала па спецыяльнасці — у Беларусі падзарабляла афіцыянткай. Пераехаўшы ў Амстэрдам, хутка знайшла месца барысты, хоць канкурэнцыя высокая. Зарплата лепшая, умовы працы значна прыемней. Разумею, што гэта не кар'ера, але цяпер мне камфортна.

Алена, 38 гадоў, лекар (Сафія, Балгарыя):

— Быць лекарам у Беларусі — гэта заўсёды было складана, але я ганарылася сваёй прафесіяй. У Балгарыі аказалася, што мая кваліфікацыя патрабуе працяглага пацверджання. Я думала пра перакваліфікацыю або пра тое, каб знайсці любую іншую працу, але не ўяўляю сябе па-за медыцынай. Пакуль я вучу мову і працую медсястрой у прыватнай клініцы, каб не губляць навыкі, але гэта цяжка і маральна, і фінансава. Часам здаецца, што я пачынаю з нуля.