Як беларусы адаптуюцца за мяжой і ці збіраюцца яны вяртацца
У параўнанні з тымі ж украінцамі, у беларусаў значна вышэйшая ступень адаптацыі да новых умоў і аб'яднання ў дыяспары. Пры гэтым варожасці паміж «старой» і «новай» дыяспарамі няма.
На працягу апошніх пяці гадоў беларуская дыяспара перажыла каскад узрушэнняў, што кардынальна яе змянілі. Сотні тысяч чалавек пакінулі Беларусь, за мяжой апынулася важкая частка бізнэсу, незалежных медыя і структур грамадзянскай супольнасці. У выніку цяпер можна гаварыць пра існаванне як мінімум дзвюх вялікіх дыяспаральных груп — «старой» і «новай» дыяспар, мяжа паміж якімі праходзіць па 2020 годзе.
Каб высветліць, ці ёсць розніца паміж імі і якая менавіта, «Цэнтр новых ідэй» разам з «BEROC» і ініцыятывай «Ёсць пытанне» летам-восенню гэтага года правялі комплекснае даследаванне, якое складалася з якаснага (30 глыбінных інтэрв'ю) і колькаснага (CAWI-апытанне) замераў, піша Генадзь Коршунаў.
Даследаванне паказала, што беларусы не схільныя шукаць прычыны для ўзаемных супярэчнасцей і раздзімаць канфлікты ўнутры сваіх супольнасцей. Дамінуе хутчэй устаноўка на зацвярджэнне маналітнасці беларускай дыяспары.
У якасці абагульняючага наратыву падкрэсліваецца адсутнасць значных адрозненняў паміж рознымі групамі беларускай дыяспары, у тым ліку і паміж рознымі хвалямі эміграцыі з Беларусі.
Беларусы замежжа разглядаюць сваю дыяспару як дэцэнтралізаваную сістэму супольнасцей, што самаарганізуюцца. Аднак гэта далёка не заўсёды ацэньваецца станоўча. Сама дыяспара як феномен успрымаецца дваіста. З аднаго боку, яна можа быць дастаткова аморфнай і ў прынцыпе аб'ядноўваць усіх, хто пакінуў радзіму. З іншага — відавочнае жаданне апытаных бачыць дыяспаральную супольнасць больш згуртаванай і арганізаванай.
Уяўленні пра свае дыяспары ў краінах пражывання хутчэй размытыя і стэрэатыпізаваныя. Рэспандэнты адзначаюць наяўнасць супольнасцей рознага ўзроўню і характару, аднак не могуць апісаць іх больш канкрэтна. Пры гэтым мае месца краінавая спецыфіка ўспрымання дыяспары. У Польшчы рэспандэнты кажуць пра існаванне развітай і актыўнай беларускай дыяспары. У Літве беларуская дыяспара бачыцца як тая, што суіснуе з супольнасцямі з іншых краін і вядзе адносна арганізаваную дзейнасць. У Германіі ж дыяспара рэспандэнтам уяўляецца нешматлікай і размытай. Апошні выпадак ўскладняецца наяўнасцю ў гэтай краіне нашмат больш маштабнай і арганізаванай рускамоўнай прасторы.
Беларусы станоўча ставяцца да сваёй дыяспары і параўнальна лёгка ідэнтыфікуюцца з ёй. Крытэрыямі аднясення сябе да дыяспары з'яўляюцца нацыянальнасць, адчуванне супольнасці з беларусамі і ўдзел у дыяспаральнай дзейнасці (хаця б мінімальны). Пры гэтым прадстаўнікі дарэвалюцыйных міграцыйных хваль (да 2020-га) часцей прымаюць удзел у арганізацыі мерапрыемстваў і цікавяцца сеткавымі супольнасцямі. Для пострэвалюцыйнай хвалі (2020-2021) асабліва важная рэгулярнасць удзелу ў дыяспаральных мерапрыемствах. Прадстаўнікі ж пасляваеннай хвалі (2022-ты і пазней) больш, чым іншыя, карыстаюцца беларускімі СМІ для атрымання інфармацыі пра беларусаў замежжа.
У ацэнках стану дыяспаральных супольнасцей рэспандэнты схільныя рабіць акцэнт на тым, што аб'ядноўвае, а не раз'ядноўвае супольнасці. Аб'ядноўвае — агульны траўматычны досвед, «ідэалагічная» блізкасць, гатоўнасць да ўзаемнай падтрымкі.
Акцэнт на падабенствах прыводзіць да адмаўлення прынцыповых рознагалоссяў або дэмаркацыйных ліній унутры дыяспары.
У выпадку наяўнасці рознагалоссяў яны вызначаюцца як персанальныя, якія не выходзяць на міжгрупавы ўзровень. Сярод фактараў, якія могуць правакаваць канфлікты, называюць: а) проціпастаўленне ўцягнутых і не ўцягнутых у беларускую тэматыку і б) адрозненні паміж «палітычнымі бежанцамі» і «эканамічнымі мігрантамі».
Паказальна, што не было выяўлена супрацьпастаўлення «старой» і «новай» беларускіх дыяспар.
Больш за тое, істотная частка беларусаў замежжа схільная лічыць, што як такой «старой» беларускай дыяспары няма — таму што да 2020 года яе наогул не было.
Безумоўна, гэта перабольшанне, выкліканае параўнаннем дыяспаральнага жыцця беларусаў замежжа да і пасля 2020 года. Пры ўсёй павазе да «старой» беларускай дыяспары, створаныя пасля 2020 года структуры і супольнасці выглядаюць больш арганізаванымі і маштабнымі.
Спецыфіка беларускага погляду на «старую / новую» дыяспару заканамерна адбіваецца на вобразах гэтых груп. Уяўленні пра «старую» дыяспару супярэчлівыя і нават амбівалентныя. З аднаго боку, прызнаецца і паважаецца яе роля ў захаванні беларускай культуры і самабытнасці. З іншага — дэкларуецца незадаволенасць шэрагам характарыстык, што прыпісваюцца ёй — накшталт асіміляцыі ў мясцовых супольнасцях, захавання «савецкасці» або кансерватызму і інш. А вось «новая» дыяспара мае больш адназначнае ўспрыманне. Яе апісваюць пераважна як моладзевую, актыўную і крэатыўную, але пры гэтым «стомленую», «выгарэлую», якая прыходзіць да разумення, што «яны тут надоўга», але «не губляюць надзею».
Якой бы ні была розніца паміж рознымі хвалямі эміграцыі, на думку рэспандэнтаў, усё гэта не мае прынцыповага значэння. Адносіны паміж рознымі хвалямі міграцыі з Беларусі характарызуюцца як спакойныя і нават хутчэй цёплыя. Рэспандэнты падкрэсліваюць адсутнасць сапраўды сур'ёзных канфліктаў, адзначаючы, што наяўныя асаблівасці ўзаемадзеяння — гэта пытанні асабістай культуры, павагі маральных прынцыпаў і правоў іншых.
Кольвек значнымі крытэрамі адрозненняў з'яўляюцца толькі тэмпаральныя фактары. Так, тэрмін пражывання за мяжой аб'ектыўна звязаны са ступенню адаптацыі да новай краіны. Калі казаць пра паспяховасць адаптацыі ў новай краіне, то 83% апытаных лічаць, што яны адаптуюцца ў той ці іншай меры паспяхова. З цягам часу доля такіх адказаў будзе расці і далей.
Для параўнання: «новая» ўкраінская дыяспара адаптуецца значна горш. Даныя даследавання, праведзенага ў 2024-м («Міграційні настрої», 2024), кажуць, што амаль 2/3 украінцаў не ўдалося паспяхова адаптавацца да ўмоў жыцця ў новых краінах пражывання.
Пакуль гэты фактар не вельмі моцна ўплывае на рашэнне аб патэнцыйнай рэпатрыяцыі: як і два гады таму, пра сваю гатоўнасць вярнуцца ў Беларусь гавораць каля 40% апытаных. У той жа час, знізілася доля тых, хто яшчэ не прыняў рашэння. За кошт гэтага вырасла колькасць тых, хто цяпер не плануе свайго вяртання (з 25% да 44%).
Атрыманыя долі, безумоўна, не з'яўляюцца абсалютным паказчыкам гатоўнасці або негатоўнасці беларусаў замежжа вяртацца ў Беларусь. Яны адлюстроўваюць актуальныя меркаванні рэспандэнтаў, якія будуць, па-першае, мяняцца з часам, па-другое, такія настроі будуць залежаць як ад спецыфікі сітуацыі ў Беларусі, так і ад стаўлення да беларусаў у краінах іх пражывання.
Важным у прыняцці рашэння аб рэпатрыяцыі, натуральна, працягвае заставацца «фактар Лукашэнкі» — гэта значыць, змена кіруючага рэжыму ў Беларусі.
Поўны тэкст справаздачы будзе апублікаваны крыху пазней.