«У масавай міграцыі з Беларусі вінаватая толькі і выключна беларуская ўлада»

Пакуль прапаганда распавядае пра бедствы беларусаў за мяжой і пра тое, як іх там «ніхто не чакае», колькасць эмігрантаў з краіны ўжо перавысіла паўмільёна чалавек. Спачатку польскі Нацыянальны банк, а потым даследчы цэнтр BEROC нядаўна правялі апытанні сярод эмігрантаў пра тое, як яны жывуць. Па выніках даследаванняў можна зрабіць дзве асноўныя высновы.

_belarus_minsk_zniven_2022_ljudzi_zyccjo_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo.jpg

Па-першае, беларускія эмігранты не бядуюць. А па-другое, вярнуцца дадому ім перашкаджае толькі беларуская ўлада, піша Андрэй Бранішэўскі ў Plan B.

Не бядуюць

Напраўду, паўмільёна чалавек — гэта толькі тыя беларусы, якія з'ехалі ў Еўрасаюз. Пераважная большасць з іх, дарэчы, пасяліліся ў Польшчы і Літве. А ёсць дзясяткі тысяч беларусаў, якія жывуць у Грузіі і Украіне і невядомая колькасць у Расіі. Таму не дзіўна, што рынак працы ў Беларусі цяпер ліхаманіць.

А вось беларусы за мяжой збольшага цалкам працаўладкаваныя. Паводле апытання польскага Нацбанка, 79 адсоткаў беларусаў, якія жывуць у Польшчы, ацэньваюць свой узровень задаволенасці жыццём як высокі або вельмі высокі. Амаль палова беларускіх эмігрантаў у Польшчы зарабляла ад 1 да 2 тысяч долараў на месяц.

Паводле апытання BEROC, якое праводзілася не толькі ў Польшчы, але і ў Літве, працай і матэрыяльным становішчам задаволеныя 73 адсоткі беларусаў, якія эмігравалі.

І чым даўжэй беларус жыве ў эміграцыі, тым больш ён задаволены сваім жыццём. Сярод тых, хто з'ехаў менш за год таму, незадаволеныя складаюць больш за палову. Сярод тых, хто з'ехаў больш за два гады таму, незадаволеных менш за 23 адсоткі.

Цалкам захавалі сваю ранейшую кар'еру 44 адсоткі беларусаў. Восем адсоткаў працуюць у той жа сферы, але пайшлі на паніжэнне. Прыкладна 30 адсоткам давялося змяніць сферу дзейнасці.

Пры гэтым, як сведчаць даныя апытання Нацбанка Польшчы, 37 адсоткаў беларусаў выдаткоўваюць менш за палову сваіх даходаў на паўсядзённыя выдаткі. Траціна дапамагае сваякам, што засталіся ў Беларусі. Так што пераважная большасць беларусаў у эміграцыі не бядуе.

Глядзіце таксама

Але хочуць вярнуцца

Пры гэтым, з'ехаўшы за мяжу і нават добра там уладкаваўшыся, беларусы хацелі б вярнуцца дадому. Праўда, для гэтага ёсць цалкам пэўныя ўмовы. Паводле апытання польскага Нацбанка, толькі траціна беларусаў збіраюцца вярнуцца дадому цягам найбліжэйшага года. Астатнія плануюць застацца на год ці даўжэй.

Паводле апытання, якое правёў BEROC, вярнуцца ў Беларусь таксама хочуць крыху больш за траціну беларусаў. Але гэта калі не задаваць удакладняючых пытанняў.

Калі спытаць беларусаў, ці гатовыя яны вярнуцца ў краіну, калі ўлада ў краіне зменіцца, то колькасць ахвотных рэзка ўзрастае да 82 адсоткаў. Семдзесят адсоткаў гатовыя вярнуцца, калі ў краіне спыняцца палітычныя рэпрэсіі.

А вось паляпшэнне эканамічнага становішча ў краіне беларусаў не вельмі стымулюе. У гэтым выпадку вярнуцца гатовыя толькі 12 адсоткаў эмігрантаў.

Так што даследаванні пацвярджаюць тое, што мы і так ужо ведаем. У масавай міграцыі з Беларусі, што людзей у краіне не хапае, вінаватая толькі беларуская ўлада. А не нейкія знешнія прычыны або глыбока схаваныя макраэканамічныя падставы.