Еўрасаюз прыгразіў Грузіі скасаваннем безвізу за парушэнні правоў чалавека
Грузіі трэба будзе распачаць тэрміновыя крокі па абароне правоў чалавека, адмене абмежавальных законаў, барацьбе з карупцыяй і ўзмацненню кантролю міграцыі, каб пазбегнуць прыпынення бязвізавага рэжыму з ЕС. Гэта вынікае са справаздачы Еўракамісіі па выкананні ўмоў бязвізу.
«З улікам апошніх падзей у Грузіі працягваюцца разважанні аб магчымай актывацыі механізму прыпынення візавага рэжыму ў дачыненні да пэўных катэгорый асоб. Для таго каб працягнуць выкананне ўсіх кантрольных паказчыкаў лібералізацыі візавага рэжыму і пазбегнуць магчымай актывацыі механізму прыпынення, Грузіі неабходна распачаць дадатковыя тэрміновыя меры для выканання рэкамендацый Еўракамісіі», — цытуе справаздачу партал newsgeorgia.ge.
Так, адзначаецца, што за апошні год «Грузія не дасягнула прагрэсу ў далейшай гарманізацыі візавай палітыкі». «Наадварот, з падпісаннем пагаднення аб бязвізавым рэжыме з Кітаем у красавіку 2024 года разрыў з візавай палітыкай ЕС павялічыўся», — адзначаюць у ЕК.
Акрамя Кітая, у цяперашні час у Грузіі ўстаноўлены бязвізавы рэжым яшчэ з 25 краінамі, грамадзянам якім для ўезду ў ЕС патрабуюцца візы: Арменія, Азербайджан, Бахрэйн, Беларусь, Беліз, Батсвана, Дамініканская Рэспубліка, Эквадор, Іран, Іарданія, Казахстан, Кувейт, Кыргызстан, Ліван, Аман, Катар, Расія, Саудаўская Аравія, Паўднёвая Афрыка, Таджыкістан, Тайланд, Турцыя, Туркменістан і Узбекістан.
Улады Грузіі сцвярджаюць, што, паколькі краіна не мае сухапутнай мяжы з ЕС, адсутнасць гарманізацыі візавай палітыкі не ўяўляе пагрозы для саюза ў плане нерэгулярнай міграцыі або бяспекі. Камісія, у сваю чаргу, падкрэслівае, што гарманізацыя «з'яўляецца ключавой мэтай для ўсіх краін-суседзяў ЕС і для тых, хто імкнецца да сяброўства ў ЕС».
Паводле справаздачы, у 2023 годзе колькасць заяў аб прадастаўленні прытулку ў краінах ЕС ад грамадзян Грузіі скарацілася на 8%, да 24,4 тысяч. Таксама было зафіксавана дзесяць выпадкаў незаконнага перасячэння межаў краін-членаў ЕС грамадзянамі Грузіі. Колькасць грамадзян Грузіі, якія незаконна знаходзяцца ў дзяржавах Еўрасаюза, павялічылася на 12%, да 24,6 тысяч.
Еўракамісія станоўча ацэньвае стратэгію ўладаў па рэадмісіі і супрацоўніцтва з органамі ЕС з пункту гледжання паляпшэння сістэмы кіравання міграцыяй і бяспекі мяжы.
Адначасова ЕК турбуе становішча з правамі чалавека ў Грузіі. У справаздачы адзначаецца, што нядаўна прынятыя законы аб замежных агентах і забароне «ЛГБТ-прапаганды» «падрываюць агульную прававую аснову для абароны асноўных правоў».
«Абедзве ініцыятывы парушаюць правы чалавека і асноўныя свабоды, у прыватнасці правы на свабоду аб'яднанняў, выказвання меркавання і недатыкальнасць прыватнага жыцця», — сказана ў дакуменце.
Адзначым, што фармулёўка аб скасаванні безвізу «для пэўных катэгорый асоб» дае магчымасць для розных інтэрпрэтацый, у тым ліку аб тым, што агульнай адмены безвізавага рэжыму ў Брусэлі пакуль не плануюць. Але важным выглядае тое, што ў ЕС задумваюцца аб аднаўленні бар’ераў праз цяперашнія падзеі ў краіне.
Нагадаем, безвізавы рэжым паміж Грузіяй і ЕС быў устаноўлены 28 сакавіка 2017 года. Ён дае права наведваць краіны-члены Еўрапейскага саюза (акрамя Ірландыі), а таксама не членаў ЕС, але членаў Шэнгенскай зоны (Швейцарыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Ісландыя) без атрымання візы ў турыстычных, дзелавых, культурных мэтах. Але для права працы і вучобы па-ранейшаму неабходна атрыманне візы. Грамадзяне Грузіі могуць ездзіць у краіны ЕС па біяметрычных пашпартах без віз не больш чым на 90 дзён на працягу паўгода.