Наколькі вялікія шанцы на перамогу цяперашніх пратэстаў у Грузіі?

Ці перамогуць цяперашнія пратэсты ў Грузіі? Адказ на гэтае пытанне залежыць ад шматлікіх фактараў. І справа не толькі ў жаданні шараговых удзельнікаў пратэсту выходзіць на акцыі. Сярод вайскоўцаў у Грузіі практычна немагчыма знайсці прыхільнікаў РФ, «эрозія» дзяржаўнага апарату таксама павольна, але ідзе.

Нягледзячы на супраціў паліцыі, мітынгоўцам удаецца пабудаваць барыкады. Тбілісі, 3 снежня 2024 года. Фота: Abaca/East News

Нягледзячы на супраціў паліцыі, мітынгоўцам удаецца пабудаваць барыкады. Тбілісі, 3 снежня 2024 года. Фота: Abaca/East News

Сярод гэтых фактараў: працяг дэманстрацыі падтрымкі пратэсту афіцыйнымі асобамі, гатоўнасць Захаду прызнаць цяперашні ўрад Грузіі нелегітымным, лаяльнасць паліцыі і арміі.

Пра гэта “Еўрапейская праўда” паразмаўляла з грузінскім палітолагам і экспертам Грузінскага цэнтра стратэгічнага аналізу Гелай Васадзэ.

Прычына разрыву з ЕС

На першы погляд, рашэнне «Грузінскай мары» замарозіць перамовы з ЕС выглядае нелагічным.

Пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў не прывялі да поспеху, бо апазіцыя не змагла акрэсліць выразную палітычную мэту, і ў выніку назапашаны пратэстны патэнцыял так і не быў рэалізаваны.

Навошта ў такой сітуацыі ісці на абвастрэнне? Гэтаму ёсць два магчымыя тлумачэнні.

Ёсць версія, што ўлады проста пакрыўдзіліся на нядаўняе рашэнне Еўрапарламента (які прадугледжваў перавыбары і ўвядзенне санкцый супраць ключавых фігур кіруючай партыі.  — Рэд.).

А калі гэта сапраўды так, то, калі перафразаваць вядомае выслоўе: гэта не злачынства — гэта горш за злачынства, гэта памылка.

Другая версія: улады адмыслова пайшлі на гэты крок, каб справакаваць гвалт і здушыць грамадзянскую супольнасць, палітычныя партыі і грамадзянскія свабоды.

У той жа час такі пратэст чакаўся з вялікай доляй верагоднасці. І размах пратэстаў таксама быў чаканы.

Бо відавочна, што калі цябе пазбаўляюць будучыні, ты пачынаеш супраціўляцца.

А тое, што ў насельніцтва існаваў пратэстны патэнцыял, было ўсім добра вядома.

Аднак не варта параўноўваць цяперашнія падзеі ў Грузіі з украінскім Майданам, бо, калі параўноўваць храналагічна, то да «ёлкі» мы яшчэ не дайшлі.

І гэта не кажучы пра іншыя адрозненні.

Стратэгія паліцыі і пратэстоўцаў

Пратэстоўцы паступова адаптуюцца да супрацьстаяння з паліцыяй, што дае ім менш магчымасцяў для некарэктных дзеянняў.

У той жа час паліцыя таксама спрабуе адаптавацца да новай сітуацыі. Напрыклад, ўвечары 3 снежня паліцыянты вырашылі ўвогуле не даваць пратэстоўцам магчымасці сабрацца.

То-бок людзі звычайна прыходзяць на акцыі пратэсту ў дзевяць-дзесяць гадзінаў вечара. Да гэтага часу ўжо збіраецца асноўная маса. І таму паліцыя вырашыла пачаць разгон раней.

Актыўная частка моладзі ў адказ распаўсюдзіла сваю актыўнасць і правакаванне паліцыі на наваколле. У выніку супрацьстаянне адбылося не толькі на праспекце Руставелі, але і ў іншых месцах.

Варта патлумачыць, што праспект Руставелі — гэта раён, дзе з 1988 года ў Тбілісі праходзяць акцыі пратэсту. Таму відавочна, што гэтае месца вельмі добра вядома паліцыі.

Але прылеглыя тэрыторыі, што з імі рабіць? А для спецназаўцаў гэта аказалася непрыемным сюрпрызам.

То-бок паліцыя прымяніла ноу-хау. І актыўная частка пратэстоўцаў у адказ таксама прымяніла ноу-хау.

«Эрозія» дзяржаўнага апарату

Пакуль сітуацыя застаецца нявызначанай. Дзяржаўны апарат у цэлым па-ранейшаму падтрымлівае ўладу.

Нельга сказаць, што ён пасыпаўся, але эрозія ўжо адбываецца.

Звальненні чыноўнікаў ідуць хвалямі і залежаць ад розных фактараў. Напрыклад, чалавек убачыў відэа збіцця пратэстоўцаў і прыняў канчатковае рашэнне не ўдзельнічаць у гэтым.

Аднак адказ на пытанне, ці стане гэтая з’ява масавай, мы даведаемся толькі тады, калі паўстане альтэрнатыўны цэнтр прыцягнення дзяржаўнага апарату.

Больш складаная сітуацыя з сілавымі структурамі.

Справа ў тым, што тыя паліцыянты і спецназаўцы, хто цяпер знаходзіцца на праспекце Руставелі, у большасці сваёй — новаспечаныя «цітушкі», якія проста прайшлі паскораны курс падрыхтоўкі на вайсковай базе Вазіяні.

То-бок у разгонах удзельнічае не старая паліцыя, не тыя супрацоўнікі паліцыі, якія даўно працуюць у праваахоўных органах.

І як кажуць злыя языкі — чаго я не магу ні пацьвердзіць, ні абвергнуць, — новых «паліцыянтаў» у Вазіяні рыхтуюць расійскія інструктары.

Што тычыцца праваахоўных органаў, то пакуль зафіксаваны толькі адзіны выпадак звальнення на знак пратэсту.

Але нашмат цікавей тое, што цэнтральныя аддзяленні паліцыі адмаўляліся прымаць затрыманых падчас акцый пратэсту.

Удакладняю, што гэта пакуль неправераная інфармацыя, але ёсць сігналы, што паліцыя адмаўлялася прымаць затрыманых з-за таго, што іх збівалі. Урэшце іх прыйшлося адвезці ў іншыя ізалятары, а некаторых і ў шпіталь.

Падобная сітуацыя і з войскам, якое вельмі незадаволенае ўладамі.

Прычына вельмі простая: сярод вайскоўцаў практычна немагчыма знайсці прыхільнікаў РФ.

Якога-небудзь генерала, вядома, можна выцягнуць з нафталіну, але што рабіць з сярэднім афіцэрскім складам?

Зразумела, што войска застаецца лаяльным да ўлады, бо гэта сілавая структура. Але калі ўлада будзе расстрэльваць простых грамадзян, гэтая лаяльнасць можа знікнуць.

Фактар Саламэ Зурабішвілі

Каталізатарам пратэстаў могуць стаць прэзідэнцкія выбары, прызначаныя на 14 снежня.

Відавочна, што ўлады хочуць як мага хутчэй зняць Саламэ Зурабішвілі з пасады прэзідэнта і пасадзіць свайго пратэжэ.

Тым больш, што тэрмін паўнамоцтваў Зурабішвілі сапраўды заканчваецца.

Але калі апошнія парламенцкія выбары былі несправядлівымі і несвабоднымі, то і парламент не легітымны.

А калі парламент не легітымны, то як ён можа абраць легітымнага прэзідэнта?

Таму Саламэ Зурабішвілі прапануе такую схему: вяртанне старога парламента і старога ўрада, а таксама прызначэнне новых выбараў.

Адпаведны запыт яна ўжо накіравала ў Канстытуцыйны суд. Магчыма, Канстытуцыйны суд будзе зацягваць сваё рашэнне, бо ўлады спадзяюцца, што пратэсты хоць крыху сціхнуць (3 снежня Канстытуцыйны суд Грузіі адмовіўся разглядаць гэты пазоў. — Рэд.).

І як толькі Канстытуцыйны суд прыме сваё рашэнне, а яно будзе заключацца ў незадавальненні пазову Зурабішвілі, яна можа абвясціць, што ўрад выйшаў з канстытуцыйнага поля, і пачаць фарміраванне новага цэнтру ўлады, якому падпарадкоўваецца дзяржаўны апарат.

І гэта важна, бо тады чыноўнікам будзе куды падзецца.

Аднак у гэтым выпадку ўлады Грузіі могуць паспрабаваць вырашыць гэтую праблему сілавым шляхам. На жаль, у Грузіі магчымы не толькі рэвалюцыйны, але і контррэвалюцыйны сцэнар.

Гібрыдна-сілавы ўплыў РФ

Сляды расійскага ўплыву заўсёды прысутнічаюць. Пытанне толькі ў тым, як Расія ўдзельнічае ў цяперашніх падзеях.

Натуральна, яна не ўдзельнічае ў адкрытую, не махае сцягамі.

У нас шмат людзей, якія лічаць, што Крэмль тэлефануе наўпрост Іванішвілі (Бідзіна Іванішвілі — заснавальнік і ганаровы кіраўнік «Грузінскай мары». — Рэд.) і кажа, што трэба рабіць.

На маю думку, Расія выкарыстоўвае больш тонкія метады дзеяння.

Іншая справа, што так, інтарэсы Іванішвілі і інтарэсы Крамля цяпер супадаюць. Яны пачалі супадаць з лютага 2022 года. І чым далей, тым больш яны супадаюць.

Таксама многія грузіны лічаць, што ў выпадку перамогі рэвалюцыі Расія пачне ваенныя дзеянні. Аднак гэта не пытанне веры, гэта пытанне ведаў.

Сёння Расія мае ў Цхінвальскім раёне каля 40 танкаў і 36 САУ.

  • Ці дастаткова гэтага, каб акупаваць Грузію? Не
  • Ці дастаткова гэтага, каб захапіць Тбілісі? Не
  • Ці дастаткова гэтага, каб рызыкаваць і ладзіць ваенную авантуру? Я таксама так не думаю.

Расія не гатовая да прамой ваеннай агрэсіі. Больш за тое, я не думаю, што ў Расіі ёсць дадатковыя вайсковыя сілы, якія яна можа кінуць на Грузію.

Іншая справа, што правакацыі, вядома, будуць. Калі, не дай бог, на вуліцах Тбілісі пральецца кроў, то гэта абавязкова будзе з ініцыятывы Расіі.

Таму што грузінскія ўлады выдатна разумеюць, што будзе, калі пральецца кроў.

Што залежыць ад Захаду?

Прынцыпова важная пазіцыя заходніх краінаў.

Таму што калі Захад прызнае гэтыя выбары і скажа «Грузінскай мары» — ну, хлопцы, вы такія дрэнныя, але мы вас прымаем такімі, якія вы ёсць, — пратэсты не будуць мець шанцаў на далейшае развіццё.

У прыватнасці, ці будзе дзяржаўны апарат, бачачы такую пазіцыю Захаду, гатовы перайсці на бок альтэрнатыўнага палітычнага цэнтру? Вядома ж, не.