Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. У краіне — «палітычны хаос»
Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі Кім Ён Хён спрабаваў скончыць жыццё самагубствам у следчым ізалятары на ўсходзе Сеула, паведаміў кіраўнік установы Шын Ён Хэ на слуханнях у парламенце, піша «Бі бі сі».
Як распавёў чыноўнік, зараз стан экс-міністра не выклікае апасенняў. Паводле яго слоў, у сітуацыю аператыўна ўмяшаўся супрацоўнік СІЗА, і Кім Ён Хён "неадкладна адмовіўся ад спробы".
"Вынікі медыцынскага абследавання паказваюць, што стан здароўя зняволенага добры, без якіх-небудзь адхіленняў", – гаворыцца ў заяве паўднёвакарэйскага Мінюста, якое цытуе AFP.
Інцыдэнт адбыўся ўвечары ў аўторак незадоўга да таго, як суд у Сеуле афіцыйна арыштаваў былога міністра па абвінавачанні ў датычнасці да арганізацыі мецяжу.
Па дадзеных следства, Кім Ён Хен прапанаваў прэзідэнту Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёлю аб'явіць у краіне ваеннае становішча і загадаў размясціць вайскоўцаў у будынку Нацыянальнага сходу.
Юн Сок Ёль увёў ваеннае становішча позна вечарам 3 снежня. Парламент заблакаваў гэтае рашэнне, пасля чаго прэзідэнт быў вымушаны яго адмяніць.
Пасля гэтага кіраўнік Мінабароны падаў у адстаўку, пачалося расследаванне.
Сам прэзыдэнт таксама праходзіць па справе, яму забаронена пакідаць краіну. У сераду паліцыя прыйшла ў ягоны офіс з ператрусамі.
Кім Ён Хён, якога затрымалі ў мінулую нядзелю, у аўторак прынёс прабачэнні, заявіўшы праз адвакатаў: "Уся адказнасць за гэтую сітуацыю ляжыць выключна на мне".
Ён папрасіў прабачэння ў паўднёвакарэйскага народа і сказаў, што яго падначаленыя «прытрымліваліся загадаў і выконвалі ўскладзеныя на іх абавязкі».
Апроч офіса прэзідэнта паўднёвакарэйская паліцыя таксама правяла ператрусы ў офісах паліцыі Сеула і падраздзяленні, якое адказвае за ахову будынка парламента.
Паводле звестак Yonhap, прэзідэнт пры ператрусах не прысутнічаў, аднак яго імя было пазначана сярод падазраваных у ордэры на ператрус.
Як паведамляе карэспандэнт Бі-бі-сі ў Сеуле Джэйк Квон, служба бяспекі прэзідэнта не ведала аб ператрусе загадзя.
Цяпер яго дзеянні расследуюць паліцыя, пракуроры і супрацоўнікі антыкарупцыйных ведамстваў. Следчыя заяўлялі, што арыштуюць яго, калі з'явяцца дастатковыя доказы яго дачынення да спробы дзяржперавароту.
У краіне зараз — палітычны хаос, адзначаюць карэспандэнты Бі-бі-сі. У прыватнасці, незразумела, якімі паўнамоцтвамі валодае прэзідэнт — парламент спрабаваў аб'явіць яму імпічмент, але не змог гэтага зрабіць.
Новае галасаванне па імпічменце павінна адбыцца ў суботу раніцай.
Пратэстоўцы па-ранейшаму выходзяць на вуліцы, патрабуючы адстаўкі Юна.
У сераду Паўночная Карэя публічна пракаментавала няўдалую спробу паўднёвакарэйскага прэзідэнта ўвесці ваеннае становішча.
У нататцы на шостай старонцы афіцыйнай газеты "Нодон сінмун" гаворыцца, што "шалёны ўчынак" Юна быў "падобны дзяржаўнаму перавароту эпохі ваеннай дыктатуры некалькі дзесяцігоддзяў таму".