«Мы прачнуліся ў Расіі»: Тыдзень пратэстаў у Грузіі скончыўся ператрусамі і затрыманнямі
Учора, 4 снежня, ў Грузіі сілавікі правялі петатрусы ў офісах палітычных і грамадскіх ініцыятыў. МУС паведаміла, што за арганізацыю, кіраўніцтва і ўдзел у гвалтоўных дзеяннях, учыненых групай асоб учора былі затрыманыя сем чалавек. У выпадку прызнання вінаватымі ім пагражае да дзевяці гадоў пазбаўлення волі, піша ВВС.
Учора, 4 снежня, на сёмы дзень пратэстаў супраць рашэння грузінскіх уладаў замарозіць пачатак перамоваў аб уступленні Грузіі ў Еўрасаюз да канца 2028 года, у краіне пачалася хваля ператрусаў і затрыманняў. Паліцыянты прыйшлі ў офісы апазіцыі і дамы актывістаў.
Адной з першых мэтаў праваахоўнікаў стала кватэра адміністратара фэйсбук-групы «Даітове» («Пакінь у сябе») Іллі Глонці. Сёння гэта адна з самых шматлікіх і актыўных платформаў для абмеркаванняў і абмену інфармацыяй пра акцыі пратэсту ў Грузіі.
Неўзабаве сталі паступаць паведамленні пра ператрусы ў офісах апазіцыйных аб'яднанняў і затрыманні актывістаў. Самым гучным было затрыманне аднаго з лідараў апазіцыйнага альянсу «Кааліцыя за перамены» Нікі Гварамія.
На кадрах затрымання відаць, як пасля слоўнай сваркі і фізічнага супрацьстаяння некалькі паліцэйскіх цягнуць яго з да паліцэйскай машыны.
У МУС Грузіі агенцтву «Интерпрессньюс» паведамілі, што ён затрыманы «за адміністрацыйнае правапарушэнне».
З ужываннем сілы быў затрыманы яшчэ адзін прадстаўнік кааліцыі, актывіст Гела Хасая. Мяркуючы па кадрах, на яго нападаюць, а потым груба цягнуць некалькі паліцэйскіх. Чуваць, як ён крычыць ім, што можа ісці сам. Таксама былі затрыманыя некалькі маладых апазіцыйных актывістаў.
У прыватнасці, моладзевы рух «Дафіёні», які ўдзельнічае ў пратэстах, паведаміў пра затрыманне заснавальніка і лідара руху Звіяда Цэцхладзэ.
У МУС Грузіі пазней заявілі, што за арганізацыю, кіраўніцтва і ўдзел у гвалтоўных дзеяннях, учыненых групай асоб, 4 снежня былі затрыманыя сем чалавек. У выпадку прызнання вінаватымі ім пагражае да дзевяці гадоў пазбаўлення волі.
Акрамя таго, прайшлі ператрусы ў шасці чалавек і следчыя мерапрыемствы ў офісах некалькіх апазіцыйных партый. Увечары ў сераду, 4 снежня, затрыманні працягнуліся на плошчы Свабоды.
Як мяркуецца, затрымлівалі людзей, якія ішла на акцыю пратэсту, што адбывалася непадалёк — ля будынка парламента.
Каскі ў якасці доказу
У выніку ператрусаў у затрыманых і ў офісаў у якасці рэчавага доказу былі канфіскаваныя, сярод іншага, каскі, рэспіратары і «кактэйль Молатава». Прынамсі, так заяўляюць у МУС Грузіі.
У ведамстве не хаваюць, што рэйды ў офісах апазіцыі і актывістаў звязаныя з акцыямі пратэсту, якія ўспыхнулі ў Грузіі 28 лістапада.
МУС заяўляе, што дзеянні пратэстоўцаў у Тбілісі прынялі гвалтоўны характар, у выніку чаго пацярпела больш за 150 паліцэйскіх, а таксама інфраструктура.
«З дапамогай прамых трансляцый грамадскасць назірае за агрэсіўнымі і дэструктыўнымі дзеяннямі гвалтоўных груповак. [...] У выніку гвалтоўных дзеянняў пацярпелі больш за 150 супрацоўнікаў паліцыі, мноства грамадзян і прадстаўнікоў СМІ, нанесены ўрон маёмасці як фізічных, так і юрыдычных асоб, пашкоджана інфраструктура мэрыі Тбілісі», — заявіў кіраўнік дэпартамента крымінальнай паліцыі МУС Тэймураз Купатадзэ.
У заяве паліцыі не згадваюцца выпадкі жорсткіх затрыманняў дэманстрантаў і супрацоўнікаў СМІ сілавікамі падчас разгонаў акцый, якія адбываюцца кожны дзень і трапляюць на кадры прамых трансляцый. Пра гэта таксама кажуць пацярпелыя і праваабаронцы.
Народны абаронца Леван Ёселіяні напярэдадні заявіў, што ў большасці выпадкаў затрыманыя на акцыях распавядаюць на жорсткае абыходжанне паліцыі.
«У большасці з іх сур'ёзныя траўмы твару, вачэй і галавы, што практычна выключае верагоднасць таго, што паліцыя кожны раз прымяняла да іх неабходную, суразмерную сілу. Размяшчэнне, характар і ступень траўмаў ствараюць пэўнае ўражанне, што паліцыя прымяняе гвалтоўныя метады ў дачыненні да грамадзян з мэтай пакарання. Наўмысны, жорсткі гвалт з мэтай пакарання з'яўляецца актам катаванняў», — гаворыцца ў заяве.
Рэпрэсіі або прэвенцыя?
«#Грузінскія пратэсты павінны быць перайменаваныя ў #рэпрэсіі ў Грузіі», — напісала ў сацсетцы Х прэзідэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі, каментуючы ператрусы і затрыманні апазіцыянераў і актывістаў у Тбілісі.
«Мой настойлівы заклік да нашых партнёраў і тых, хто хоча не дапусціць паглыблення крызісу і нестабільнасці: надышоў час аказаць моцны ціск на кіруючую партыю, якая цягне краіну да прорвы! Не спазняйцеся!» — дадала прэзідэнтка.
«Іванішвілі абяцаў мір, а абвясціў вайну ўласнаму народу. Абяцаў Еўропу, а мы прачнуліся ў Расіі», — заявіла адна з лідараў апазіцыйнага аб'яднання «Адзінства — нацыянальны рух» Ціна Бокучава.
Ціна Бокучава назвала тое, што адбываецца, «татальнымі рэпрэсіямі» супраць палітычных партый, актывістаў і грамадзян, якіх затрымліваюць толькі праз наяўнасць ахоўных сродкаў. Паводле яе слоў, «расійскі АМАП» уварваўся ў офіс моладзевай арганізацыі партыі, не паказаў рашэнне суда, нягледзячы на патрабаванні, і правёў ператрус без сведак.
«З офіса забралі сцягі Грузіі і Еўрасаюза, фізраствор і медыкаменты, але мы не ведаем, што яны прывезлі — падазраем, што яны прывезлі рэчы, якія будуць выкарыстаныя для абвінавачвання нас у дзяржперавароце», — заявіла яна.
Прэм'ер-міністр Грузіі Іраклій Кабахідзэ, каментуючы ператрусы і затрыманні, заявіў, што гэта «не рэпрэсіі, а прэвенцыя».
Па словах прэм'ера, «нягледзячы на тое, што лідары радыкальнай апазіцыі і багатых НДА хаваюцца ў офісах», яны не змогуць пазбегнуць адказнасці за тое, што адбываецца на праспекце Руставелі.
Пратэсты ахапілі сталіцу і рэгіёны Грузіі пасля заявы Кабахідзэ 28 лістапада аб тым, што ўлады не будуць ставіць пытанне аб пачатку перамоваў аб уступленні ў ЕС да канца 2028 года.
Грузія атрымала статус краіны-кандыдата ў снежні мінулага года, але пасля прыняцця закона «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» працэс уступлення ў ЕС быў фактычна спынены.