Беларусу, якога затрымалі ў Грузіі, пасля вызвалення з СІЗА не выдалі на рукі дакументы
На 3 снежня Яўгену Муравіцкаму прызначаны візіт у міграцыйную службу.
![Яўген Маравіцкі. Фота: Медыязона Яўген Маравіцкі. Фота: Медыязона](/img/v1/images/82ae1009_ca58_4d31_989f_9d3985e2fbfa.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1733126997&w=528)
Яўген Маравіцкі. Фота: Медыязона
Беларуса Яўгена Муравіцкага, якога затрымалі падчас пратэстаў у Тбілісі, вызвалілі з СІЗА. Пра гэта ён распавёў "Медыязоне".
Па словах Муравіцкага, яго адпусцілі 2 снежня каля 7 раніцы. На яго склалі пратакол па артыкуле аб "абразе спецназаўца", але пасля вызвалення з СІЗА не выдалі на рукі дакументы. На 3 снежня яму прызначаны візіт у міграцыйную службу.
Затрыманне беларуса падчас пратэстаў у Грузіі
Інфармацыю грузінскага праўрадавага тэлеканала "Імедзі" аб затрыманні на акцыі пратэсту ў Тбілісі грамадзяніна Беларусі Яўгена Муравіцкага пацвердзіў "Позірку" праваабаронца Раман Кісляк 1 снежня.
Да суда Муравіцкі, якому ў чэрвені споўнілася 25 гадоў, знаходзіцца ў СІЗА горада Сігнахі (вядомы турыстычны цэнтр) за 109 км ад сталіцы.
"Як бы таму, што месцы зняволення ў Тбілісі перапоўнены", — сказаў Кісляк, які пражывае ў Грузіі і дамагаецца права на прытулак.
Даставіць у суд, паводле яго слоў, затрыманага абавязаны на працягу 48 гадзін з моманту затрымання.
Кантэкст. Пратэсты ў Грузіі
Грузінская апазіцыя аспрэчвае афіцыйныя вынікі кастрычніцкіх парламенцкіх выбараў, паводле якіх больш за палову месцаў ізноў атрымала кіруючая партыя “Грузінская мара” прарасійскага мільярдэра Бідзіны Іванішвілі.
Пратэсты ўспыхнулі ў краіне з новай сілай 28 лістапада пасля заявы прэм'ер-міністра (апазіцыя называе яго "так званым") Іраклія Кабахідзэ аб замарожванні да 2028 года перамоваў аб уступленні Грузіі ў Еўрасаюз і адмове ад любых бюджэтных грантаў з боку ЕС.
Глядзіце таксама
![«У мяне проста не будзе будучыні». Рэпартаж з ахопленага пратэстамі Тбілісі «У мяне проста не будзе будучыні». Рэпартаж з ахопленага пратэстамі Тбілісі](/img/v1/images/bb8f78a0_af6e_11ef_93a6_9fd2d3586a96.jpg.webp?f=c&h=360&o=0&u=1733043674&w=660)
28 і 29 лістапада ў Тбілісі ў выніку сутыкненняў, паводле звестак МУС, было затрымана 150 чалавек (43 і 107 адпаведна). Муравіцкага затрымалі ў другі дзень нараўне з 8 грамадзянамі Расіі і адным амерыканцам.
Мясцовыя праваабаронцы, апазіцыйныя журналісты і палітыкі ацанілі дзеянні паліцыі як неадэкватныя, асабліва 29 лістапада: на відэакадрах бачна, як сілавікі збіваюць людзей, якія ляжаць; акрамя таго, пацярпелі прадстаўнікі СМІ.
30 лістапада на вуліцах Тбілісі і іншых гарадоў прайшлі самыя масавыя акцыі непадпарадкавання, якія падтрымлівае прэзідэнт Саламе Зурабішвілі, якая мае па Канстытуцыі абмежаваныя паўнамоцтвы.
Сілавікам, якія падпарадкоўваюцца ўраду, упершыню не ўдалося разагнаць пратэстоўцаў, і акцыя без перапынку працягнулася 1 снежня. Затрыманых у трэці дзень было менш — 50.