Хронікі рэпрэсій, 2 снежня. Жыхара Краснаполля асудзілі на год калоніі за крытыку Лукашэнкі пры сілавіках
За «здраду дзяржаве» будуць судзіць супрацоўніка новастворанага Дэпартамента крымінальнай выведкі. Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння.
![hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp](/img/v1/images/hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ «Вясна».
Украінца Вячаслава Бародзія і Мікалая Ласоўскага асудзілі да 10 гадоў калоніі, Валянціну Полаз — да 9 гадоў калоніі
У Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд грамадзяніну Украіны Вячаславу Бародзію, а таксама беларусам Мікалаю Ласоўскаму і Валянціне Полаз. Суддзя Яўген Шаршнёў прызнаў усіх фігурантаў справы вінаватымі і прызначыў Бародзію і Ласоўскаму па 10 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, па Полаз — 9 гадоў калоніі, паведаміла БелТА. Таксама кожнаму фігуранту прызначылі штраф памерам 550 базавых велічыняў.
Падрабязнасці пераследу ўкраінскага егера сталі вядома з прапагандысцкага фільма год таму, у якім Вячаслава на следчых дзеяннях вадзілі на ланцугу. Агулам трох чалавек абвінавацілі адразу паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку «здрада дзяржаве» і «агентурная дзейнасць».
Суд ў закрытым рэжыме праходзіў з 15 кастрычніка. Усе фігуранты справы знаходзяцца пад вартай.
Вядомага трэнера па ўсходніх адзінаборствах сёння пачынаюць судзіць за жаданне ваяваць за Украіну
Міхаілу Галінскаму 59 гадоў. Ён адзін з самых вядомых трэнераў па кітайскіх адзінаборствах. Ягоныя выхаванцы выйгравалі міжнародныя спаборніцтвы па ўшу, а ягоная школа вядомая ў Беларусі і за яе межамі па выніках спаборніцтваў, піша «Наша Ніва».
Міхаіла затрымалі ў чэрвені. Спачатку яго судзілі па адміністратыўнай справе — за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі». Суд па «крыміналцы» над Міхаілам пачаўся 2 снежня. Яго абвінавачваюць у «спробе ўдзелу ў вайне» (ч. 1 арт. 361-3 КК).
Судзіць Галінскага прызначана Вера Галаўкова.
Віцебскага актывіста Аляксея Саламаненку пачынаюць судзіць за данаты
2 снежня ў Віцебскім абласным судзе пачнецца разгляд справы ў дачыненні да Аляксея Саламаненкі. Яму інкрымінаваны арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Справу прызначана разглядаць Галіна Бондал.
У 2020-ым годзе Аляксея некалькі разоў судзілі паводле адміністрацыйных спраў — адзін з судоў быў за ўдзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага.
У Мінску судзяць жанчыну затрыманую за тэлеграм-чат «Здравый смысл на Алибегова»
У Мінскім гарадскім судзе адбываецца працэс над Марынай Мышко. Яе абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку).
Справу разглядае Міхаіл Макарэвіч.
Меркавана, Марыну затрымалі ў лютым 2024 года падчас рэйда за тэлеграм-чат «Здравый смысл на Алибегова», калі прызналі яго «экстрэмісцкім фармаваннем». Агулам у рашэнні КДБ прапісана 19 удзельнікаў і ўдзельніц чата, сярод ярод якіх — Марына Мышко.
У Магілёве распачаўся чарговы завочны суд, але ў закрытым рэжыме
У Магілёўскім абласным судзе 2 снежня распачаўся суд над 42-гадовым Уладзімірам Раманенкам. Яму інкрымінаваныя ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).
Справу разглядае Ігар Зямцоў. Працэс праходзіць у закрытым рэжыме.
Крымінальную справу ў парадку спецвытворчасці супраць мужчыны ўзбудзілі ў чэрвені гэтага года.
Сілавікі прыйшлі з ператрусам да 85-гадовай бабулі былога журналіста «Белсата»
Пра чарговы ператрус у сваякоў Сяргей Скулавец паведаміў у Facebook. Сяргей зараз жыве ў ЗША. Летам 2023 года ён з’ехаў з Беларусі, асцерагаючыся пераследу за прафесійную дзейнасць. Сутнасць прэтэнзій і нагода ператрусу засталіся невядомымі. Але людзі, якія назваліся следчымі і супрацоўнікамі КДБ, цікавіліся менавіта асобай журналіста.
«Перагледзелі мабільнікі, задавалі нейкія пытанні, а потым самі на іх адказвалі і нешта запісвалі. Бацька ж сказаў, што ў гэтым доме няма аніякіх маіх рэчаў, але гэта іх зусім не цікавіла», — распавядае Сяргей.
Акрамя таго, паводле слоў журналіста, днямі яго родным пачалі званіць невядомыя асобы, якія прадстаўляліся супрацоўнікамі дэпартамента фінансавай бяспекі.
«Пытаюцца дзе я, маўляў, не могуць да мяне дазваніцца», — піша Скулавец. Ён адзначае, што не хавае свайго месцазнаходжання, вядзе сацыяльныя сеткі, дзе ёсць усе кантакты, паведамляе БАЖ.
За «здраду дзяржаве» будуць судзіць супрацоўніка новастворанага Дэпартамента крымінальнай выведкі
У Мінскім гарадскім судзе 19 снежня пачнуць разглядаць справу супраць 35-гадовага Аляксандра Кудрэвіча. Яго абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і ч. 2 арт. 356 КК (здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца). Справу будзе разглядаць Любоў Сімахіна.
Верагодна, ён працаваў у Дэпартаменце крымінальнай выведкі, які падаў супраць Аляксандра пазоў за прычыненне маёмаснай шкоды.
Аляксандра затрымалі, верагодна, у студзені. Паводле інфармацыі ў ягоных сацсетках, мужчына жанаты, у 2014 годзе скончыў БДУІР.
Жыхара Краснаполля асудзілі на год калоніі за выказванне пра Лукашэнку
Жыхара Краснаполля Аляксандра Кірэева асудзілі да аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за крытыку Лукашэнкі пры сілавіках. Такі прысуд вынес суд Краснапольскага раёна 2 кастрычніка. Справу разглядала суддзя Яўгенія Краўцова.
Падставай для крымінальнай справы стала тое, што Кірэеў у чэрвені ў прысутнасці супрацоўнікаў Краснапольскага РАУС і аддзела прымусовага выканання Краснапольскага раёна, выказаў негатыўную ацэнку Лукашэнкі. Паводле версіі абвінавачання, пры гэтым ён выкарыстаў ненарматыўную лексіку.
У Гродне судзяць індывідуальнага прадпрымальніка
Сёння ў Гродзенскім абласным судзе пачынаюць судзіць Андрэя Слізевіча — індывідуальнага прадпрымальніка. Паводле версіі абвінавачання, ён нібыта пакідаў негатыўныя каментары пра Расею пасля тэракту ў «Крокус Холе» і заклікаў бамбіць расейскія гарады.
Суддзя Віталь Кулеш разглядае справу ў дачыненні да мужчыны паводле трох артыкулаў: арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 1 і ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі) Крымінальнага кодэксу.
Андрэя затрымалі ў сакавіку. Праўладныя каналы публікавалі з ім «пакаяльнае» відэа.
Расіянку, якая ў 2021 годзе расхвальвала жыццё ў Беларусі, будуць судзіць у Гомелі за «распаўсюд экстрэмізму»
На 9 снежня ў судзе Гомельскага раёна запланаваны суд над жыхаркай пасёлка Яроміна Раісай Міхайлавай. Жанчыну абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Працэс будзе ўзначальваць суддзя Жанна Баль.
У 2021 годзе ў інтэрв’ю гомельскай раённай газеце жанчына расхвальвала лад жыцця ў Беларусі, піша «Гомельская Вясна».
«Мы з мужам не забываемся і пра нашых сяброў-расіян. Часта выходзім з імі на сувязь, расказваем пра тое, як выдатна жыць у Беларусі, колькі тут даецца магчымасцяў і сацыяльных гарантый».
Таксама яна радавалася таму, што Беларусь знаходзіцца ў саюзе з Расіяй, сцвярджала, што нібыта ў беларусаў і расійцаў агульная гісторыя і агульная будучыня. Прапагандысты ў тым артыкуле распавялі, што Раіса Міхайлава пераехала ў Беларусь паўтара дзясятка гадоў таму і ніводнага разу не пашкадавала пра свой крок.