Хронікі рэпрэсій за 3 снежня: У Беларусі ў зняволенні знаходзіцца мінімум 11 чалавек з інваліднасцю
Сёння — 3 снежня — Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю. У Беларусі на гэты момант не менш за 11 чалавек з інваліднасцю застаюцца за кратамі. Вынеслі прысуды па справе мінскага стартап-хаба «Імагуру»: Таццяну Марыніч і Анастасію Хамянкову судзілі завочна, а Яўген Пугач утрымліваецца пад вартай з ліпеня 2023 года. Пры дапамозе праваабаронцаў і незалежных СМІ мы сабралі галоўныя навіны палітычнага пераследу за сённяшні дзень.
3 снежня адзначаецца Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю. Ён быў абвешчаны ААН у 1992 годзе для павышэння дасведчанасці і вызначэння мер, каб палепшыць сітуацыі людзей з інваліднасцю і забяспечыць іх роўнымі магчымасцямі.
Людзі з інваліднасцю — асобная ўразлівая група ў месцах зняволення. Каб у поўнай меры камунікаваць з навакольным асяроддзем, ім патрэбныя дадатковыя ўмовы, бо ўтрыманне ў зняволенні ўспрымаецца для чалавека больш жорсткім. Для гэтых людзей такія ўмовы часцей з'яўляюцца катаваннямі, чым для іншых.
На 3 снежня 2024 году вядома, што ў зняволенні ў Беларусі знаходзіцца мінімум 11 чалавек з інваліднасцю.
У Оршы праўладнага блогера сёння судзілі за «пікетаванне» і «прапаганду нацызму»
35-гадовы Дзмітрый Беляшоў — дызайнер сайтаў, SEO-спецыяліст, а таксама блогер. Ён актыўна вядзе сваю TikTok-старонку і мае больш за 5000 падпісантаў. Як піша @vitebsk_info, 1 лістапада «Люстэрка» выкарыстоўвала яго відэа ў сваім тэксце пра яму ў Оршы.
Сёння справу Беляшова разглядалі ў судзе Оршы і Аршанскага раёну. Яму былі інкрымінаваныя ч. 1 арт. 19.10 КаАП (прапаганда, выраб ці дэманстраванне нацысцкай сімволікі) і ч. 1 арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне).
Дзмітрый на сваіх старонках выказваў сімпатыі рэжыму Лукашэнкі і высмейваў прыхільнікаў перамен. У роліках ён неаднаразова быў на розных прадзяржаўных імпрэзах. Пра сябе ён казаў: «Я — памагаты "крывавага рэжыму" Лукашэнкі! І ведаеце, ганаруся гэтым».
Буйны Telegram-канал «Быть или» прызнаны «экстрэмісцкім»
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёну 29 лістапада. На гэты Telegram-канал падпісаныя больш за 270 тысяч чалавек.
Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі суполка ва «Аднакласніках» «И снова добрый вечер», старонкі карыстальніка «Алексей Чемоданов» у Facebook, «Аднакласніках» і «УКантакце», а таксама Telegram-канал «OSINT Бджоли +».
Наогул жа па стане на 1 лістапада 2024 года ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унесена 6565 пазіцый. На дадзены момант судамі Беларусі вынесена 3406 рашэнняў аб прызнанні «экстрэміцскімі» матэрыялаў.
Супольнасць чыгуначнікаў: У Беларусі затрыманы японец, які нібыта здымаў аб'екты інфраструктуры БЧ
Паводле інфармацыі Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, раніцай 1 снежня на станцыі «Калінкавічы Заходнія» машыніст заўважыў чалавека, які здымае пуцеправод. Работнікі ваенізаванай аховы сумесна з супрацоўнікамі РАУС затрымалі мужчыну — грамадзяніна Японіі.
Далей затрыманы быў перададзены супрацоўнікам КДБ для далейшага разбору. На момант публікацыі імя і прозвішча дадзенага грамадзяніна, як і далейшы яго лёс, высветліць не атрымалася.
Нагадаем, у красавіку ў Беларусі за «агентурную дзейнасць» затрымалі іншага грамадзяніна Японіі — выкладчыка Масатосі Наканісі.
Майстра ААТ «Гроднажылбуд» асудзілі на 4 гады калоніі за каментары пра сілавікоў і ўдзел у пратэстах
Гродзенскі абласны суд у будынку суда Кастрычніцкага раёна Гродна 22 лістапада разглядзеў крымінальную справу супраць палітвязня Дзмітрыя Голуба паводле трох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызначыў палітвязню чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
На абвяшчэнне прысуду ў судовую залу прывялі студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Пасля студэнтам правялі лекцыю «на тэму экстрэмізму».