Хронікі рэпрэсій за 4 снежня: 1289 палітычных зняволеных у Беларусі сёння паводле «Вясны»
Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння. Адразу некалькі справаў заведзена ў Беларусі за супрацоўніцтва з медыя.
Жыхара Брэсцкай вобласці будуць судзіць за данаты, платную падпіску на «Люстэрка» і «распальванне варожасці»
Генпракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 44-гадовага жыхара Брэсцкай вобласці. Паведамляецца, што яму інкрымінаваныя: «дапамога ў здзяйсненні наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне варожасці» (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК), «удзел у экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК), «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК), «дапамога ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне вайны» (ч. 2 арт. 361-3 КК), «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК)
Сцвярджаецца, што мужчына дасылаў інфармацыю ў чат-бот «Nexta», прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога», рабіў данаты BYSOL і палку Каліноўскага, а таксама зрабіў платную падпіску на «Люстэрка».
Мужчына знаходзіцца пад вартай.
У эфіры БТ паказалі фільм пра палітвязняў палякаў і былога вайскоўца, асуджанага за «здраду дзяржаве»
На дзяржтэлеканале «Беларусь 1» 3 снежня прапагандысты апублікавалі фільм «Контрвыведка КДБ Беларусі супраць спецслужбаў Польшчы. Агенты і здраднікі».
У сюжэце паказалі двух грамадзян Польшчы — Томаша Бярозу і Ежы Жывалеўскага, а таксама былога вайскоўца Дзмітрыя Пазнякова, якога, паводле інфармацыі «Вясны», катавалі ў папраўчай калоніі № 1 з ужываннем электрашокера, а таксама прымушалі падпісваць дакументы і пустыя аркушы.
Палітвязні былі пазбаўленыя волі на працяглыя тэрміны: Пазнякоў — за «здраду дзяржаве», Бяроза — за «шпіянаж», Жывалеўскі — за «агентурную дзейнасць».
На журналіста Алеся Ляўчука ў Беларусі завялі крымінальную справу за «абразу Лукашэнкі»
Сам Ляўчук цяпер жыве ў Польшчы і знаходзіцца ў бяспецы.
«Абразу Лукашэнкі» ўгледзелі ў адным з допісаў журналіста на Facebook, дзе ён, сярод іншага, ужыў такую фразу:
«Лукашэнка ніколі ні пры якіх умовах не аддасць уладу. Для гэтага яго трэба забіць (ён пра гэта сам сказаў)».
Вядома, што справу вядзе Жабінкоўскі раённы аддзел Следчага камітэту.
Маці палітзняволенай Юліі Лаптановіч будуць судзіць за інтэрв'ю
Таццяну Васільеву затрымалі ў Пружанах 27 жніўня. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за інтэрв'ю тэлеканалу "Белсат" у 2021 годзе. Яе ўтрымліваюць у брэсцкім СІЗА-7.
Суд над палітзняволенай распачнецца 16 снежня ў Брэсцкім абласным судзе. Справу будзе разглядаць суддзя Мікалай Сянько.
Вядома, што Таццяну затрымлівалі ў студзені 2024 года падчас рэйду КДБ за дапамогу палітвязням. У лютым Таццяну асудзілі паводле ч. 2 ст. 24.15 КоАП за "атрыманне замежнай бязвыплатнай дапамогі". Яе дачка — шматдзетная Юлія Лаптановіч — утрымліваецца за кратамі больш за 3 гады. Муж Юліі, якога таксама асудзілі па палітычнай справе, летась цалкам адбыў тэрмін пакарання і выйшаў на волю.
Сёння ў Беларусі налічваецца 1289 палітычных зняволеных
На мінулым тыдні выйшлі дзве заявы па прызнанні палітвязнямі новых людзей — да спісу дадалося яшчэ 28 чалавек.
15 чалавек з іх былі абвінавачаныя ўладамі паводле дыфамацыйных артыкулаў. Гэта людзі, якіх звычайна судзяць за каментары ў бок прадстаўнікоў улады ці Лукашэнкі. Яшчэ тры чалавекі былі абвінавачаныя ў «здрадзе дзяржавы».
Апроч таго, дзесяць чалавек былі заключаныя пад варту за ўдзел у мірных сходах у 2020 годзе.