Microsoft: У Беларусі дзеянні праваахоўнікаў па абароне аўтарскіх правоў сталі сістэмнымі
Суд Ленінскага раёна Мінска на 25 базавых велічынь аштрафаваў адну са сталічных праектных арганізацый за незаконнае выкарыстанне камп'ютарных праграм для праектавання Autodesk. Аб гэтым БелаПАН паведаміла Асацыяцыя кампаній інфармацыйных тэхналогій (АКІТ).
Фота: ferra.ru
У АКІТ, у прыватнасці, адзначаюць, што праектная арганізацыя не змагла падаць дакументаў, якія пацвярджаюць законнасць набыцця правоў на выкарыстанне ўказанага праграмнага забеспячэння.
"Мы занепакоеныя тым, што шэраг праектных арганізацый працягваюць выкарыстоўваць у сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці нелегальнае праграмнае забеспячэнне. Фактычна дэмпінгуюць пры
правядзенні тэндараў, што разглядаецца АКІТ як нядобрасумленная канкурэнцыя ў адносінах да тых арганізацый, якія легалізуюць сваё праграмнае забеспячэнне", — падкрэсліваюць у
асацыяцыі.
У АКІТ таксама адзначаюць, што ў выпадку паўторнага парушэння аўтарскіх правоў на працягу аднаго года з даты ўжывання мер адміністрацыйнай адказнасці, у дачыненні да правапарушальніка могуць быць
ужытыя меры крымінальнай адказнасці, прадугледжаныя арт. 201 КК Рэспублікі Беларусь.
Нагадаем, напярэдадні стала вядома пра штраф, накладзены судом Чыгуначнага раёна Віцебска, па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да аднаго з ААТ за незаконнае выкарыстанне
аб'ектаў аўтарскага права, якія належаць кампаніі Microsoft (праграмы Windows і Office).
Прадстаўнік кампаніі Microsoft выказаў меркаванне, што ў Беларусі дзеянні праваахоўнікаў па абароне аўтарскіх правоў сталі насіць сістэмны характар.
Аляксей Арэшка, БелаПАН