Прапановы па ўвекавечванню памяці Генадзя Грушавога

8 сакавіка ў Мінску падчас адзначэння саракавінаў з дня сыходу ў лепшы свет Генадзя Грушавога (24.07.1950, Мінск — 28.01.2014) грамадскасць падтрымала прапановы па ўвекавечванні яго памяці.



hrushavy_sarakaviny_2_logo.jpg

Падчас сустрэчы родных, сяброў і калег з Беларусі і Нямеччыны, якія сабраліся, каб ушанаваць памяць вялікага беларускага гуманіста, адзначалася, што сваімі навуковымі даследаваннямі заходнееўрапейскай філасофскай спадчыны, шматгадовымі дабрачыннымі высілкамі па выратаванні беларускіх дзетак, пацярпелых ад наступстваў Чарнобылю, дэпутацкай дзейнасцю ў Вярхоўным Савеце Беларусі XII склікання па закладванню падвалінаў вольнай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі, тымі каштоўнасцямі і прыярытэтамі, што спавядаў і якімі кіраваўся Генадзь Грушавы, сваім талентам у кожным чалавеку знайсці добрае і абапірацца на яго, усім сваім жыццём гэты высакародны грамадзянін мабыць найбольш выразна сярод іншых сваіх суайчыннікаў увасабляў еўрапейскі выбар, еўрапейскія памкненні і еўрапейскі твар Беларусі.

grushavi_logo.jpg

Ускладанне кветак і знічак да партрэту Генадзя Грушавога пад грушай, высаджанай ім разам з айцом Ігарам.

Вось чаму прысутныя воплескамі падтрымалі прапановы па ўвекавечванні памяці Генадзя Грушавога. Сярод гэтых прапаноў — надаць Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту ў Вільні (Літва) імя Генадзя Грушавога, стварыць яго мемарыяльны куток у ЕГУ, заснаваць у гэтай ВНУ стыпендыю, а ў Беларусі — прэмію ў галіне гуманістыкі імя Генадзя Грушавога.  

Удзельнікі сустрэчы ўсклалі кветкі і запалілі знічкі каля партрэта адышоўшага ў лепшы свет. Партрэт быў усталяваны пад грушай у “Садзе надзеі”, што ў 1996 годзе на тэрыторыі мінскага праваслаўнага прыходу Маці Божай “Усіх смуткуючых радасць” высадзіў Генадзь Грушавы разам са сваім сябрам, настаяцелям прыходу, протаіярэям айцом Ігарам (Карастылёвым).

Ён распавёў, што ідэя пладаноснага саду, які сімвалізуе неўміручасць жыцця на планеце, была прапанавана менавіта Генадзем Грушавым, які запісаны ў храме на вечнае памінанне. Гэты “Сад надзеі” за 18 год моцна вырас і зараз цудоўна пладаносіць нават у самыя неўрадлівыя для Беларусі гады, сказаў айцец Ігар.

grushavi_sarakav_ni_3_logo.jpg

Распавядае айцец Ігар.

Нагадаем, што продкі Генадзя Грушавога па бацьку — з старадаўняга шляхецкага роду гербу “Любіч”, вядомага на беларускім Палессі з XII стагоддзя. Напрыканцы XV — на пачатку XVI стагоддзяў яны з усходняй Берасцейшчыны прыйшлі ў Запарожскую Сеч. Дарэчы, у Нікалаеўскай вобласці Украіны да гэтага часу жывуць каля дзвюх сотняў Грушавых — былых запарожскіх казакоў.

grushavi_sarakav_ni_4_logo.jpg

 Першая справа — Ірына Грушавая.

Як адзначыла ўдава Генадзя Грушавога Ірына Грушавая, падзеі на кіеўскім Майдане вельмі ўзрушылі яе мужа, які адчуваў сябе закліканым Украінай. І за два дні да сыходу ў лепшы свет ён паспеў арганізаваць адпраўку медыкаментаў і пакетаў хуткай медычнай дапамогі для кіеўскага Майдану, сказала Ірына Грушавая.

Паводле яе слоў, сыход Генадзя быў шокам і вялікай стратай для яго шматлікіх сяброў у Беларусі і па-за яе межамі. Так, на старонцы памінання ў вядучай нямецкай газеце “Süddeutsche Zeitung” (Мюнхен) у кароткі тэрмін 800 чалавек памянулі Генадзя Грушавога, распавяла ягоная ўдава.  

grushavi_sarakav_ni_8_logo.jpg

 Здымак на памяць.  

Па прапанове спадарыні Гізелы з Мюнстэра (Нямеччына) на грушы, што прывезлі з Германіі і падаравалі Генадзю Грушавому муж і жонка Крамеры, удзельнікі сустрэчы навязалі рознакаляровыя стужкі, у тым ліку бел-чырвона-белыя і жоўта-блакітныя… 

grushavi_sarakav_ni_7_logo.jpg

 Спявае Кася Камоцкая.

Затым вядомая беларуская музыка Кася Камоцкая праспявала сваю знакамітую песню на словы Адама Глобуса “Божа, забяры маё жыццё…”.