Праваабаронцы: катаванні затрыманых у Беларусі ўзмацніліся і не спыняюцца
Пасля першапачатковага спаду міліцэйскага гвалту ў канцы жніўня, у верасні катаванні ў дачыненні да затрыманых узмацніліся і не спыняюцца на працягу наступных трох месяцаў.
Пра гэта гаворыцца ў другой прамежкавай справаздачы Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі. Дакумент ахоплівае перыяд з верасня па лістапад 2020 года, перадае БелаПАН
«Трагічнай кульмінацыяй гэтага гвалту стала смерць па віне супрацоўнікаў сілавых структур 31-гадовага мінчука Рамана Бандарэнкі 12 лістапада 2020 года. Ён быў настолькі моцна збіты пры затрыманні невядомымі асобамі і наступным знаходжанні ў РУУС, што памёр у рэанімацыі на наступны дзень ад атрыманых траўмаў» — падкрэсліваецца ў справаздачы.
Як адзначаюць праваабаронцы, характэрнымі тэндэнцыямі ў гэты перыяд стала «мэтанакіраванае ўтойванне супрацоўнікамі праваахоўных органаў сваёй ідэнтычнасці». «Падчас выканання службовых абавязкаў яны не выкарыстоўваюць форму з ідэнтыфікацыйнай інфармацыяй і знакамі адрознення, некаторыя апранутыя ў грамадзянскую вопратку, не прадстаўляюцца і не даюць свае дакументы. Асобы практычна заўсёды закрытыя маскамі. Часта выкарыстоўваюцца грамадзянскія машыны без рэгістрацыйных знакаў», — гаворыцца ў справаздачы.
«Затрыманні па-ранейшаму часта носяць характар выкраданняў-супрацоўнікі органаў унутраных спраў не дазваляюць затрыманым тэлефанаваць сваім сваякам, каб паведаміць пра сваё месцазнаходжанне — адзначаюць праваабаронцы. — Акрамя таго, яны не паведамляюць сваякоў аб затрыманні людзей, нягледзячы на адпаведныя просьбы, а часам падаюць непраўдзівую інфармацыю».
Яшчэ адна трывожная тэндэнцыя, гаворыцца ў справаздачы, — гэта «мэтанакіраванае і наўмыснае стварэнне негуманных умоў утрымання ў месцах несвабоды для пакарання затрыманых».
«Дзяржаўнымі органамі наўмысна не прадпрымаецца ніякіх мер для абароны затрыманых ад заражэння каронавіруснай інфекцыяй і для ізаляцыі і лячэння тых, у каго прысутнічаюць сімптомы захворвання, — падкрэсліваецца ў дакуменце. — У такіх умовах-масавых затрыманняў і адсутнасці прафілактычных мер-месцы пазбаўлення волі сталі месцамі масавага заражэння COVID-19».
Камітэтам у асобе беларускіх праваабарончых арганізацый у перыяд з верасня па лістапад накіравана 11 заяў аб узбуджэнні крымінальных спраў па фактах гвалту, катаванняў і прымянення зброі і выбуховых боепрыпасаў падчас мірных сходаў. Па стане на 1 снежня Камітэту невядома аб узбуджэнні хаця б адной крымінальнай справы.
Пры гэтым падраздзяленні Следчага камітэта актыўна ўзбуджаюць справы ў дачыненні да пацярпелых нібыта за ўдзел у масавых беспарадках і праводзяць папярэдняе расследаванне.
«Дзяржава не выконвае свае міжнародныя абавязацельствы па абароне сваіх грамадзян ад катаванняў і негуманнага абыходжання і правядзенні хуткага і бесстаронняга расследавання такіх выпадкаў», — падкрэсліваецца ў справаздачы.
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі, учыненых супраць удзельнікаў мірных акцый, быў створаны 20 жніўня беларускімі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі. Яго мэта-збор фактаў і доказаў аб прымяненні катаванняў у дачыненні да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту ў Беларусі, каб у далейшым вінаватыя былі прыцягнутыя да адказнасці.