Праз два гады следчыя вырашылі вярнуць тэхніку фігурантам «справы прафсаюзаў»

Усяго па справе прафсаюзаў павінны вярнуць каля 15 камп’ютараў, якія забралі падчас ператрусаў у жніўні 2017 года.

fiadynich_vivat.jpg


«Пасля таго, як у СМІ з’явіўся адкрыты ліст да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай, у якой перакладчык Леанід Шчукін патлумачыў сітуацыю з нашай тэхнікай, патэлефанавалі з гарадскога ўпраўлення Следчага камітэта і заявілі, што мы можам забіраць свае тэлефоны і камп’ютары», — распавёў сайту palitviazni.info прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч.

Нагадаем, што ў жніўні 2018 года суд Савецкага раёна прыгаварыў кіраўнікоў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіроўныя пасады тэрмінам на 5 гадоў.

Іх прызначылі вінаватымі на падставе ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («ухіленне ад выплаты падаткаў у значнай суме»).

А вось тэхніку, якую следчыя забралі падчас ператрусаў у жніўні 2017 года, вяртаць не спяшаліся.

«Тэхніка і зараз яшчэ знаходзіцца ў сталічным упраўленні Следчага камітэта, — кажа Генадзь Фядыніч. — Мы рабілі некалькі запытаў з гэтай нагоды, але нічога не дапамагала, хаця ўсе суды ўжо даўно прайшлі і пастановы вынесеныя. Амаль год прайшоў пасля суда».

Прафсаюзны лідар распавядае, што фігурантам «справы прафсаюзаў» патэлефанавалі 13 верасня і заявілі, што нарэшце можна забраць тэхніку.

«У 2011 годзе ў нас ужо канфіскоўвалі камп’ютары, і калі вярталі, мы іх на месцы не праверылі, — працягвае Генадзь Фядыніч. — А ўжо ў офісе высветлілася, што нам спалілі жорсткія дыскі, сапсавалі аптычныя дыскі, флэш-карты таксама былі ў непрацоўным стане. Таму зараз я папярэдзіў следчага, што мы на месцы будзем правяраць усю тэхніку. Праўда, ніякіх пярэчанняў не было, следчы сказаў: «Гэта вашае права».

Генадзь Фядыніч мяркуе, што вяртанне тэхнікі — гэта рэакцыя на адкрыты ліст прафесійнага перакладчыка і сябра прафсаюза РЭП Леаніда Шчукіна, які праходзіў сведкам па гэтай справе, да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай.

«У Шчукіна забралі ўсю аргтэхніку — тэлефон і тры камп’ютары яго і жонкі, — працягвае суразмоўца. — Але ў матэрыялах справы ёсць заключэнне экспертаў Следчага камітэта пра тое, што ў тэхніцы перакладчыка ніякіх матэрыялаў, якія прадстаўлялі інтарэс для праваахаўнікаў, не знайшлі. І з Вярхоўнага суда быў адказ, што ў межах «справы прафсаюзаў» забраная ў Шчукіна маёмасць рэчавымі доказамі не прызнавалася. Не ведаю, ці супадзенне гэта, але адразу пасля публікацыі адкрытага ліста тэхніку вырашылі вярнуць. Але, паўтаруся, у Следчы камітэт пойдзем са спецыялістам, якія праверыць усе камп’ютары на прадмет спраўнасці. Усяго нам павінны вярнуць каля 15 камп’ютараў».

palitviazni.info, spring96.org