Прэмію «Люблю Беларусь» уручылі пад «аховай» спецслужб

14 лютага ў памяшканні беларускага ПЭН-цэнтра адбылася цырымонія ўручэння штогадовай прэміі «Люблю Беларусь». Мерапрыемства праходзіла пад пільным наглядам супрацоўнікаў спецслужб, аўтобус з якімі дзяжурыў побач з будынкам. Прэмія была заснавана «Маладым Фронтам» у 2010 годзе і штогод не абыходзіцца без непрыемных інцыдэнтаў.

14 лютага ў памяшканні беларускага ПЭН-цэнтра адбылася цырымонія ўручэння штогадовай прэміі «Люблю Беларусь». Мерапрыемства праходзіла пад пільным наглядам супрацоўнікаў спецслужб, аўтобус з якімі дзяжурыў побач з будынкам. Прэмія была заснавана «Маладым Фронтам» у 2010 годзе і штогод не абыходзіцца без непрыемных інцыдэнтаў.

На гэты раз за некалькі гадзін да пачатку цырымоніі быў затрыманы арганізатар мерапрыемства Іван Шыла. Яго схапілі падчас выхаду з пад'езда дома, дзе месціцца офіс ПЭН-цэнтра, і зацягнулі ў машыну са спецназам. Па словах намесніцы старшыні «Маладога Фронту» Насты Палажанкі, у Івана Шылы «вісяць» 20 сутак за акцыю ля Горацкай калоніі і 2 сутак за летнія акцыі пратэсту. Тады яго выпусцілі з ізалятара па стане здароўя, але ён усё роўна мае адбыць гэтае пакаранне, таму бліжэйшыя тыдні Іван Шыла хутчэй за ўсё правядзе ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

Сёлета прэмія стала больш адкрытай — цяпер пераможцаў вызначае не «Малады Фронт», а спецыяльнае журы, што фармуецца з лаўрэатаў прэміі мінулых гадоў.

У намінацыі «Беларусізацыя» перамог Ігар Случак, які стаў вядомым дзякуючы кампаніі «Справаводства па-беларуску»: зараз у новым «Законе аб зваротах грамадзян» з'явіўся пункт, згодна з якім адказ на зварот павінен прыходзіць на мове звароту.

Лаўрэатам прэміі ў намінацыі «Pro-Belarus», што ўручаецца замежнікам, якія папулярызуюць Беларусь у свеце, стаў былы амбасадар Украіны ў Мінску Раман Бяссмертны — за смелыя выказванні ў бок беларускіх уладаў.

Узнагароду ў намінацыі «Спорт» уручылі пасмяротна — прэмія дасталася Ігару Жукоўскаму, былому старшыню Беларускай федэрацыі амерыканскага футбола, які трагічна загінуў 10 кастрычніка. Менавіта дзякуючы яму належала ініцыятыва назваць сталічны футбольны клуб «Ліцвінамі» і даць назоў Кубку ў гонар імя Вітаўта Вялікага.

Сярод журналістаў журы абрала лаўрэатам карэспандэнта «Народнай Волі» Марыну Коктыш — яна атрымала прэмію ў намінацыі «Журналістыка» за трапныя і смелыя пытанні на прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.
 
За летнія акцыі пратэсту прэмію атрымалі адразу два чалавекі ў двух намінацыях — лідар «Руху Будучыні» Вячаслаў Дзіянаў атрымаў узнагароду ў намінацыі «Палітыка» за «маўклівыя акцыі», а Арцём Шаркоў — за акцыі «Стоп-бензін» у намінацыі «Грамадская чыннасць».

У «Культуры» традыцыйна перамагла кампанія «Будзьма!», і асабіста Юлія Ляшкевіч — за анімацыйны кліп пра гісторыю Беларусі, які стаўся сапраўдным хітом інтэрнэта.

Адна з намінацый так і не знайшла аднаго лаўрэата — «Змагарамі года» сёлета абвясцілі ўсіх палітвязняў, што дагэтуль знаходзяцца за кратамі, а таксама тых, хто ўжо выйшаў на свабоду, у прыватнасці Андрэя Бандарэнку, Андрэя Пачобута, Мікіту Ліхавіда, Змітра Галко, Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча ды іншых.

Прэмія «Люблю Беларусь» была заснавана якраз тады, калі ўлады пачалі жорстка разганяць «Акцыі Любові», што традыцыйна ладзіліся «Маладым Фронтам» штогод 14 лютага. Такім чынам, прэмія стала своеасаблівай альтэрнатывай вулічным акцыям. Асноўная ідэя прэміі — сабраць разам тых людзей, чыю дзейнасць у розных сферах грамадскага жыцця можна ахарактарызаваць ёмкім выразам «Люблю Беларусь» і адзначыць лепшых адмысловымі ўзнагародамі.