Прызы “зялёным” журналістам

У офісе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў 19 лютага адбылося ўрачыстае ўручэнне прызоў пераможцам першага конкурсу ладжанай БАЖ кампаніі “За экалагічны дабрабыт.



0189caa552598b845b29b17a427692d1.jpeg

У офісе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў 19 лютага адбылося ўрачыстае ўручэнне прызоў пераможцам першага конкурсу ладжанай БАЖ кампаніі “За экалагічны дабрабыт.
Адзін з ініцыятараў кампаніі, сябра рады арганізацыі Андрусь Клікуноў нагадаў пра асноўныя праблемы, якія сталі нагодаю для правядзення гэтай акцыі: недахоп рознабаковай інфармацыі пра планаванне будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі, замоўчванне інфармацыі пра альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, а таксама  наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У звязку з гэтым  арганізатары кампаніі ставяць за мэту знаходжанне і распаўсюд усебаковай інфармацыі на тэму будаўніцтва АЭС і заахвочванне шырокай грамадскай дыскусіі па азначанай праблематыцы.
Як нагадаў Андрусь Клікуноў, у межах кампаніі БАЖ зладзіў шэраг мерапрыемстваў, як то “круглы стол “Беларуская АЭС: рызыкі і перавагі па пытаннях мэтазгоднасці будаўніцтва ў краіне атамнай электрастанцыі, з удзелам як праціўнікаў, гэтак і прыхыльнікаў узвядзення АЭС; майстар-клас Сяргея Сацука “Журналісцкае расследаванне, а таксама два прэс-туры – па раёнах Беларусі (Гомельская вобласць) і Украіны (Чарнігаўская вобласць), якія прылягаюць да зоны адсялення, ды па Астравеччыне (Гродзенская вобласць), дзе плануецца пабудаваць беларускую АЭС.
Па словах аднаго з арганізатараў “круглага стала, журналісткі “Новага часу Вольгі Хвоін, у будучыні пры арганізацыі падобных мерапрыемстваў варта запрашаць да ўдзелу ў іх больш прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады. “Калі мы накіруем запрашэнні, напрыклад, дзесяці чыноўнікам, то хоць адзін, магчыма, і прыйдзе. Па-першае, гэта створыць баланс поглядаў, а па-другое, гэта і нам дасць магчымасць не сыходзіць у “гета. Праз спробы далучыць да дыялогу чыноўнікаў мы самі вучымся размаўляць з імі і адначасова іх прывучаем да таго, што размаўляць з намі можна і патрэбна, - падкрэсліла Вольга Хвоін.  
Што да паездкі групы беларускіх журналістаў на Астравеччыну, то, па словах удзельніка вандроўкі рэдактара навінаў парталу TUT.BY Кастуся Лашкевіча, найважнейшым элементам гэтага прэс-туру была прысутнасць журналістаў на грамадскіх слуханнях па пытаннях будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне.

Ініцыятары кампаніі - Вольга Хвоін і Андрусь Клікуноў
http://baj.by/m-p-viewpub-tid-1-pid-8049.html


“Гэта была сапраўды гістарычная падзея, бо ўпершыню адбывалася такога кшталту мерапрыемства, і што вельмі прыемна, мы сталі сведкамі гэтай падзеі, мы бачылі знутры, як усё адбывалася абсалютна ў духу з’ездаў КПСС, у духу “народных сходаў, на якіх адзінадушна вітаецца лінія цяперашняга кіраўніцтва. Я думаю, што гэтае мерапрыемства яшчэ будуць узгадваць і праз пяць гадоў, і праз дзесяць. Хацелася б, канешне, каб гэтае ўзгадванне было не ў трагічным кантэксце, але ў станоўчым, як нейкі жарт, з пэўным сарказмам. Што да экскурсіі па Сарачанскіх вазёрах, то, мажліва, для канкрэтных публікацый плёну было не вельмі шмат, але гэта было вельмі важна для агульнага ўражання, каб зразумець, якім тэрыторыям пагражае небяспека, якім землям, што валодаюць велізарным турыстычным патэнцыялам, дзе захоўваецца некранутая прырода і якія могуць быць знішчаныя праз дваццаць – трыццаць год. І, бадай, самае важнае, што мы былі адныя з першых, хто быў на тым самым месцы, дзе пачынаецца будаўніцтва АЭС, - на хутары Родзішкі, дзе сёньня жыве толькі адна сям’я – дзед і бабуля, - адзначыў Кастусь Лашкевіч.     
Пасля таго, як гомельскі журналіст Алег Ражкоў распавёў пра вандроўку сябраў БАЖ па “чарнобыльскіх раёнах Гомельшчыны і Чарнігаўшчыны, адбылося ўганараванне пераможцаў конкурсу “За экалагічны дабрабыт.
У намінацыі “Найлепшая журналісцкая публікацыя першае месца заняў артыкул Кастуся Лашкевіча (TUT.BY) пад назвай “Как в Островце обсуждали АЭС: всеобщий “одобрямс.
Другое ганаровае месца ў гэтай намінацыі журы аддало артыкулу Святланы Станкевіч “Соседи будущей АЭС, надрукаванаму ў маладзечанскай “Рэгіянальнай газеце.


У намінацыі “Лепшае журналісцкае расследаванне перамагла праца Ларысы Насановіч “Краски Чернобыля (у аўтарскім арыгінале – “Светлые тона и тени Чернобыля), часопіс “Абажур, № 81 за 2009 год.
На конкурс былі пададзены фотапрацы двух аўтараў - Міхаіла Ларчанкі і Андрэя Рогача. Арганізатары конкурсу вырашылі адзначыць абодвух журналістаў “за ўдзел у конкурсе і дыхтоўныя працы, якія з’яўляюцца выдатнымі ілюстрацыямі да прэс-тураў.
Сябра журы конкурсу Аляксандр Коктыш высока ацаніў якасць матэрыялаў-пераможцаў. Ён заўважыў, што цікава пісаць на экалагічную тэматыку вельмі няпроста, тым не менш, удзельнікі конкурсу справіліся з задачай, пра што сведчыць і наведвальнасць гэтых матэрыялаў у Інтэрнеце – да прыкладу, артыкул Кастуся Лашкевіча на TUT.BY прачытала каля 50 тысяч чалавек, і гэта без уліку таго, што артыкул быў перадрукаваны ў іншых інтэрнет-рэсурсах, а таксама друкаваных выданнях.
Як заявілі арганізатары, кампанія будзе працягвацца і ў бягучым годзе. Хутчэй за ўсё, па прапанове Ларысы Насановіч сябры БАЖ паспрабуюць узняць праблему населеных пунктаў, размешчаных каля вялікіх вытворчых прадпрыемстваў.
Журналіст Максім Кавалёў звярнуў увагу на новы зацверджаны на пачату лютага пастановай Савета Міністраў спіс пацярпелых у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС населеных пунктаў, які за апошнія пяць год скараціўся на 214. Дарэчы, і сродкі, прадугледжаныя бюджэтам на пераадоленне наступстваў чарнобыльскае катастрофы ў 2010 годзе зменшыліся на 200 мільярдаў рублёў – з 635 да 435 мільярдаў. “Выглядае на тое, што ўлады хочуць забыцца на Чарнобыль і сэканоміць на здароўі людзей. Пасля прыняцця гэтай важнай урадавай пастановы не было праведзена нават афіцыйнай прэс-канферэнцыі. Верагодна, нам таксама варта было б  звярнуць увагу на гэты факт і накіраваць адмысловы запыт у Міністэрства па надзвычаных сітуацыях, - мяркуе Максім Кавалёў.