Прыцягненне вайскоўцаў, прыпыненне СМІ. Лукашэнка падпісаў законы аб «надзвычайным становішчы»

Некаторыя нормы распрацаваныя з улікам досведу рэагавання на падзеі ў 2020 годзе.

Ілюстрацыйны здымак «Свабоды»

Ілюстрацыйны здымак «Свабоды»

Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб змяненьні законаў у пытаннях абароны суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу».

У адпаведнасці з дакументам уносяцца папраўкі ў закон «Аб надзвычайным становішчы», паведамляе «Свабода» са спасылкай на прэс-службу Лукашэнкі.

Падставай для ўвядзення надзвычайнага становішча (акрамя стыхійных бедзтваў і катастроф) з'яўляецца наяўнасць беспарадкаў, што суправаджаюцца гвалтам з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх узнікае небяспека для жыцця і здароўя людзей, тэрытарыяльнай цэласнасці і існавання дзяржавы.

Як гаворыцца ў тлумачэнні, раней не было вызначана, што менавіта лічыцца беспарадкамі, і гэта спараджала неадназначнае разуменне падставаў для ўвядзення надзвычайнага становішча, асабліва калі беспарадкі не з'яўляюцца відавочна масавымі.

Таму ў дакуменце канкрэтызуецца, што да беспарадкаў адносяцца спробы гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, захопу або прысваення ўлады, збройны мяцеж, масавыя беспарадкі, міжнацыянальныя і міжканфесійныя канфлікты.

Новым законам таксама ўдакладняецца пералік магчымых захадаў і абмежаванняў пры ўвядзенні надзвычайнага становішча. Удакладняецца, што гэтая норма распрацавана з улікам досведу рэагавання на падзеі ў 2020 годзе.

Так, пералік дапаўняецца прыпыненнем выпуску і распаўсюду прадукцыі СМІ (у тым ліку замежных),

усталяваннем асаблівага парадку акрэдытацыі журналістаў, абмежаваньнем доступу да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданняў.

Удакладняюцца паўнамоцтвы каменданта тэрыторыі, на якой уведзена надзвычайнае становішча.

Пашыраецца кола сілавых органаў, якія прыцягваюцца да забеспячэння рэжыму надзвычайнага становішча, за кошт уключэння ў іх лік ваенізаваных арганізацый. Гэта дазволіць на «поўных законных падставах» задзейнічаць сілы і сродкі Міністэрства надзвычайных сітуацый, Следчага камітэту, Дзяржаўнага камітэту судовых экспертыз, Дэпартаменту фінансавых расследаванняў.

Задачы, якія выконваюць пералічаныя органы, дапоўненыя спыненнем беспарадкаў, забеспячэннем аховы грамадзкага парадку.

Акрамя таго, прыцягненне вайскоўцаў для вырашэння задач у складзе дзяржаўнай сістэмы рэагавання замацоўваецца ў законе «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь». Акрэсліваюцца задачы: барацьба з тэрарызмам, ахова грамадзкай бяспекі, спыненне масавых беспарадкаў, гарантаванне бяспекі важных асобаў і аб’ектаў.

У законы «Аб надзвычайным становішчы» і «Аб ваенным становішчы» імплементуюцца нормы прэзідэнцкага дэкрэту № 2 ад 9 мая «Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу».