Журналіст Дзмітрый Навоша: Без анэксіі Беларусь і так ператварылася, на жаль, у абсалютны сатэліт
У свежым выпуску «Тварам да падзеі» расійскай рэдакцыі «Радыё Свабода» абмяркоўвалася тэма «беларусізацыі» Расіі. Сярод іншага аўтар перадачы Міхаіл Сакалоў і яго госці гаварылі аб цане падтрымкі з Масквы для Мінска.
«Салідарнасць» прыводзіць некалькі цытат з выказванняў журналіста Дзмітрыя Навошы — ураджэнца Беларусі, які даўно пераехаў у Маскву.
— Тут пытанне ўзнікае вось якое: што атрымае Уладзімір Пуцін
за тое, што ён крэдытуе рэжым Лукашэнкі такімі гіганцкімі сумамі за кошт
расійскага бюджэту? Ці ён наогул не разлічвае што-небудзь атрымаць на самой
справе, гэта проста такі жэст салідарнасці?
Дзмітрый Навоша: Маё адчуванне палягае ў тым, што тых
велізарных да 10 мільярдаў у год па сутнасці прамых датацый з расійскага
бюджэту ў адрас Лукашэнкі, якія былі ў гады развітога лукашызму, таго самага
эканамічнага цуду ў эканоміцы ў нейкі момант, такіх аб'ёмаў Расія сабе больш
дазволіць не зможа.
У Расіі сітуацыя цяпер не ідэальная, папулярнасць «Адзінай Расіі», я думаю, і Уладзіміра Пуціна зусім не расце, хутчэй
за ўсё падае, грошы спатрэбяцца для развязання ўнутраных праблем.
На плячах Расіі цяпер і Крым, і Данбас, і Абхазія, вельмі
шмат набралася лішняга грузу, а Беларусь больш за ўсіх гэтых анклаваў, якія
падтрымліваюцца Расіяй, разам узятых.
Не ў інтарэсах Пуціна рабіць так, каб Лукашэнка станавіўся
зноў моцным, незалежным ад яго ў тым ліку. Вядома, будзе падтрымлівацца
максімальна залежнасць Лукашэнкі ад Пуціна для таго, каб ён далей выконваў усе
капрызы, патрэбы і гэтак далей.
Вы кажаце пра тое, што Лукашэнка атрымаў ад Пуціна заданне
граміць НКА, прэсу і гэтак далей. Не, ён атрымаў на пару тыдняў раней у
момант візіту ў Мінск Мікалая Платонавіча Патрушава. Патрушаў літаральна
даслоўна сказаў, што з НКА пара заканчваць — гэта знешнія агенты і гэтак далей.
Лукашэнка пачаў выконваць. Па сутнасці наўзамен гэтай
дапамогі невялікай, я буду на гэтым настойваць, таму што залежнасць Лукашэнкі ад
Пуціна патрэбная Пуціну і далей. Будзе патрабавацца знішчэнне грамадзянскай
супольнасці, незалежных меркаванняў, любога супраціву.
— Я не ўпэўнены, што для Пуціна так важна знішчыць нейкую
беларускую апазіцыю, хутчэй для яго важней атрымаць нейкія доказы таго, што
інтэграцыя, пра якую ён распавядае, а Лукашэнка паслухмяна ківае, толькі нічога
не робіць, яна сапраўды адбываецца. На гэтым полі можа нешта адбыцца?
Дзмітрый Навоша: Я асабіста абсалютна перакананы
па-ранейшаму, што прамой анэксіі Беларусі Расіяй не будзе. Гэта стала б вельмі
дарагім задавальненнем для Расіі. Тыя ж Штаты прынялі закон, там прама сказана
пра непрыманне ўздзеяння Расіі на лукашэнкаўскі рэжым, за гэта будуць караць
Расію ў тым ліку.
Пуціну гэта не вельмі трэба, у яго па сутнасці ёсць другая Чачня, якую ён цалкам кантралюе праз грошы і праз гвалт пасаджанага туды і ўтрыманага грашыма чалавека, толькі з правам голасу ў ААН. Без анэксіі і так Беларусь ператварылася, на жаль, у абсалютны сатэліт. Гэтыя адносіны сюзэрэна з васалам яго цалкам задавальняюць.