«Гэта не дапамога, а шантаж» Кіраўнік МЗС Літвы адказаў Лукашэнку

Заявы Аляксандра Лукашэнкі пра нібыта дапамогу Літве ў барацьбе з мігрантамі — гэта шантаж, сказаў кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс, піша delfi.lt.

gabrielius_landsbergis_87725095.jpg

«Гэта не дапамога, гэта шантаж. Ад тэрарыстычнага рэжыму на іншае і не разлічваем. Адказ просты: калі Мінск не спыніцца і працягне дастаўляць мігрантаў, Літва прапануе новыя санкцыі», — перадала словы міністра яго прэс-сакратар Вітаўтэ Шмайжытэ.

Нагадаем, напярэдадні Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю тэлеканалу Sky News Arabia, заявіў, што ў Літве дзейнічаюць злачынныя групоўкі, якія і займаюцца перапраўкай нелегальных мігрантаў. Беларусь гатовая аказаць дапамогу ў барацьбе з імі, але «не бясплатна».

«Чаму яны гэтага не бачаць? Як толькі яны ліквідуюць групоўкі, якія за грошы прывозяць у Літву нелегальных мігрантаў, нелегальная міграцыя ў Літву будзе ніжэй, чым летась. Адзінкі будуць. Таму хай пачынаюць працаваць. Калі ім патрэбна будзе дапамога, мы гэтую дапамогу ім акажам, але ўжо не бязвыплатна», — сказаў ён.