Тэракт у мінскім метро: пытанні, на якія дагэтуль няма адказаў

У 2011-м, 11 красавіка, на станцыі метро «Кастрычніцкая» выбухнула самаробнае выбуховае прыстасаванне. На момант выбуху на станцыі знаходзілася каля 300 чалавек, яшчэ некалькі соцень былі ў цягніку, што прыехаў у бок станцыі «Інстытут Культуры». Непасрэдна ад выбуху і пасля, у шпіталях, загінулі 15 чалавек, больш за 400 пацярпелі.

vzryv_metro_godovshchina_20191117_bur_tutby_phsl_7193.jpg


Вінаватымі ў выбуху — не толькі ў гэтым, былі прызнаныя 25-гадовыя хлопцы: Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Іх потым прысудзілі да расстрэлу і прывялі вырак у выкананне. Аднак у той час адбылася цікавая рэч: паводле тагачасных даных праваабаронцаў, колькасць прыхільнікаў смяротнага пакарання ў грамадстве знізілася. Па факце гэта азначае, што беларусы не паверылі ў афіцыйную версію вінаватасці Кавалёва і Канавалава. І сапраўды, тыя падзеі і судовы працэс над абвінавачанымі дагэтуль выклікаюць багата пытанняў.

Самае бяспечнае месца?

Кажуць, «снарад два разы ў адну варонку не трапляе», і таму пад абстрэлам самае бяспечнае месца — ў варонцы ад снараду. Праз дзве гадзіны пасля выбуху на станцыі «Кастрычніцкая» з’явіліся староннія людзі. А менавіта — Аляксандр Лукашэнка. Прычым не адзін, а з тады яшчэ 6-гадовым Колем. Яны не толькі агледзелі месца тэракту, але і, як пісала афіцыйная прэса, першымі ўсклалі туды кветкі.

01_42.jpg

Гэта адзін факт, які можна трактаваць, як заўгодна. Багата аналітыкаў задаліся пытаннем: дзе была Служба бяспекі кіраўніка дзяржавы? Чаму яны былі ўпэўненыя, што там няма другой бомбы, закладзенай недалеч? Вядома, за дзве гадзіны сапёры маглі «прашарсціць» усю станцыю метро на прадмет выбухоўкі (і сумежную з «Кастрычніцкай» «Купалаўскую» таксама). Але гэта — толькі праца сапёраў. На месцы павінны былі працаваць і іншыя людзі.
Уявіце сабе раскладку па часе: выбух з шматлікімі пацярпелымі. Станцыя закрываецца, паўгадзіны працуюць медыкі — забіраюць целы нябожчыкаў і параненых. Уявім, што гадзіну працуюць сапёры: усё ж нават пры «экспрэс-праверцы» больш-менш пільна абысці дзве станцыі хутка не атрымаецца. Да таго ж на месцы тэракту — кіпа безгаспадарных рэчаў, што пакінулі людзі, і кожная — патэнцыйная выбухоўка. Але ўсё ж дадзім сапёрам гадзіну.
Праз паўтары гадзіны на месца заступаюць эксперты і следчыя. Яны раскладваюцца, пачынаюць працаваць: збіраць рэчавыя доказы, шукаць сляды выбухоўкі, паражальныя элементы прыстасавання, разбіраюцца, што можна аднесці да доказаў, што не... І тут прыходзіць (з пункту гледжання спецыялістаў) немаведама хто, і — плясь кветкі на тое самае месца, якое павінна вывучацца пад мікраскопам…

metro_terakt_vagon_yasinskiy_3.jpg


Усё гэта дало падставы сцвярджаць, што ўлады загадзя ведалі — там бяспечна. Таму і пайшлі гуляць плёткі пра датычнасць уладаў да гэтага выбуху.
І гуляюць дагэтуль. Не так даўно былы «алмазавец» Ігар Макар заявіў: у яго ёсць доказы, што выбухоўка была закладзена не на паверхню перона (па афіцыйнай версіі, Канавалаў паставіў сумку з выбуховым прыстасаваннем пад лаву), а ўнутры платформы. Зразумела, «тэрарысты–самавучкі» не маглі гэтага зрабіць.

metro_terakt_vagon_yasinskiy_5.jpg

Нагадаем яшчэ і тагачасную палітычную сітуацыю: грамадства ўзрушана «Плошчай-2010», расколатае, ва ўсю моц рыхтуюцца крымінальныя справы над удзельнікамі прэзідэнцкай кампаніі. Ля КДБ — вялізныя чэргі адвакатаў і родных з перадачамі… І тут — тэракт, які, па-першае, у пэўнай ступені змусіў грамадства скансалідавацца, і па-другое — адцягнуў увагу ад палітычных працэсаў. Шмат хто адразу задаўся пытаннем: «Каму выгадна?». І на гэтай падставе зрабіў далёка ідучыя высновы.

terakt_metro_minsk_20160407_tutby_reuters_phsl_rtr2l460.jpg


Калі праводзіць паралелі, прыкладна тое ж адбываецца і цяпер. Некаторыя не разумеюць рыторыку ўлады, якая ледзь не навучае ўдзельнікаў мірных беларускіх пратэстаў больш-менш узброенаму супраціву. Нам шмат кажуць пра «бутэлькі з гаручай сумессю», «арматуру», «супраціў міліцыі», «раз’юшаных дэманстрантаў» і гэтак далей. Канечне, нічога з гэтага мы не бачылі на вуліцах Мінска. Але ўладам, гледзячы на іх рыторыку, вельмі б хацелася, каб нейкая падзея, нават можа жахлівая, зноў скансалідавала грамадства ў патрэбным рэчышчы. І пажадана, каб у гэтай падзеі можна было абвінаваціць каго-небудзь іншага.

Справядлівы суд?

Тое, што ўлады праз двое сутак затрымалі «тэрарыстаў», не дзіва: як кажуць адмыслоўцы, такія рэчы лепш за ўсё раскрываюцца «па гарачых слядах». Але і тут не абышлося без пытанняў.
Кажуць, што Канавалаў, калі пайшоў закладаць выбухоўку, быў п’яны. Вы верыце, што п’янтос будзе гойсаць з бомбай па горадзе? Пры гэтым маючы рызыку, што яго ў метро проста не пусцяць — бо ён у нецвярозым стане?

4cc247a22849884577cb7c85a4ac0b02.jpg


Суд дагэтуль выклікае ў мяне пачуцці незразумелай пастаноўкі, найперш, з паводзінаў Канавалава на судзе. На пытанні суда, навошта Канавалаў зрабіў тое, што ён нібыта зрабіў, той адказваў адной фразай: «У мэтах дэстабілізацыі абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь». У чым павінна была выявіцца дэстабілізацыя, чаму ён думаў, што выбух дэстабілізуе абстаноўку, што ўвогуле ён меў на ўвазе пад азначэннем «дэстабілізацыя» — нуль адказаў. Адна зацверджаная фраза: «У мэтах дэстабілізацыі абстаноўкі»…
Канечне, людзі так не гавораць. Затое такі падсудны — гэта проста мара следчага і абвінаваўцы.Канавалаў потым увогуле адмовіўся ад паказанняў. Бачна, яго ніхто не навучыў, як адказваць на нязручныя пытанні.
Кавалёў жа заявіў пра сур’ёзны ціск з боку следчых — яго дапытвалі ўначы, некалькі разоў «праганялі» паказанні, запалохвалі тым, што ён будзе саўдзельнікам тэракту, і ўвогуле, «чым больш скажу, нагавару, тым лепш для мяне». Гэта ўсё рабілі супрацоўнікі ГУБАЗіК — сёння мы ўжо ведаем, хто яны такія. І асабліва папярэджвалі, каб ён не падумаў змяніць свае паказанні на судзе.
У вінаватасць падсудных у працэсе не паверылі нават пацярпелыя ў тэракце. Некуды зніклі таямнічыя «сведкі», што апазналі Канавалава і Кавалёва па фотаробатах. Зніклі відэазапісы, з якіх рабіліся фотаробаты. Нязгоду з пытаннямі дзяржабвінаваўцаў пацярпелыя выказвалі каментарамі і гулам. Не вытрымаўшы, адзін з пракурораў заявіў: «Калі вы такія абаронцы, то ідзіце і сядайце побач з імі», — паказаўшы на клетку, у якой знаходзіліся Канавалаў і Кавалёў…
Варта зазначыць, што кіраўніком следчай групы быў Андрэй Швед — той самы, які 9 верасня 2020-га быў прызначаны генеральным пракурорам Беларусі, і пры якім не заведзена ніводнай крымінальнай справы на бязмежжа сілавікоў пасля выбарчай кампаніі.

«Іншым разам не да законаў»

«Ніколі такога не было — і вось ізноў», — любімая прыказка цяпер беларускіх праваабаронцаў. Фразу «іншым разам не да законаў», якую сказаў Лукашэнка, трактуюць як навіну. Але ці навіна гэта?
Адразу ж пасля затрымання Канавалава і Кавалёва Лукашэнка заявіў, што знайшлі «вінаватых» у тэракце, і іх расстраляюць. БТ, у сваім стылі, пачало рабіць з Канавалава і Кавалёва бяздушных монстраў, калі следства было нават не скончанае.
Яшчэ да расстрэлу асуджаных больш за пяцьдзясят тысяч беларусаў паставілі подпісы пад размешчанай у інтэрнэце петыцыяй з патрабаваннем захаваць жыццё Канавалаву і Кавалёву. Многія падпісанты выказалі сумневы як у справядлівасці прысуду, так і ў вінаватасці асуджаных. Прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый прывезлі ў Мінск і перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта больш за 250 тысяч подпісаў пад заклікам скасаваць смяротнае пакаранне ў Беларусі і не расстрэльваць Кавалёва і Канавалава.
Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў былі расстраляныя 15 сакавіка 2012 года. Пры гэтым у Кавалёва ў Вярхоўным судзе знаходзілася наглядная скарга на яго прысуд, якую падаў адвакат. Самога адваката да Кавалёва не пусцілі, і Кавалёў яе падпісаць не змог.

vladislav_kovalyov_execution_notice.jpg


Варта зазначыць, што скарга ў парадку нагляду — гэта адзіны шанц абскардзіць рашэнне Вярхоўнага суда. Такім чынам, Кавалёва расстралялі, не зважаючы на яго правы на абскарджанне. «Іншым разам не да законаў» яскрава здарылася 12 гадоў таму.


Глядзіце таксама

«Не забудзем, не даруем»

Гэтая фраза — адзін з лозунгаў беларускага супраціву пасля 2020 года. Аднак яна вельмі пасуе і да той сітуацыі: нягеглага следства, калі паказанні, хутчэй, выбіваліся, дзіўнага суду, які не зважаў на нестыкоўкі ў справе, заўчасным выраку ў бок яшчэ юрыдычна не вінаватых людзей з боку вышэйшага кіраўніцтва краіны, заўчасным расстрэле, які выглядаў не на пакаранне, а на спробу «схаваць канцы ў ваду»…
Міжволі цяпер задумваешся: а можа, сапраўдны выканаўца тэракту ў Мінскім метро ўсё яшчэ ходзіць сярод нас? І ездзіць праз тую ж «Кастрычніцкую»?
У справе тэракту на «Кастрычніцкай» яшчэ багата белых плямаў. І трэба мець добрую памяць, каб потым, калі ў нас, урэшце, будзе нармальнае следства, проста хаця б даведацца: ці тых людзей забілі «імём Рэспублікі Беларусь»? Нашым з вамі імём.