«Магла застацца там назаўсёды». У пацярпелай ад тэракту ў метро знайшлі пухліну пасля збіцця сілавікамі

10 гадоў таму, 11 красавіка 2011 года, выбух у мінскім метро адразу забраў жыцці 11 чалавек, а яшчэ 4 памерлі ў шпіталі ад ран. Тады дзясяткі чалавек атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай цяжкасці, пацярпелымі было прызнана больш за 200 чалавек. Аднак кампенсацыю потым выплацілі не ўсім — у шэрагу выпадкаў экспертыза не прызнала, што здароўю была нанесеная шкода, піша «Свабода».

dff633ac_c5f2_4ca6_b6e4_f2a137313f8d_w1023_r0_s.webp

Сярод такіх пацярпелых ад выбуху і Алена Лебядзінская — тады працаўніца «Мінсктрансу», цяпер пенсіянерка. Алена расказала пра тое, які след у яе жыцці пакінуў выбух у метро, ды згадала падзеі, што былі з ім звязаныя.

«Усё знікла, акрамя інстынкту самазахавання»

У той дзень яна вярталася з працы, як заўсёды, на метро, — згадвае Лебядзінская. Ехала на «Спартыўную», таму на «Кастрычніцкай» трэба было памяняць лінію. Выйшла з цягніка і паспела ўжо ступіць на эскалатар, як ззаду пачуўся выбух, эскалатар моцна тузанула. Алену штурханула наперад, на яе нешта пачало валіцца, раптам пагасла святло, потым былі нейкія сполахі электрычнасці ды запахла нібы гаручым пластыкам.

«Адразу падумала, што цягнікі сутыкнуліся, а што выбух — не прыйшло і ў галаву. Усе палезлі па лесвіцы наверх, я таксама. І, верыце, ніякага гераізму вакол не было. Памятаю, за мяне жанчына з параненай нагой учапілася. Стогне, просіць дапамагчы. Я затрымалася, нейкі раменчык, ці што аказалася пад рукой, працягнула ёй, але адчуваю, яе рука слабее. А ў самой кроў залівае твар, без акуляраў бачу ўсё горш. І я падалася наверх — мацней за ўсё працаваў інстынкт самазахавання».

«А што вы рабілі ў метро?»

Калі Алена дабралася да верхняй пляцоўкі паміж двума станцыямі, адкуль ёсць выхад на праспект Незалежнасці, падлога вакол турнікетаў была запоўненая людзьмі. Там стаялі, сядзелі альбо ляжалі дзясяткі чалавек. Стогны, святло ліхтароў, чорныя ад бруду і пылу твары.

Колькі часу там праседзела, пакуль выйшла на паверхню, дакладна не памятае. «Можа, хвілін 10-15». Але добра памятае, як паміж людзей ходзяць нейкія мужчыны ў адносна чыстым цывільным адзенні і задаюць дзіўныя пытанні: «А вы адкуль прыехалі? А што рабілі ў метро? Дайце вашы дадзеныя».

«Мяне гэта ўжо тады ўразіла. Бо ўнізе і тут ляжаць параненыя, а гэтым справа — выпытваць нашы дадзеныя. І што за дурное пытаньне — што я рабіла ў метро? Дамоў ехала — што яшчэ ў метро робяць!» — нанава перажывае мінулае Алена.

Калі з'явіўся першы спіс пацярпелых, яна ўбачыла ў ім сваё прозвішча і для сябе адзначыла, што, магчыма, гэта дзякуючы тым мужчынам з іх «дурнымі пытаннямі». Але тады яны дакладна падаліся ёй недарэчнымі і несвоечасовымі. «Лепш бы тую жанчыну выцягнулі знізу».

046ef3ea_7dca_426c_827a_6b62ea6454d4_w1023_r0_s.webp.crdownload

«Агульнае захворванне»

Алена згадвае, што выйшла на паверхню, пасядзела яшчэ на парапеце, і яе забрала машына хуткай дапамогі. Па дарозе ў 9-ы шпіталь медыкі апрацавалі ёй раны на твары і руках, супакоілі. Даследаванне ў шпіталі не паказала ў Лебядзінскай пераломаў і цяжкіх траўмаў, але ўсё роўна прапанавалі застацца на лячэнне. Алена адмовілася. «Сказала, што дома чакаюць старая маці і сабака. Безь мяне ніяк. Падзякавала, падпісала паперу аб адмове і сышла», — кажа яна.

Асноўнымі відочнымі наступствамі выбуху ў Алены былі парэзы на твары. Як мяркуе, гэта ад аскепкаў разбітых акуляраў. Таксама моцна балелі рука і спіна, нават былі сінякі — нешта на яе валілася са столі, пакуль лезла па эскалатары. Таксама адчувала атручванне ад дыму і пылу. І, натуральна, жудасную стому, стрэс.

«Як цяпер кажуць — псіхалагічная траўма. Асабіста мяне не цешыла, а прыгнятала адчуванне, што яшчэ б некалькі секундаў на пероне, і магла застацца там назаўсёды, як тыя, хто загінуў. Па сутнасці, яны нас усіх там закрылі сваімі целамі, жыццямі закрылі», — мяркуе Алена і кажа, што да канца дзён будзе ім удзячная.

«Уся краіна грошы збірала, а дзе твае мільёны?»

Лекары з паліклінікі выдалі Алене ліст непрацаздольнасці з прычыны «агульнага захворвання», на падставе якога жанчына два тыдні прабыла дома на аплачаным бюлетэні. Экспертыза, на якую яе выклікалі, прызнала ў яе «лёгкія цялесныя пашкоджанні», якія не нанеслі шкоды здароўю. У выніку камісія Мінгарвыканкаму, якая прызначала дапамогу тым, чыё здароўе ад выбуху пацярпела, у матэрыяльнай кампенсацыі Алене Лебядзінскай адмовіла.

«З усёй дапамогі атрымала, як казалі іншыя пацярпелыя, «прадуктовы набор Ладуцькі» (тагачасны кіраўнік Мінгарвыканкаму Мікалай Ладуцька. — РС). Гэта бутэлька алею, пачак цукру, яшчэ нешта такога ж кшталту. Усё. Пасля бюлетэня прыйшла ў бухгалтэрыю з заявай, каб раней выдалі аванс, бо грошы заканчваліся, дык мне не паверылі. Кажуць, як так? Уся краіна вам грошы збірала, мільёны долараў з-за мяжы даслалі, мы тут ліст падпісвалі, скідваліся — а ў цябе грошай няма?»

З такім недаверам Алена сутыкаецца і дагэтуль. «Людзі думаюць, на нас абрынуўся залаты дождж. Пытаюцца пра тыя мільёны, але хто іх бачыў, не ведаю».

«Звярніцеся да Канавалава і Кавалёва»

Жанчына не адступала. Яна звярнулася ў ашчаднае прадпрыемства «Белэксімгарант», якое адказвае за страхоўку пасажыраў метро. Але і ў выплаце страхоўкі Лебядзінскай адмовілі. Зноў на той падставе, што нібыта не было нанесена шкоды здароўю. Між тым, акрамя здароўя, як разважала Алена, ёсць яшчэ матэрыяльная шкода. Яна страціла дарагія акуляры, новае паліто. Агульны іх кошт жанчына ацаніла больш як у 600 долараў.

b3e950a7_74b9_4bb0_a88d_a454dae2b413_w1023_r0_s.webp

Следчыя прапанавалі ёй адзін варыянт — звярнуцца па кампенсацыю як пацярпелая з грамадзянскім пазовам наўпрост да Дзмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва, якіх прыцягнулі да адказнасці за здзяйсненне тэракту. Але калі яе запыталі ў судзе, ці мае яна да Канавалава і Кавалёва прэтэнзіі, Алена выстаўляць пазоў прынцыпова адмовілася.

«Па-першае, не лічу іх вінаватымі. Другое, палічыла, што калі іх і прызнаюць вінаватымі, дык атрымаць кампенсацыю ад іх будзе нерэальна. Гэтак і атрымалася — хлопцаў расстралялі праз два з паловай месяцы пасля прысуду. Якая кампенсацыя?» — кажа Алена Лебядзінская.

Яна дагэтуль лічыць, што гэта найперш з дзяржавы варта было спытаць, чаму ў метро не запэўнілі бяспеку грамадзян, чаму прапусцілі чалавека з выбухоўкай, чаму раней не ўгледзелі, чым займаецца гэты чалавек.

«Толькі ніякі суд гэтых пытанняў не задаваў і разбірацца ў гэтым не захацеў», — падсумоўвае Алена Лебядзінская.

7cf06587_25b5_4ce6_909c_cc43c91e5e52_w1023_r0_s.webp

Што было дзіўным на працэсе?

Як прызнаная ў справе пацярпелай Алена Лебядзінская давала суду паказанні аб выбуху, прысутнічала на шмат якіх паседжаннях суду, чула допыты сведак і спрэчкі бакоў.

Жанчына згадвае, што Кавалёў да апошняга не прызнаваў віны, а Канавалаў прамаўчаў увесь працэс і нават ад апошняга слова адмовіўся. Ніхто са сведак, паводле ўспамінаў Алены Лебядзінскай, не ўказаў на яго пэўна, што бачыў яго з торбай выбухоўкі ў метро, а паказанае на працэсе відэа яе не пераканала.

«Толькі адна дзяўчына сказала, што гэта ён быў на прыпынку, ды віцебскі таксіст запомніў, што пасажыр, якога ён адвозіў на вакзал, меў торбу. Але які пасажыр без рэчаў?» — кажа Алена. Яшчэ яна згадвае паводзіны суддзі, які, на яе думку, прыпыняў спробы пацярпелых разабрацца ў незразумелых момантах справы.

«Сярод нас быў такі Аляксандар Круты, ягонай дачцэ Інэсе вочы пашкодзіла, як мне, нават больш сур’ёзна. Ён задаваў пытанні, задаваў, а ў выніку пасярод працэсу апынуўся ў Навінках у псіхушцы. Кампенсацыі Інэса так і не атрымала, а потым яны, ведаю, увогуле з'ехалі з краіны», — дзеліцца ўспамінамі Алена Лебядзінская.

Таксама важным момантам суду яна лічыць тое, што на працэсе так і не апыталі як сведак спецназаўцаў, якія нібыта затрымлівалі Канавалава і Кавалёва на арандаванай кватэры ў Мінску.

«Маглі б іх твары закрыць, як цяпер робяць. Таму, як на іх выйшлі спецслужбы, для мяне дагэтуль тайна», — ад часу суду мяркуе Алена Лебядзінская.

«Заткніся, сука, а то прыкапаем»

Праз год пасля выбуху, 11 красавіка 2012-га, калі стрэлка гадзінніка зноў набліжалася да 6 вечара, каля ўваходу на станцыю «Кастрычніцкая», за два метры ад месца, дзе год таму Алена Лебядзінская сядзела ўся ў крыві і пыле, сабраліся людзі з кветкамі. Пачалася жалобная імпрэза — адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў памяць аб загінулых. Алена ўсклала кветкі, сустрэлася з пацярпелымі, знаёмымі з судовага працэсу. Памятае, як адказала на пытанні журналістаў, якія асвятлялі падзею. Цяпер адзначае, што імпрэза была нейкая скамечаная, хуткая, не адпаведная гору людзей, якія сабраліся.

«Кшталту як цяпер ён казаў: «Давайце перагорнем гэтую старонку і пойдзем далей». Перагарнулі. А я спусцілася ў метро і паехала да сябе на «Спартыўную».

Яна расказвае далей, што з ёй адбывалася.

«Выходжу са «Спартыўнай» у пераход, да мяне падыходзіць міліцыянт, просіць паказаць дакументы. Нібыта прыйшла нейкая арыенціроўка, шукаюць жанчыну-злачынцу. Здзівілася, паказала пашпарт і пайшла наверх. Цяпер разумею, дзеля чаго гэта было: яны проста правяралі, ці я гэта. Каб дакладна ведаць, каго хапаць».

Алена расказвае, што на выхадзе з метро на яе літаральна напалі двое мужчын у цывільным і, нічога не патлумачыўшы, пацягнулі ў бус. Яна закрычала: «Адпусціце, вы хто?», але яе моцна ўдарылі галавой аб стойку машыны, потым закінулі ўсярэдзіну.

«Заткніся, сука, а то завязем у лес і прыкапаем, ніхто не знойдзе», — гэтыя словы, паводле Алены, яна пачула ад невядомых нападнікаў. І на яе гэта падзейнічала.

«Як везлі па горадзе, малілася не каб выпусцілі, а каб хутчэй забілі і выкінулі цела дзе на ўзбочыне, бо калі закапаюць у лесе, ніхто ніколі не знойдзе. А чаму і за што, пра гэта нават не думала».

Алена дакладна памятае, што яе прывезлі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі. «Здаюць мяне міліцыянту, а я шчаслівая, што не ў лес прывезлі. Афіцэр-міліцыянт здзіўляецца: «І што мне з ёй рабіць?» Кажу, што мяне скралі, пабілі. Ён нібы не разумее: «Пабілі? А па вас і не скажаш».

Праз 4 гадзіны Алену Лебядзінскую адпусцілі дамоў. Ужо з дому яна выклікала хуткую. Прыехалі лекары, аказалі дапамогу, паабяцалі пацвердзіць збіццё, калі звернецца ў шпіталь па даведку.

«Ад болю ў мяне расколвалася галава, калена дык і па сёння ные. Наступным днём пайшла ў наш Фрунзенскі райаддзел, напісала заяву аб выкраданні, прасіла завесці справу. І што? А нічога».

b34b0c61_6f04_42b9_a53c_d10c8ae0b664_w1023_r0_s.webp

«Пашкоджанні маглі ўтварыцца пры падзенні з вышыні ўласнага росту»

Праверку заявы аб выкраданні Алены Лебядзінскай усё ж правялі, бо яна дакладна ўказала нумар машыны, на якой яе везлі. Але ў завядзенні крымінальнай справы адмовілі.

«Выяўленыя цялесныя пашкоджанні маглі ўтварыцца падчас падзення з вышыні ўласнага росту на плоскасць», — гэтак было сказана ў пастанове намесніка начальніка Фрунзенскага РУУС, якую атрымала Алена.

«Невядомых», якія яе прывезлі ў міліцыю, праверка лёгка знайшла. Імі аказаліся супрацоўнікі часткі спецыяльнага прызначэньня С. і А. З іх нават узялі пісьмовыя тлумачэнні, Алена іх бачыла. Паводле гэтых міліцыянтаў, Лебядзінская нібыта «брала ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», а «фізычная сіла да яе не ўжывалася». Яе проста даставілі ў міліцыю для складаньня пратаколу, які ў выніку так і не склалі.

«Дзяўчына з вакна скокнула, а вы не ведаеце, чаму?»

Раны на галаве зажывалі, але пакрыўджаны гонар не даваў супакоіцца. І тады Алена пайшла да праваабаронцаў. Там яе заяву прынялі, але адразу папярэдзілі, што трэба быць гатовай да захадаў у адказ.

«Як у ваду глядзелі», — пагаджаецца Алена. Яна памятае, як у канцы траўня да яе на працу прыйшлі двое мужчын, якія назваліся журналістамі ды напрасіліся на размову пра выбух у метро.

«Ну, не першы раз, пагадзілася. Расказваю сваю гісторыю. А ў канцы яны раптам кажуць: «А мы ведаем, што ў вас пражывае пляменнік памерлага мужа. А раптам у яго наркотыкі знойдуць? А яшчэ ў вас ёсць дачка, яна вучыцца завочна ў Горках, там, як прыяжджае, жыве ў інтэрнаце. А было нядаўна, што студэнтка з вакна скокнула. Вы ня ведаеце, чаму?»

Скончылася ўсё тым, што неўзабаве пасля той размовы з нібыта «журналістамі» Алена набрала нумар праваабаронцаў і адмовілася ад юрыдычнай дапамогі. Яе хаджэнне па ўстановах у справе выбуху ў метро на гэтым спынілася.

Засталіся на памяць паперы з суду, пракуратуры і міліцыі, дзе ёй раз за разам адмаўлялі, ды пусты пакунак, у якім пад пячаткай раней захоўвалася як рэчавы доказ яе паліто з плямамі крыві. Паліто яна даўно выкінула на сметніцу, а пакунак пакінула. «Дагэтуль пахне тым днём. Нейкім гарам і пылам», — кажа Алена Лебядзінская.

Жанчына прызнаецца, што неяк не заўважыла, калі перастала баяцца спускацца ў метро, а на эскалатары чакаць, што ў любы момант ён спыніцца.

«Бывае, у метро на секунду-другую святло адключаюць. Вось тады ўспаміны нахлынуць, стаю, як у ступары. А так — не, ужо не баюся. Адпусціла».

«Гэта ў любы момант можа прачнуцца»

10 жніўня 2020 года Алена Лебядзінская на вуліцы заступілася за раварыстаў, якіх збівалі амапаўцы. Яе таксама затрымалі і збілі, білі па грудзях. Мінуў месяц, жанчына звярнулася да лекара, у яе выявілі небяспечную пухліну. Людзі сабралі грошы, на якія яна прайшла курс лячэння і рэабілітацыі ў санаторыі «Альфа радон».

«Нібыта хваробу стрымалі, але сказалі, што гэта можа прачнуцца ў любы момант», — непакоіцца Алена.

А ў лютым 2021 году Алену Лебядзінскую, як яшчэ некалькі пенсіянерак, затрымалі за чытанне ў электрычцы беларускіх кніг. Іншых арыштавалі, яе пратрымалі суткі «ў нечалавечых умовах» ды аштрафавалі на дзьве пенсіі.