Расстрэл яўрэяў у Валожыне. Гавораць сведкі
На месцы, дзе ў часы Другой сусветнай вайны расстралялі і закапалі дзвесце яўрэяў, хочуць пабудаваць жылыя дамы. Да гэтага часу ніхто не праводзіў тут археалагічных даследаванняў. І сёння мясцовыя жыхары ходзяць па чалавечых костках.
Ім тады было па восем-дзевяць гадоў. У Ніны Галіеўскай, Валянціны Грабоўскай і Ніны Васілеўскай і цяпер у памяці паўстаюць тыя жудасныя карціны, такія цікавыя ім тады, такія нечалавечыя сёння.
Нядаўна па былым стадыёне ганялі мяч футбалісты, там ладзілі фестывалі і святы. Танцавалі на астанках тых, хто паміраў у страшных пакутах.
Цяпер тут ціха. І хто як учора бачыць карціны расстрэлаў, пакутаў, жахаў, якія напаткалі яўрэяў ў Валожыне, гатовыя перажываць зноў тыя падзеі.
Большасць з тых, хто памятае, якая трагедыя тут некалі здарылася, ці загінулі, ці выехалі з гэтых мясцінаў, ці памерлі. Бо час ідзе.
Скульптура журботнай маці ў памяць расстраляных яўрэяў.
Прыкладна на тым месцы, дзе стаіць чалавек, расстралялі яўрэяў.
На былым стадыёне сёння ціша.
Расповеды аб падзеях больш чым 70-гадовай даўніны не заўсёды супадаюць у дэталях, могуць мець недакладнасці. Адно зразумела – усе тры жанчыны памятаюць, як дзвесце чалавек расстралялі і закапалі ў гэтай зямлі.
Дзяўчаты перад смерцю пачалі спяваць
Узгадвае падзеі мінулага Ніна Галіеўская (дзявочае прозвішча – Наквас). Нарадзілася ў 1933 годзе.
"Мне тады было восем гадоў.
Мы пасвілі кароў і гулялі ў нешта. Да нас падышла Стэфаніда Карабан, яе Стэфкай звалі. Гаворыць: “Дзеці, схадзіце на стадыён, паглядзіце, што там робіцца. Страляюць і страляюць. Толькі не выходзьце, каб вас не ўбачылі”.
Мы ўсёй чарадой, чалавек сем, і яна, пайшлі. Ляглі ля агароджы стадыёна, толькі вочы высунулі.
Там расстрэльвалі. Чалавек дзвесце паклалі, ад 16 да 25 гадоў. Іх падманулі. Сказалі: “Збірайцеся і на работу”. Паліцаі іх прыгналі ў казарму і закрылі.
Потым узялі дзесяць чалавек і выкапалі яму. І расстралялі гэтых яўрэяў.
Па дзесяць чалавек зганялі сюды. Паліцаі не стралялі – два эсэсаўцы. Ставілі ў рад адных і другіх і стралялі з пісталетаў.
Паліцаі гоняць мужчын, дзесяць чалавек. І па прыступках іх піхаюць, яны падаюць. Ужо здагадаліся, што з імі рабіць будуць. І эсэсаўцы стралялі. Каго забілі, каго ранілі. І потым падпіхвалі іх у гэтую яму.
Пасля гоняць дзесяць чалавек дзяўчат. Такія добрыя дзевачкі. Апранутыя зусім лёгка. Іх гоняць, яны ідуць па гэтых сходах. Сышлі, пачалі абдымацца і цалавацца. Мабыць, развітваліся.
А гэтыя гоняць іх, піхаюць. Адна дзевачка ўпала, яе паднялі. На сцежку ўжо ступілі. І тут яны заспявалі. Але на незразумелай мове, можа, па-яўрэйску. Мы ж не разумелі, малыя.
Заспявалі. І вось прыгналі да ямы, мы глядзім, так дзіўна ўсё гэта. Там дзевачка чорненькая такая, кучаравенькая, гаворыць: “Гітлеру капут, рускія ўсё роўна перамогуць”.
Дык гэты гестапавец раз – і стрэліў у яе. Яна схапілася за параненае месца, кроў цячэ. Яе другая дзяўчына падхапіла. Яна як плюне гэтаму эсэсаўцу ў морду. Дык ён дастаў насоўку, выцерся і ў яму кінуў. Крутануўся на назе і ў гэтую дзяўчыну стрэліў. І яны абедзве разам зваліліся.
І ведаеце, гэта такая страшная карціна. Іх ставяць у рад па пяць, па чатыры. Яны абдымаюцца. Тут іх пачалі страляць і піхаць у яму. Мы ляжым. Адна дзевачка заплакала наша.
Стэфаніда Карабан кажа: усё, сыходзім адсюль, сыходзім. І мы ўсе павярнуліся і пабеглі праз рэчку.
Доўжылася гэта да гадзін чатырох. Потым яны скончылі, гэтыя эсэсаўцы. Усіх пастралялі, павярнуліся ды зайшлі на гару.
А ў яме ж жывыя засталіся. Каб яны яшчэ хвілін дзесяць там паляжалі, то многія сышлі б. Але эсэсаўцы азірнуліся. А людзі выскокваюць з ямы і праз гэты стадыён уцякаюць сюды, на Леніна. Тады вуліца Навагрудскай звалася.
Яўрэі ўцякаюць, паліцаі іх хапаюць, страляюць у яму з аўтаматаў. Жудасна было глядзець. Побач з ямай паставілі паліцая. Ён ахоўваў, не даваў нікому вылезці.
Паліцай аднаму стрэліў у руку. Ён пабег праз раку і схаваўся ў туалеце. А тут жанчына выскачыла і кажа: “Хутчэй, хутчэй у хлеў давай!” Ён застаўся жыць, толькі ранены быў у руку. Бліжэй да вечара сышоў.
Раніцай пасвілі кароў каля рэчкі, прывезлі бочку вады, нейкая белая была, мабыць, з нечым. Залілі гэту яму, і паліцаі засыпалі яе. Дык ведаеце, зямля хадзіла хадуном тры дні. Мы падыдзем, паглядзім. І ўцякаем, страшна, баяліся.
А да нас з гета хадзіў яўрэй, Сёмай яго звалі.
Дошку яны выбівалі і праз гэтую дзюрку лазілі. Мама заўсёды давала яму і хлеба, і таго, і сяго. Аднойчы нейкае свята ў іх было яўрэйскае. Мама качкі дзве зарэзала і аддала. Ні чысціла, нічога, проста з пер’ем. Там ужо яны самі пачысцілі.
У той дзень, бліжэй да вечара, ён прыйшоў. Мама мая гаворыць: “Ведаеш, вашых сёння стралялі тут на стадыёне. Дзвесце чалавек забралі на работу і ніхто не вярнуўся”. Ён так здзівіўся.
Добры малец быў. Неяк бацька мой кажа яму: “Слухай, Сёма, вас будуць там страляць заўтра. Давай я цябе вывезу адсюль, а там ты далей сам сыдзеш”. Пасля ён прыходзіць і кажа: “Мама не дазваляе. Нас чацвёра ў яе. Не хоча застацца адна з гэтымі дзецьмі”.
І вось пасля гэтага ён больш не прыходзіў да нас. Мабыць, загінуў. Там, дзе цяпер масласырзавод, раней быў кароўнік. І вось з гэтай геты туды сагналі людзей. Сказалі ім распранацца.
Цэлы тыдзень нельга было выйсці на вуліцу. Чалавечае мяса ведаеце ж, як. Пах. Усе там загінулі".
Дзеці залезлі ў хлеў і назіралі
Узгадвае Валянціна Грабоўская (дзявочае прозвішча – Скляповіч). Жанчына нарадзілася ў 1931 годзе.
"Я жыла ў Валожыне, там цяпер вуліца Набярэжная.
У той час, як расстрэльвалі, мне было ну гадоў можа дзесяць ці адзінаццаць. Дзеці ж такія дапытлівыя.
Як пачулі, што там стрэлы, залезлі ў такі звычайны хлеў, як на вёсцы. Там прарэзанае акенца. Нас недзе чацвёра дзяцей. І ў гэнае акенца ўсе. Назіралі, што далей будзе.
А там ужо на стадыёне былі выкапаныя ямы. А капалі самі яўрэі. Іх бралі на работу.
У нас у Валожыне, дзе едзеш на сам цэнтр, да моста было гета. Іх адтуль сабралі.
І расстрэльвалі. І каля гэнай гета на беразе. І на гары там, на Папоўцы. Там цяпер забудавалі ўсё. Ужо і тых месцаў не пазнаеш.
Ну, і ведаеце. Яўрэяў сагналі ў воінскі клуб, ваенны. Ён і цяпер ёсць за райвыканкамам. З гэнага клуба іх сюды прыганялі. Там паставяць наверсе. Тады згоняць да гэтай ямы. Па пяць чалавек. Іх расстрэльваюць, пасля другую групу вядуць.
І як, мусіц, кончылі гэныя немцы, завярнуліся і пайшлі адсюль. А ў яме можа хто і насмерць, а каго і толькі ранілі. Каторыя пачалі падымацца, выпаўзаць адтуль. І праз рэчачку. А тут жа нашы дамы ўсе. А яны па агародах і ўцякалі. І туды, дзе цяпер вуліца Загарадная. Там жа не было яе. Жыта расло. А як жыта расло, дык яны туды хаваліся.
Як немцы заўважылі, што тыя з ямаў уцякаюць, дык яны за імі. Такі стрэл пачаўся! Немцы не глядзелі, стралялі і па нашых хатах, па ўсім. Тут бацькі як на нас пачалі крычаць. Дзеці, кладзіцеся! Бо ж толькі кулі свішчуць!"
Дзіця паклалі на кучу расстраляных і забілі
Распавядае Ніна Васілеўская (Скляповіч). Нарадзілася ў 1932 годзе.
"Стадыён тады быў загароджаны плотам. І мы ж у гэныя шчыліны ўсе глядзелі, як там расстрэльвалі. Адразу іх гналі ў казарму, яны там мылі ўсё, чысцілі. Тады іх вялі прама з казармаў на стадыён, ставілі па пяць чалавек у рад. І стралялі. Мабыць, ні ўсім пападала куля. І вось мы глядзелі ў гэныя дзюрачкі і пайшлі на гару.
Да казармаў дайшлі. А каторыя жывыя ў яме сталі падымацца. І праз гэты забор ды ўцякаць. Немцы азірнуліся, бачаць, што гэныя праз забор – і страляць. Дык мы ўперад малыя дзеці, яўрэі за намі, а за імі – стрэлы. Тады мяне мама моцна біла, гэта ж маглі забіць.
І куды яны беглі, там жыта было. Яны туды. Іх многа, можа, там і пахавалася, хто паспеў, пакуль немцы іх не дагналі.
А ад моста цягнулася па адным баку гета. Там, дзе была раней вуліца Еўлашы. Цяпер яна завецца Кастрычніцкая.
Раз мы былі на тым мосце. Дык выводзілі прама на бераг гэтай рэчкі яўрэяў і расстрэльвалі. Але нас не ганялі. Можа, яны там нас і не бачылі. А потым я гляджу, мамачкі, во такое во маленькае дзіцятка! Як цяпер помню. Там была ўжо такая куча расстраляных, і дзіця на гэтую кучу паклалі. І немец зверху пісталетам. І застрэліў гэна дзіця".
Ад рэдакцыі: тэкст максімальна набліжаны да дыктафоннага запісу. Мова жанчын захаваная.
Настасся Роўда, www.rh.by
Фота Аляксандра Манцэвіча