Рэжым Лукашэнкі і камуністы: Як у Беларусі руйнавалі вайсковыя могілкі
Здавалася б — абавязак даглядаць палеглых на тэрыторыі краіны ваяроў — неаспрэчная рэч. Але для Беларусі гэта не сакральныя месцы, як вынікае. Толькі на днях былі зьнішчаныя пахаваньні жаўнераў Арміі Краёвай. Прыгадаем і іншыя выпадкі.
Лёзна. Тут падчас Другой сусьветнай вайны немцы каля чыгуначнага пераезду разраўнялі пляцоўку, на якой у хуткім часе зьявіліся могілкі з бярозавымі крыжамі і нямецкімі каскамі. Пасьля вайны на гэтым месцы зрабілі аўтастанцыю.
Магілёў. Тут у 1920-я былі зьнішчаныя вайсковыя могілкі на сучасным Кольцы Касманаўтаў. Мясцовыя актывісты ў 2020 зьвярнуліся да гарадзкой адміністрацыі з заклікам аб ушанаваньні і ўвекавечваньні былых могілак. З адміністрацыі прыйшоў адказ, што сапраўды старыя вайсковыя могілкі там былі, і нават з часоў Рэчы Паспалітай, а каб вырашыць, што і як можна рабіць — неабходна правядзеньне гістарычнага расьследаваньня, пасьля якога можна абмяркоўваць усталяваньне памятных знакаў.
У 2021 пры будаўніцтве на гэтым месцы была знойдзеная адна пліта з надпісам: падпалкоўнік Міхаіл Якаўлевіч фон Шліхтынг, які памёр у 1899.
Менск.Нямецкія вайсковыя могілкі, на якіх былі пахаваныя вайскоўцы Вэрмахту, існавалі ў 1941-1944 недалёк ад Усходніх могілак — паміж кварталам «Маяк Менску» і мэтро «Барысаўскі тракт». Займалі плошчу ў больш чым 4 гектары. Лічыцца, што там былі пахаваныя да 3000 чалавек, у тым ліку і алімпійскі чэмпіён 1936 Ганс Вёльке. Гэты атлет здабыў першае золата для Нямеччыны на гульнях, што адбываліся ў Бэрліне. Ён адразу стаў суперзоркай, Гітлер запрасіў яго ў сваю ложу. Прапаганда зрабіла зь яго чалавека, які ўвасабляў «перавагу арыйскай расы». З пачаткам вайны служыў у паліцыі СС, у 1943 суправаджаў каманду немцаў, якая аднаўляла парушаную тэлефонную сувязь між Плешчаніцамі і Лагойскам. Іх аўтамабіль трапіў у засаду недалёк ад вёскі Хатынь, дзе Вёльке быў застрэлены. Гэта стала прычынай наступнай карнай аперацыі фашыстаў у Хатыні.
Могілкі немцаў былі зьнішчаныя савецкімі танкамі, які праехаліся па іх. Пазьней там быў пасаджаны лес. Падчас будаўніцтва «Маяка Менску» мінакі знаходзілі вакол раскіданыя косьці. У 2015 нямецкая арганізацыя, якая займаецца даглядам за вайсковымі могілкамі, разам з міністэрствам абароны Беларусі зладзілі перапахаваньне жаўнераў Вэрмахту на адмысловых «Зборных могілках», адкуль пасьля ідэнтыфікацыі парэшткі могуць быць перададзеныя сваякам за мяжу.
Менск. Вайсковыя могілкі
Фота Паўла Хадзінскага
Тут былі пахаваныя ахвяры Першай сусьветнай вайны. Яны месьціліся ў раёне Пярэспы, на рагу сучасных вуліцаў Чарвякова і Старавіленскага тракта. За час вайны былі пахаваныя каля 5000 вайскоўцаў. Зь іх вядомыя 1955 дакладных імёнаў. На могілках паставілі драўляную капліцу. Прыйшлі камуністы, зьнішчылі капліцу. А чырвоным камісарам пасьля Другой сусьветнай узгадваць ахвяраў Першай было недарэчна, і яны зруйнавалі могілкі, на месцы якіх зрабілі Старажоўскі кірмаш, дзе жыхары сталіцы прадавалі і набывалі жывёл і птушак. Гэта цягнулася да пачатку дзевяностых гадоў, калі яшчэ сапраўдныя беларускія ўлады надалі тэрыторыі статус гісторыка-культурнай спадчыны.
Фота Паўла Хадзінскага
Зараз на гэтым месцы мэмарыяльны комплекс з капліцай, у якую, праўда, не прайсьці: яна абнесеная каванай агароджай. Вакол ёсьць гранітныя пабудовы, на якіх зьмешчаныя імёны вядомых на гэты час вайскоўцаў.
Фота Паўла Хадзінскага
Маладэчна. Тут камуністы зьнішчылі яшчэ адны вайсковыя могілкі ў пачатку
1970-х. На іх хавалі польскіх, расейскіх, савецкіх і нямецкіх кайзераўскіх ваяроў.
Больш за 1000 вайскоўцаў, якія па сваёй, а хутчэй, чужой волі апынуліся ў
Беларусі, дзе і скончылі свой зямны шлях. Могілкі знаходзіліся між
сучаснымі вуліцамі Шаранговіча і Лясная. У 1960-я могілкі цалкам зьнішчылі.
Дакладнае іх месцазнаходжаньне толькі зусім нядаўна, у 2018, адшукалі гісторыкі
Ігар Мельнікаў і Андрэй Аралін.
У 2022 да ліку зьнішчаных могілак дадаліся і пахаваньні жаўнераў Арміі Краёвай пад Мікулішкамі.
Выпадкі руйнаваньня магілаў жаўнераў Арміі Краёвай былі зафіксаваныя ў вёсках Багданы,Бабровічы,Дындылішкі, а таксама ў Іўі. У Ёдкавічах невядомыя ссунулі надмагільныя пліты і выкапалі парэшткі людзей з брацкай магілы.
Можна таксама ўзгадаць выпадак, які скончыўся ўсё ж добра, дзякуючы тады журналісту, а зараз палітвязьню Анджэю Пачобуту. У жніўні 2006 у Гародні на Пабэрнардзінскіх могілках, дзе пахаваныя ў тым ліку жаўнеры польскай арміі 1920-га года, камунальныя службы пачалі ў сваім стылі рэзаць ушчэнт, што бачаць. Вялізныя дрэвы спілоўваліся, а супрацоўнікі складвалі іх проста на магілы, руйнуючы іх. Былі пашкоджаныя каля 50 старых крыжоў. Як паведамляў спадар Пачобут, было нават складана зразумець, якой магіле належыў той ці іншы крыж. Пасьля публікацыяў пра гэта ўзьняўся вялікі скандал, і ўлады былі вымушаныя добраўпарадкаваць тыя могілкі.