Сем Чарнобыльскіх шляхоў: 2006–2012 гадоў
Чарнобыльскі шлях праводзіцца з 1989 года. Стаўленне ўладаў да яго заўсёды было негатыўным, нярэдка даходзіла да затрыманняў арганізатараў і ўдзельнікаў акцыі. Прапануем фотаздымкі з сямі шляхоў.
![cs_2006.jpg cs_2006.jpg](/img/v1/news/full/cs_2006.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Чарнобыльскі шлях. 2006 год
Каля 20 000 удзельнікаў. Маршрут, прапанаваны Мінгарвыканкамам: Акадэмія Навук — вул. Сурганава — Чарнобыльская капліца. Частка людзей сабралася блізу Кастрычніцкай плошчы. У суправаджэнні аўтазакаў, але з разгорнутым вялізным сцягам, калона рушыла па ходніках праспекта Незалежнасці да дазволенага ўладамі месца збору. Па выніках мерапрыемства затрымана 20 чалавек.
![cs_2007.jpg cs_2007.jpg](/img/v1/userfiles/images/cs_2007.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
2007 год
Блізу 10 000 удзельнікаў. Дазволены маршрут шэсця: Акадэмія Навук — вул. Сурганава — Чарнобыльская капліца. Аднак людзі спрабуюць сабрацца ў раёне плошчы Якуба Коласа, якая заблакаваная міліцыяй. Спробы не ісці па Сурганава на Бангалор рашуча блакуюцца міліцыяй. Дэманстранты займаюць дзве паласы праезнай часткі вуліцы Сурганава. Пасля заканчэння мітынгу ля Чарнобыльскай капліцы частка моладзі не пажадала згортваць сцягі, адбыліся сутычкі з АМОНам. Затрымана больш за 20 чалавек.
![cs_2008.jpg cs_2008.jpg](/img/v1/userfiles/images/cs_2008.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
2008 год
Да 4 000 удзельнікаў. Маршрут шэсця па мінулагодняму ўзору: Акадэмія Навук — вул. Сурганава — Чарнобыльская капліца. Прадстаўнікі некаторых арганізацый пасля мітынгу ля Акадэміі Навук сышлі, каб не ісці на Бангалор. Пасля заканчэння шэсця ў маладых людзей міліцыянты адабралі сімволіку.
![cs_2009.jpg cs_2009.jpg](/img/v1/userfiles/images/cs_2009.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
2009 год
Каля 1 500 удзельнікаў. Афіцыйна ўзгоднены маршрут: Акадэмія Навук — вул. Сурганава — Чарнобыльская капліца. Спроба часткі ўдзельнікаў павярнуць у бок плошчы Якуба Коласа, па заяўленым маршруце, была блакаваная спецназам. "Маладая Беларусь" і анархісты пакінулі шэсце па дазволеным маршруце, каб не ісці на Бангалор. Асноўная частка людзей рушыла ў бок Бангалора праз вуліцу Хмяльніцкага.
![cs_2010_2.jpg cs_2010_2.jpg](/img/v1/userfiles/images/cs_2010_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
2010 год
Колькасць удзельнікаў — каля 1 000 чалавек. Узгоднены з уладамі маршрут: Акадэмія Навук — вул. Сурганава — Чарнобыльская капліца. На месца збору міліцыянты прапускалі людзей праз металашукальнікі ў адмыслова зроблены "загончык". Да акцыі на знак салідарнасці далучыліся моладзевыя актывісты расійскай "Абароны". Міліцыя паводзіла сябе карэктна.
![cs_2011_2.jpg cs_2011_2.jpg](/img/v1/userfiles/images/cs_2011_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
2011 год
Шэсце забаранілі. Адбыўся толькі Чарнобыльскі мітынг у парку Дружбы народаў. Колькасць удзельнікаў — 1 000 чалавек. Яны прынялі рэзалюцыю аб непрызнанні вынікаў выбараў 19 снежня 2010 года.
![cs_2012_2.jpg cs_2012_2.jpg](/img/v1/userfiles/images/cs_2012_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
2012 год
1 000 чалавек прайшла калонай па ходніках праспекта Незалежнасці і вуліцы Сурганава ад Акадэміі Навук да плошчы Бангалор. "Чарнобыльскі шлях" праходзіў пад лозунгам адмены будаўніцтва астравецкай АЭС і вызвалення палітвязняў. На мітынгу ў парку Дружбы народаў прынялі рэзалюцыю "Спынім ядзерны генацыд беларускага народа".