Шляху не хапае не толькі ўдзельнікаў...

Магчыма, мелі рацыю беларускія "зялёныя", калі крытыкавалі падрыхтоўку да "Чарнобыльскага шляху" і казалі, што ён ператварыўся ў дрэнны працяг Дня Волі. Кажуць, горш было толькі на мінулагоднія "Дзяды".



2013_04_26_19_02_51.jpg

Фота аўтара

Цяпер яшчэ не зразумела, што адыграла сваю ролю ў тым, што традыцыйна масавая акцыя апазіцыі, да таго ж прызваная яднаць увесь народ, прайшла з такой малой колькасцю ўдзельнікаў. Але, што адбылося, тое адбылося.

Спачатку ўсё было добра. Пляцоўка перад кінатэатрам "Кастрычнік" — дазволенае месца збору, нават не была ачэпленая турнікетамі, як падчас Дня Волі. Гэта дазволіла ўдзельнікам акцыі фактычна бесперашкодна разгортваць сцягі і транспаранты, і раздаваць ўсякую друкаваную прадукцыю. Дарэчы, і транспаранты таксама былі дазволеныя — у адрозненне ад Дня Волі. Кожны мог праявіць фантазію і што-небудзь з сабой прынесці.

Незвычайнымі былі два моманты. Першы: арганізатары вырашылі нікога не чакаць. Запланавалі пачатак шэсця ў 19 гадзін — без дзесяці хвілін 19 пачалі выбудоўваць калону і роўненька ў сем вечара стартанулі з месца. І літаральна праз хвілін дзесяць стала зразумела: нягледзячы на добрае надвор'е, на цудоўны вечар і на нагоду сабрацца разам і на тое, што нікому заўтра не трэба на працу, народу прыйшло столькі ж, калі не менш, чым на Дзень Волі.

Далей усё пайшло, як звычайна. Людзі без якіх-небудзь эксцэсаў павярнулі з праспекту Незалежнасці на вуліцу Сурганава, па тратуары, з пераходамі скрыжаванняў на зялёнае святло прайшлі да плошчы Бангалор. Чуліся лозунгі "Свабоду палітвязням!", "Атам мірным не бывае!", "Не АЭС на Беларусі!", І вядома ж, "Жыве Беларусь!".

Па дэманстрацыі разносіліся чуткі пра тое, што міліцыя на падставе барацьбы з кватэрнымі крадзяжамі затрымлівае эколагаў. Спачатку паступіла інфармацыя, што затрыманыя змагары з беларускай АЭС Ірына Сухій і Таццяна Новікава, але пасля чуткі пацвердзіўся толькі часткова. Сухій, сапраўды, як "падобную на чалавека, які займаецца кватэрнымі крадзяжамі", затрымалі і даставілі ва УУС Першамайскага раёна. Новікава ж апынулася проста блакаваная ў сваёй кватэры — яна не захацела выйсці ў рукі супрацоўнікаў міліцыі, якія пільнавалі Таццяну ў двары.

Пляцоўка на Бангалоры паказала, што "мяккая дэмакратыя" скончаная. Яна апынулася абгароджана турнікетамі і металашукальнікамі. Праз дагляд прапускалі ўсіх. Частка народа не пагадзілася на такую працэдуру і сышла — у першых шэрагах гэта зрабілі анархісты. Супрацоўнікі міліцыі спрабавалі забараніць праносіць на пляцоўку мегафоны. Але арганізатары гэты дазвол усё ж выбілі. Хоць гэта і дзіўна: бо ім жа дазволілі прывезці нармальную гукаўзмацняльную апаратуру. Чамусьці гэтага зроблена не было.

У выніку на пляцоўцы перад сцэнай аказалася сотні паўтары чалавек. Ад асноўнай групы, як і ў Дзень Волі, адкалолася купка моладзі з гітарамі, якія спявалі беларускія песні асобна ад мітынгоўцаў. Але калі ў Дзень Волі гэта выглядала прыстойна і дарэчы (як-ніяк Дзень Волі ўсё ж такі свята), то ў дзень жалобы, дзень, у які адбылася аварыя на ЧАЭС, песні і скокі глядзеліся ніякавата. Адразу ўзгадваўся суд за нейкі "Шлях" 1990-х гадоў і сведка-міліцыянт, які ўвесь час сцвярджаў, што прысутныя на акцыі "святкавалі гадавіну аварыі на ЧАЭС".

Як і ў Дзень Волі, мітынг не зацягнуўся. Бо, нягледзячы на ўсе намаганні, арганізатары "выбіліся з графіка" і пачалі прамовы на паўгадзіны пазней, чым планавалася. Таму выступоўцы гаварылі мала і тэзісна. Так спяшаліся, што нават рэзалюцыю мітынгу прынялі ў сярэдзіне мерапрыемства, а не ў канцы, як звычайна. Як і планавалася мітынг скончылі да 21.00. Жадаючыя пайшлі без транспарантаў і сцягоў ставіць свечкі да памятнага знака ахвярам аварыі на ЧАЭС каля Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай, а астатнія разышліся.

Падобна на тое, што ў гэты дзень "затармазіла" нават міліцыя, пачаўшы пасля акцыі спачатку затрымліваць, а пасля адпускаць журналістаў. Патрапілі пад раздачу карэспандэнты "Нашай Нівы" і "Радыё Рацыя".

Чаму ж на "Шлях" прыйшло так мала людзей? Былы кандыдат у прэзідэнты ад БНФ Рыгор Кастусёў патлумачыў гэта тым, што людзі ў пятнічны вечар паз’язджалі на дачу адкрываць "пасяўную". Яшчэ адзін кандыдат у прэзідэнты, гэтым разам ад БХД, Віталь Рымашэўскі наогул абвясціў акцыю паспяховай, і зваліў усё на "рэжым": маўляў, удзельнікі не пайшлі на месца збору, і не засталіся на мітынг, таму што "міліцыя чыніла перашкоды".

Справа, напэўна, не ў пасяўной, і не ў міліцыі. Па-першае, у чымсьці ёсць справядлівасць "зялёных" і ліквідатараў, якія заявілі, што "Шлях" ператварыўся ў палітычнае шоў, і страціў, уласна кажучы, саму ідэю акцыі. Ну а па-другое ...

Па-другое, персанальна аўтар гэтых радкоў, які хадзіў на прэс-канферэнцыі і круглыя сталы, прысвечаныя падрыхтоўцы да "Шляху", нават на гэтых канферэнцыях і круглых сталах не бачыў аніводнай (!!!) улёткі ці налепкі з заклікам прыйсці на акцыю. Тым больш іх не было відаць на слупах і ў пад'ездах Мінска.

Можна шмат казаць пра тое, што людзі зараз сядзяць у інтэрнэце, і аднаго закліку там дастаткова, каб яго пачулі дзясяткі тысячаў, альбо нават міліёны. На самай справе, ужо тысячу разоў казалі такім аптымістам: тыя хто ставіць "лайкі", той ставіць "лайкі". Скляпаць дэматыватар для такога інтэрнаўта прасцей, чым выйсці і ножкамі патопаць. Інтэрнэт-аўдыторыя застаецца інтэрнэт-аўдыторыяй, яна не здольная выйсці на традыцыйную акцыю. Толькі калі ёй прапанаваць "двіжуху" і "лузлы", тыпу пляскання ў ладкі, яна, можа быць, і павядзецца. І то наўрад ці, бо колькасць удзельнікаў "маўклівых акцый пратэсту" у 2011 годзе была ў сотні разоў менш тых, хто па-ранейшаму "лайкаў"...

"Шляху" не хапае не толькі ўдзельнікаў. "Шляху" не хапае той самай прымітыўнай рэкламы на слупах. Усе размовы пра тое, што на такую рэкламу "няма грошай", альбо што "арганізатараў папярэдзяць, бо нельга да афіцыйнага дазволу", — гэта толькі "адмазкі". У 1990-х грошай было яшчэ менш, а адсутнасць афіцыйнага дазволу нікому не перашкаджала.

Нарэшце, і раней, і зараз міліцыя затрымлівала найбольш "буйных" напярэдадні акцыі. І штосьці я не памятаю, каб хоць адна акцыя такога кшалту сарвалася з-за арышту арганізатараў. Заўсёды знаходзіліся тыя, хто мог пераняць сцяг у арганізатараў.

Крый Божа. Я не за тое, каб арганізатараў саджалі напярэдадні акцыі. Але, калі ты робіш мерапрыемства, трэба думаць не аб тым, як застацца перад уладаю белым і пухмяным. Трэба нечым і ахвяраваць. Хаця б уласным часам і ўласнымі грашыма для вырабу звычайных папяровых улётак фармату А-5 і расклейвання іх на слупах з дапамогаю звычайнага клею.