СК: затрыманне чыноўніцы Міністэрства аховы здароўя не звязана з закупкай «Эупенты»
Начальніцу ўпраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Людмілу Равуцкую падазраюць у атрыманні хабару.
Пра гэта Onliner.by паведамілі ў Галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. Нагадаем, менавіта Людміла Равуцкая тлумачыла, як у краіну патрапіла незарэгістраваная паўднёвакарэйская вакцына «Эупента».
— Учора была ўзбуджаная крымінальная справа па частках 1 і 2 артыкула 430 «Атрыманне хабару» Крымінальнага кодэкса, — адзначылі ў ГУБАЗіК. — Зараз вырашаецца пытанне аб ужыванні меры стрымання і працягваецца праца следства.
Як паведамілі ў ГУБАЗіК, усталявана не менш за сем фактаў атрымання хабараў. Пры гэтым, паводле слоў ведамства, гэта затрыманне не звязана са «справай медыкаў», якое расследуе КДБ.
Пасля абеду Следчы камітэт пракаментаваў затрыманне Людмілы Равуцкай.
— Інкрымінаваныя начальніку ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя эпізоды злачыннай дзейнасці не звязаныя з правядзеннем працэдуры закупкі вакцыны «Эупента», — паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова. — Паводле наяўных у распараджэнні следства дадзеных, азначаная службовая асоба на працягу больш чым трох год (з 2015 па 2018 г.) неаднаразова прымала матэрыяльныя каштоўнасці, набывала выгады маёмаснага характару за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яе кампетэнцыю. Праводзіцца расследаванне. Следства будзе хадайнічаць перад пракурорам аб прымяненні ў дачыненні да затрыманай меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Нагадаем, апошні скандал, які здарыўся ў сферы аховы здароўя, быў звязаны з паўднёвакарэйскай вакцынай «Эупентай», якая апынулася незарэгістраванай, але пры гэтым ўжывалася для прышчэпак беларускіх дзяцей.
У канцы жніўня Людміла Равуцкая на прэс-канферэнцыі Міністэрства аховы здароўя тлумачыла, як так атрымалася. Паводле яе слоў, узніклі праблемы з пастаўкамі вакцыны АКДС расійскай вытворчасці, бо было шмат браку.
Адначасова ў лістападзе мінулага года Міністэрства аховы здароўя звярнуўся да сусветных вытворцаў з просьбамі адшукаць магчымасць аператыўнай пастаўкі — адказ ад Sanofi Pasteur і GlaxoSmithKline быў атрыманы адмоўны: графік вытворчасці быў распісаны.
Для прадухілення зрыву графіка прышчэпак міністэрства прынялося шукаць далей і прыняло рашэнне аб імпарце пяцікампанентнай «Эупенты». Па словах Равуцкай, зарэгістраваць яе не хапіла часу, гэты працэс быў запушчаны ўжо пасля ўвозу вакцыны ў краіну.
Гісторыя скандалу з «Эупентай»
Прычына ўсіх абмеркаванняў — смерць двухмесячнага дзіцяці ў Ганцавіцкім раёне. Дзіця прынеслі на планавую прышчэпку. Увялі дзве вакцыны — «Эупенту» (вытворчасць LG Chem. Ltd, Паўднёвая Карэя) і «Иммовакс Полио» (вытворчасць Sanofi Pasteur, Францыя). Дзіця стала задыхацца — выратаваць не ўдалося.
Пасля гэтага ўпаўнаважаныя прадстаўнікі карэйскай фармацэўтычнай кампаніі LG Chem. Ltd прыбылі ў Беларусь з афіцыйным візітам. Міністэрства аховы здароўя пры гэтым паведаміла, што вытворцам заканчваецца праца па падрыхтоўцы дакументаў для падачы на дзяржаўную рэгістрацыю ў РБ.
Выданне «Ежедневник» правяло расследаванне. З яго вынікае, што выкарыстанне незарэгістраванай «Эупенты» забараняецца дзеючым заканадаўствам.
Расследаванне «Ежедневника» сцвярджае, што Міністэрства аховы здароўя не мела права закупляць «Эупенту». Міністэрства аховы здароўя ў адказ заяўляе, што зрабілп гэта пасля таго, як ў 2016 годзе вытворца вакцыны АКДС з Расійскай Федэрацыі, які доўгі час забяспечваў імунабіялагічнымі прэпаратамі тэрыторыю Беларусі, не змог своечасова забяспечыць пастаўку вакцыны належнай якасці.
«Эупента» была прыпыненая толькі ў межах двух серый. На сённяшні дзень яна застаецца самай масавай бясплатнай прышчэпкай для прафілактыкі пяці інфекцый: коклюшу (цельнаклеткавы кампанент), дыфтэрыі, слупняка, віруснага гепатыту В і гемафільнай інфекцыі.
У рамках праверкі Следчым камітэтам дадаткова высвятляецца парадак закупкі вакцыны, збіраецца інфармацыя аб праходжанні лекамі неабходных перад ужываннем працэдур, рэгламентаваных дзеючым заканадаўствам.
Паводле people.onliner.by