Смяротнае пакаранне. Так? Не?

У размове з Валерыем Філіпавым, адным з першых праваабаронцаў, хто звярнуў увагу на праблему смяротнага пакарання ў нашай краіне, Ірына Тоўсцік імкнулася не проста атрымаць аргументы на карысць адмены смяротнай кары, але знайсці адказы для вырашэння складанай дылемы, што існуе ў грамадскай свядомасці, — «так» ці «не» гэтай вышэйшай меры пакарання.

— Валеры Віктаравіч, што падштурхнула вас звярнуць увагу на гэту праблему?



8c9f32e03aeb2e3000825c8c875c4edd.jpg

У размове з Валерыем Філіпавым, адным з першых праваабаронцаў, хто звярнуў увагу на праблему смяротнага пакарання ў нашай краіне, Ірына Тоўсцік імкнулася не проста атрымаць аргументы на карысць адмены смяротнай кары, але знайсці адказы для вырашэння складанай дылемы, што існуе ў грамадскай свядомасці, — «так» ці «не» гэтай вышэйшай меры пакарання.
— Валеры Віктаравіч, што падштурхнула вас звярнуць увагу на гэту праблему?
— Абсалютная адсутнасць логікі. У Канстытуцыі нашай краіны запісана, што дзяржава гарантуе права на жыццё. Неад’емнае права кожнага чалавека, якое немагчыма абмежаваць. Альбо яно ёсць, альбо яго няма. Аднак дзяржава дазваляе сабе адымаць гэта права ў чалавека. Рэальная практыка прыходзіць у абуральную супярэчнасць з Канстытуцыяй.
— Наколькі гэта мера як пакаранне адпавядае мэтам крымінальнай адказнасці?
— Як від пакарання смяротная кара не можа разглядацца, таму што супярэчыць прынцыпам крымінальнай адказнасці, у якіх закладзена выпраўленне злачынцы, а не яго знішчэнне. У крымінальным заканадаўстве і Рэспублікі Беларусь, і іншых краін фігуруе менавіта выпраўленне злачынцы, іншага не паказана. Таму пазбаўленне чалавека жыцця супярэчыць мэтам і прынцыпам крымінальнай адказнасці. Такім чынам, з пункту гледжання фармальнай логікі ў Беларусі трэба альбо мяняць Крымінальны кодэкс, альбо адмяняць смяротнае пакаранне.
— Але многія асцерагаюцца, што адмена смяротнага пакарання прывядзе да росту злачынстваў…
— На гэтую тэму было праведзена шмат даследаванняў. Іх вынікі паказваюць, што ўзровень злачыннасці не залежыць ад наяўнасці або адсутнасці смяротнага пакарання ў краіне. Непазбежнасць пакарання — найбольш сур’ёзны стрымліваючы матыў. Узровень злачыннасці, на самай справе, вызначаецца не толькі сістэмай мер крымінальнага пакарання, а шэрагам іншых фактараў — стабільнасцю эканамічнага становішча, узроўнем карупцыі ў краіне, узроўнем культуры… Сур’ёзная праблема — узровень алкагалізацыя насельніцтва. Большасць забойстваў і наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў здзяйсняюцца асобамі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення.
— У выпадку замены смяротнага пакарання на пажыццёвае зняволенне, кажуць, што падаткаплацельшчыкі будуць «вымушаны карміць злачынцу са сваёй кішэні»?
— Яны і зараз кормяць масу зняволеных. А калі хтосьці здзейсніў забойства, тады ўзнікае пытанне, чаму я павінен карміць забойцу. Але ж забойцамі не нараджаюцца, імі становяцца. І як бы трывіяльна гэта ні гучала, такімі іх робіць грамадства.
Давайце возьмем канкрэтны прыклад — тую ж гомельскую злачынную групоўку. На працягу 10 гадоў яны здзяйснялі злачынствы, забойствы... І што, улада не магла з імі справіцца, праваахоўныя органы не маглі іх знайсці на працягу дзесяці гадоў?
У выніку трох з гэтай злачыннай групоўкі прысудзілі да смяротнага пакарання. Ціха і хутка пазбавіліся, каб лішняе не ўсплыло. Магчыма, калі б яны засталіся жывыя, высветліліся б новыя факты і імёны людзей, якія маюць дачыненне да гэтых злачынстваў. Але для гэтага праваахоўным органам трэба было зрабіць вялікую працу. А так — людзей пакаралі смерцю, і канцы ў ваду.
Ці, да прыкладу, справа Ігнатовіча. Усплыў факт яго датычнасці да знікнення Дзмітрыя Завадскага. Але Ігнатовіча асудзілі да смяротнага пакарання, не паглыбляючыся ў гэта пытанне. І толькі шмат у чым дзякуючы ўмяшанню генеральнага сакратара Савета Еўропы, прадстаўнікоў іншых міжнародных арганізацый, смяротнае пакаранне Ігнатовічу замянілі на пажыццёвае зняволенне. Такім чынам, застаўся носьбіт вельмі каштоўнай інфармацыі, звязанай з нераскрытай справай. Атрымліваецца, што пажыццёвае зняволенне дае магчымасць пры неабходнасці вярнуцца да расследавання такога кшталту спраў.
Яшчэ адзін важны аспект: пытанне аб адмене смяротнага пакарання непасрэдна звязана з глабальнай праблемай рэфармавання пенітэнцыярнай сістэмы ў цэлым. Абцяжараныя першапачаткова гулагаўскай сістэмай, а затым сістэмай калоній, якія ствараліся пры будоўлях буйных заводаў для прадастаўлення некваліфікаваных працоўнай сілы, мы жудасна зацягнулі з гэтым працэсам. Усе разумеюць, што «турма не выпраўляе». Пенітэнцыярныя ўстановы толькі памнажаюць колькасць людзей з разбуранымі сацыяльнымі, сямейнымі адносінамі, падарваным здароўем, страчанай кваліфікацыяй. І пераадоленне гэтых наступстваў ажыццяўляецца, у тым ліку, і за наш кошт, з кішэні падаткаплацельшчыкаў.
Калі разабрацца, то значная частка асуджаных не ёсць злачынцы па свайму менталітэту, схільнасці ці ладу жыцця. Большасць з іх нясуць пакаранне за злачынствы маёмаснага характару. Дык навошта людзей, якія не з’яўляюцца сацыяльна небяспечнымі, пазбаўляць свабоды на многія гады і трымаць у калоніі за наш кошт? Хай працуюць і кампенсуюць матэрыяльную шкоду.
А вось людзі, схільныя да сацыяльна небяспечных дзеянняў, якія здзяйсняюць цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, ідуць на забойствы, — гэта і ёсць тая катэгорыя людзей, якая павінна ўтрымлівацца ў ізаляцыі. Зараз робяцца спробы гэту сітуацыю неяк развязаць.
— Калі паўстае пытанне аб адмене смяротнага пакарання, дзяржава спасылаецца на волю народа, выказаную на рэферэндуме 1996 года.
— Праводзіць рэферэндум па гэтым пытанні, калі людзі зусім не гатовыя да яго, было заўчасным крокам. Людзі ў гэтым пытанні не інфармаваныя. Людзям трэба было даць нагоду абмеркаваць гэтую праблему, паразважаць. З кожным годам працэнт насельніцтва, які выступае за смяротнае пакаранне, скарачаецца. Які ён на самай справе, цяжка сказаць, але гэта не той 81 %, які быў агучаны на рэферэндуме 1996 года. Падкрэслю, што ў іншых краінах смяротнае пакаранне адмянялася ў сітуацыі, калі большасць насельніцтва выступала за яго захаванне.
Класічны прыклад — Германія, дзе гэты від пакарання адмянілі ў 1949 годзе. І калі на наступны год пасля адмены смяротнага пакарання 55 % насельніцтва было за яго, то ў 1973 годзе «за» заставалася толькі 30 %, а ў 1976-м — 22 %.
Трэба дакладна разумець, што адмена смяротнага пакарання — гэта палітычнае рашэнне. І ў нашай дзяржаве толькі вышэйшае кіраўніцтва можа прыняць такое рашэнне.
— У большасці краін, дзе яшчэ існуе гэты від пакарання, уся інфармацыя публічная, у тым ліку і самі судовыя працэсы па такіх справах. У Беларусі ж усё адбываецца за зачыненымі дзвярыма.
— Што тычыцца статыстыкі ў дачыненні да вынесеных смяротных прысудаў, то яна цяпер усё ж даступная. У сакрэце трымаюцца звесткі аб колькасці прыведзеных у выкананне прысудаў. Самы красамоўны прыклад — два рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН, у якіх скаргі двух заяўнікаў (ад імя маці, сваякоў у Камітэт звярталіся праваабаронцы) прызнаныя абгрунтаванымі. Сапраўды, сваякі асуджаных да пакарання падвяргаюцца негуманнаму, бесчалавечнаму абыходжанню. Яны знаходзяцца ў поўным няведанні, дата прывядзення прысуду ў выкананне не паведамляецца і, прыносячы перадачы, маці не ведалі, што іх сыны ўжо расстраляныя. Атрымліваецца, што дзяржава як бы ўскладае долю адказнасці за здзяйсненне злачынства на сваякоў злачынцаў. І гэта — чарговы абсурд. Чаму гэтыя людзі павінны несці павялічаныя такімі адносінамі пакуты?
— У нашы дні сусветная тэндэнцыя — адмена смяротнага пакарання. З 192 краін-удзельніц ААН 146 адмовіліся ад гэтага віду пакарання. Як выглядае Беларусь на гэтым фоне?
— У першую чаргу трэба адзначыць той факт, што Беларусь застаецца адзінай дзяржавай у Еўропе, дзе смяротнае пакаранне захоўваецца дэ-факта і дэ-юрэ. З 56 дзяржаў АБСЕ ўсяго толькі ў дзвюх ужываецца смяротнае пакаранне, і ў пэўнай ступені гэта дзве дзяржавы-антыподы — Беларусь і ЗША. Калі разглядаць праблему ў кантэксце ААН, то сітуацыя пагаршаецца за кошт азіяцкіх, часткова афрыканскіх краінаў.
— Дарэчы, многія беларусы спасылаюцца на наяўнасць смяротнага пакарання ў ЗША.
— У гэтым параўнанні не ўсё так проста, як здаецца на першы погляд. Я паспрабаваў супаставіць статыстыку. У 1998 годзе ў нас было прысуджана да смяротнага пакарання 47 чалавек. У ЗША ў тым жа годзе — 306 чалавек. Насельніцтва нашай краіны — каля 10 мільёнаў чалавек, амерыканцаў на той момант было каля 266 мільёнаў, гэта значыць у 26,6 разы больш. Прыкладна трэць штатаў не прымяняюць смяротнае пакаранне. У выніку падлікаў атрымліваецца наступнае: каб ЗША дагналі Беларусь па колькасці смяротных прысудаў на мільён насельніцтва, да смяротнага пакарання там павінна было быць прысуджаны дзесьці 920–930 чалавек.
Зараз, вядома, сітуацыя змянілася. У Беларусі гадоў пяць таму сярод тых, хто адбываў пажыццёвае зняволенне, 30 % складалі асобы, якія здзейснілі забойства ўпершыню. Яны — не мацёрыя, не закаранелыя злачынцы ці маньякі. У большасці сваёй гэта асобы, якія ад ужытку алкаголю страцілі кантролю над сабой.
Я за беражлівае, сакраментальная стаўленне да чалавечага жыцця і супраць ілюзіі, што, забіваючы рукамі дзяржавы, мы змагаемся са злачыннасцю. У гэтым дачыненні пажыццёвае зняволенне значна больш суровае пакаранне. Гэта адпавядала б і нашым унутраным законам, Крымінальнаму кодэксу, які ставіць мэтай выпраўленне, і прынцыпам хрысціянства.
— А што магла б даць Беларусі адмена смяротнага пакарання?
— Адкрываецца шлях у Савет Еўропы. З уступленнем Рэспублікі Беларусь у шэраг еўрапейскіх канвенцый, звязаных з крымінальным правасуддзем, выдачай злачынцаў, да дзяржавы будзе зусім іншае стаўленне. Бо на дадзены момант арыштаванага за мяжой злачынцу, які здзейсніў цяжкія злачынствы на тэрыторыі Беларусі, нашай рэспубліцы не выдадуць, таму што тут прымяняюцца і катаванні, і смяротнае пакаранне.
Адмена смяротнага пакарання — неабходнейшы крок для Беларусі. Мы хочам прытрымлівацца еўрапейскай традыцыі, калі кажам, што з’яўляемся еўрапейскай дзяржавай. Еўропа яшчэ ў мінулым стагоддзі хацела стаць тэрыторыяй, свабоднай ад смяротнага пакарання. Беларусь не дазволіла Еўропе ажыццявіць гэты якасны прарыў.
Можа, для кагосьці гэта і падстава для гонару...

-----------------------------------------------------------------------------------------

Даведка:


Валеры Філіпаў, доктар фізіка-матэматычных навук, праваабаронца. Сябра праўлення РГА  «Прававая ініцыятыва», адзін з заснавальнікаў і сябра Рады Беларускага Хельсінскага Камітэта. Пад рэдакцыяй В. Філіпава выданы тры кнігі, прысвечаныя праву на жыццё: «Смяротнае пакаранне. Так? Не?» (2001 г.), «Адмена смяротнага пакарання ў Рэспубліцы Беларусь», «Права на жыццё і забарона катаванняў: еўрапейскія стандарты і заканадаўства Рэспублікі Беларусь» (2008 г. — трэцяе выданне).