Спорт па нядзелях. Смерць экс-футбаліста зборнай, гандбаліст на чале тэніса

Беларускі спорт працягвае ствараць рэчаіснасць, якая ёсць адлюстраваннем надзённага жыцця краіны. Што там адбывалася на сыходзячым тыдні — чытайце ў традыцыйнай падборцы апошніх падзей.

1_502.jpg

Ад каронавіруса памёр былы гулец зборнай Дзяніс Коўба

Сумныя звесткі прынес тыдзень беларускаму футболу. Адзін з самых паспяховых беларускіх гульцоў «нулявых» Дзяніс Коўба памёр у рэанімацыі адной з маскоўскіх інфекцыйных бальніц. Яму было 42 гады, і ў яго быў COVID-19.

Раней айчынны футбол ужо нёс страты праз пандэмію. Напрыканцы мінулага года пайшоў з жыцця каларытны функцыянер Уладзімір Пігулеўскі — кіраўнік сталічнага РЦАП БДУ і клуба «Энергетык». Крыху раней прайграў барацьбу з цяжкай хваробай Леанід Падліпскі — старшыня наваполацкага ФК «Нафтан». Аднак жа абодва гэтыя менеджары былі ў гадах — першаму 71 год, другому 73.

Дзяніс Коўба нядаўна зайшоў на пяты дзясятак — калі наперадзе яшчэ ўсё жыццё, толькі распачатая кар’ера трэнера і трэба выхоўваць дваіх непаўнагадовых сыноў. Але нездарма лекары кажуць: новыя штамы каронавірусу ўсё мацней б’юць па моладзі. І нават загартаваны ў спорце імунітэт не заўсёды спраўляецца. Арганізм Дзяніса Коўбы капітуляваў пад апаратам ШВЛ, і яго не стала.

Ураджэнец Віцебска, ён пакінуў Беларусь надзвычай рана — у 18 гадоў. Пераехаў ва Украіну, уладкаваўся ў каманду «Звязда» з Кіраваграда (зараз Крапіўніцкі). Стаўшы легіянерам у зусім юным узросце, так усю кар’еру за мяжой і правёў.

Кар’ера атрымалася спраўная. Пасля Украіны былі Расія, Чэхія, потым зноў Украіна. У Чэхіі з пражскай «Спартай» ён стаў чэмпіёнам і ўладальнікам Суперкубка, у Расіі зазнаў радасць ад бронзавых медалёў прэм’ер-лігі. Аднак, бадай, галоўная каштоўнасць яго футбольнага шляху — статус легенды, здабыты ў «Крылах Саветаў» з Самары. На берагах Волгі беларус з мянушкай Каўбой гуляў дзесяць гадоў, зарабіў там бясспрэчны аўтарытэт, правёў за мясцовы клуб больш за 250 матчаў і быў надта паважаны сярод заўзятараў.

2_459.jpg

На выклікі ў беларускую зборную Дзяніс Коўба адзываўся таксама з ахвотай. 35 матчаў у складзе нацыянальнай каманды — годны ўнёсак у яе дабрабыт, які ў мінулым дзесяцігоддзі не быў пустым словам. Гол у вароты Турцыі на 91-й хвіліне, што прынёс выязную перамогу ў таварыскай гульні ў 2004-м, добра памятаюць так званыя заўзятары са стажам.

Па сканчэнні гульнявой кар’еры Коўба вярнуўся дадому — у родны Віцебск, дзе камбэк самарскай легенды заўважылі і прапанавалі працу — на пасадзе трэнера ў структуры тамтэйшага аднайменнага клуба. Там ён і рупіўся, перадаючы досвед маладым пакаленням, пакуль аднойчы не адчуў сябе блага.

Дзяніс Коўба будзе пахаваны сёння. І менавіта ў Самары, дзе пражыў самыя шчаслівыя гады свайго нядоўгага жыцця.

Рутэнка змяніў Цяцерына на чале федэрацыі тэніса

4_388.jpg

Тры з паловай месяцы абыходзілася без кіраўніка Беларуская федэрацыя тэніса (БФТ) — якраз ад той пары, калі ў адстаўку паводле ўласнага жадання сышоў бізнесовец Сяргей Цяцерын. Гэта адбылося на тле няўдалага выступу беларускіх майстроў ракеткі (найперш, вядома, Арыны Сабаленкі) на Алімпіядзе ў Токіа і таму сенсацыяй не стала.

Сенсацыя здарылася пазней — у сераду 17 лістапада. БФГ нарэшце набыла новага старшыню, і ў гэтай ролі шаноўнай публіцы прадставілі нечаканую крэатуру — 40-гадовага Сяргея Рутэнку. Былога гандбаліста, праўладнага спартсмена, за якога выбарчая канферэнцыя прагаласала як за роднага — жвава і ахвотна.

Не сказаць, што спартыўная супольнасць ад такой навіны наўпрост аслупянела, бо інсайды ў прэсу пратачыліся раней — быў час пагаманіць. Дый анічога дзіўнага — і тым больш прынцыпова новага — такі кадравы зігзаг у айчынны спорт не прынёс. Выхад на тэнісны корт колішняга паўсярэдняга гандбольнай зборнай адбыўся фактычна ў стык з іншым аналагічным працаўладкаваннем — федэрацыю хакея Беларусі ўзначаліў былы вясляр і алімпійскі чэмпіён Аляксандр Багдановіч.

Сяргей Рутэнка Гульні не выйграваў, аднак па славутасці хакейнаму калегу аніяк не саступіць. За яго плячыма бліскучая гандбольная кар’ера і статус сапраўднага фенамена ручнога мяча. Ураджэнец пасёлка Прывольны выступаў у лепшых клубах Еўропы (адна іспанская «Барселона» чаго вартая), выйграў цэлую процьму тытулаў (шэсць перамог у Лізе чэмпіёнаў гавораць самі за сябе), любая еўрапейская каманда марыла бачыць беларуса ў сваіх шэрагах. Што казаць: былі часы, калі на трансферным рынку сусветнага гандбола менавіта Рутэнка з’яўляўся самым дарагім гульцом свету.

3_412.jpg

Ён мог бы зрабіць і кар’еру функцыянера ў сваім відзе спорта. Прынамсі, на адной з кіраўнічых пасадаў гандбольнай федэрацыі нейкі час працаваў — пакуль не ўзяў адстаўку праз непераадольныя непаразуменні са старшынёй Уладзімірам Канаплёвым. Той рэзанансны ўчынак грамадскасць ацаніла, аддаўшы належнае прынцыповасці зорнага гандбаліста і маладога бізнесоўца. Ніхто тады не мог і ўявіць, у які кіраўнічы кабінет Рутэнка ўвойдзе праз два гады.

Ён увашоў у тэніс — у якім наўрад ці разумее болей, чым у футболе, хакеі ці кёрлінгу. Такую ўжо своеасаблівасць мае беларускі спорт, і дзіўнымі кадравымі фортэлямі яго не здзівіць. У адным з першых каментароў наваяўлены старшыня БФГ адзначыў, што вучыць тэнісістаў гуляць ён не будзе — яго справа менеджарская, ён будзе кіраваць. Як у яго атрымаецца — паглядзім. А пакуль проста фіксуем чарговы эксперымент (нешта падказвае — не апошні) у чарговай федэрацыі, сутнасць якога цяжка спасцігнуць любому еўрапейскаму розуму. Аднак што нам Еўропа — мы людзі дасведчаныя, нам не прывыкаць.

Хакейнае «Дынама» пасля паспяховага старта серыйна прайграе

5_358.jpg

Яшчэ нейкі месяц-другі таму мінскае «Дынама» па-сапраўднаму здзіўляла Кантынентальную хакейную лігу — няспынна перамагала, караскалася ўверх у турнірнай табліцы і ўслых казала ні больш ні менш пра намер выйграць Кубак Гагарына.

Сёння «Дынама» здзіўляе зноўку — толькі ўжо зусім у іншым кантэксце. Бо ўслед за белай паласой раптам прыйшла чорная. І ўсё нажытое непасільнай працай нібыта ляціць пад адхон.

Лічыце самі. За апошні месяц «зубры» згулялі ў КХЛ роўна дзесяць матчаў. Колькасць здабытых перамог на гэтым адрэзку зневажальна малая — усяго дзве. І цяпер, канечне, месца ў табліцы іншае, пра Кубак ніхто не гаворыць — тут бы проста патрапіць у раунд плэй-оф. Цяжка марыць пра высокае, калі на родным лёдзе саступаеш тым жа маскоўскім аднаклубнікам з буйным лікам 3:7.

Што сталася прычынай неспадзяванага крызісу — пра тое хай разважаюць глыбокія хакейныя аналітыкі. Хаця і так зразумела, што прычын цэлы комплекс, і не на апошнім месцы сярод іх той самы таямнічы вірус, на які каманда пакутавала зусім нядаўна.

Зрэшты, на цяперашні момант з вірусам праблем няма. «Дынама» коўзаецца на лёдзе колькасна ў поўным складзе — у наяўнасці чатыры класічныя пяцёркі. Аднак на пераможную хвалю вярнуцца аніяк не ўдаецца. Можа, атрымаецца сёння — у дамашнім матчы з «Сібірру».

Фота ФК «Крылья Советов», handball.by, ХК «Дынама», сацсеткі.