Стануць грамадзянамі, будуць беларусамі

«Усход сталіцы» — пад такой назвай з’явілася ў Мінску грамадзянская ініцыятыва. Яе актывісты дапамагаюць жыхарам вырашаць сацыяльныя праблемы. Праз сумеснае змаганне за сацыяльныя правы — да развіцця грамадзянскай супольнасці. Такую мэту ставяць на перспектыву актывісты ініцыятывы.



7de32147a4f1055bed9e4faf3485a84d.jpg

«Усход сталіцы» — пад такой назвай з’явілася ў Мінску грамадзянская ініцыятыва. Яе актывісты дапамагаюць жыхарам вырашаць сацыяльныя праблемы. Праз сумеснае змаганне за сацыяльныя правы — да развіцця грамадзянскай супольнасці. Такую мэту ставяць на перспектыву актывісты ініцыятывы.
Адзін з яе стваральнікаў, Аляксандр Шпакоўскі, адзначыў, што яны не збіраюцца займацца палітыкай. «Калі чалавек не ведае, як знайсці ўправу на працаўніка ЖЭСа, то што гаварыць яму пра каштоўнасці свабоды і дэмакратыі? — сказаў ён. — Мы хочам на сёння хаця б навучыць яго адстойваць сваё элементарнае права. Напрыклад, каб было чыста ў пад’ездзе». А пасля, як лічыць Аляксандр Шпакоўскі, людзі пачнуць дабівацца і таго, каб іх дэпутат быў у парламенце.
І капрамонт, і наркаманы
Ініцыятыва дае бясплатныя прававыя кансультацыі па працы службаў ЖКГ, правядзенні капітальных рамонтаў і пытаннях адукацыі. Аказвае і практычную дапамогу, калі трэба скласці зварот у органы ўлады. «У нас ёсць эксперты па юрыспрудэнцыі, адукацыі і развіцці аматарскага спорту. Напрыклад, мы прыцягнулі ў кампанію былога супрацоўніка міліцыі, следчага, а зараз ён працуе юрыстам», — паведаміў Аляксандр Шпакоўскі.
У межах ініцыятывы створаны два сайты — www.vostok-minsk.info і www.frunze-minsk.info. На адным асвятляюцца праблемы Першамайскага, на другім — Фрунзенскага раёна. Актывісты абышлі жыхароў з анкетамі і правялі апытанне на сайтах. «Атрымалі даволі цікавыя вынікі, — сказаў Аляксандр Шпакоўскі. — Напрыклад, у Фрунзенскім раёне на другім месцы апынуліся праблемы алкагалізацыі і наркаманіі. А на першым, безумоўна, дрэнная праца ЖКГ і няякасны капрамонт».
Паводле яго словаў, займаюцца сайтамі і распаўсюджваюць інфармацыю аб кансультацыях каля 10 чалавек. А пад мерапрыемствы, той жа збор подпісаў, ініцыятыва можа задзейнічаць да 80 чалавек.
Пераважна людзі звяртаюцца да іх па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Хтосьці задае пытанні па грамадзянска-прававым адносінам — шлюбаразводным працэсе і падзеле маёмасці. Кансультуюць і па пытаннях дарожна-транспартных здарэнняў. А наогул, звязваюцца па разнастайных пытаннях.
«Не так даўно прыйшлося займацца наркаманамі, — распавёў Аляксандр Шпакоўскі. — Да нас на сайт звярнуліся жыхары дома з вуліцы Якубоўскага, дзе ў пад’ездзе збіраліся наркаманы. Мы з’ездзілі ва ўпраўленне па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў. Наркамана, які жыве ў гэтым доме, выклікалі на размову. Зараз у пад’ездзе ўсё стала ціха».
Даводзіцца змагацца і з алкагалізацыяй. Было сабрана 220 подпісаў жыхароў вуліцы Бельскага з патрабаваннем забараніць ноччу продаж алкаголю ў кругласутачнай краме «Азарэнне». Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька даслаў адказ. Улады прынялі палавінчатае рашэнне. «Забаранілі ноччу прадаваць прэйскурантную гарэлку, піва і пладова-ягаднае віно. А прадаюць спіртныя напоі ад 20 тысяч рублёў. Часткова гэта зняла праблему. Там ужо такіх цалкам асацыяльных асобаў, якія дзень і ноч стаялі, няма», — сказаў Аляксандр Шпакоўскі. — «Зараз ідзе збор подпісаў па капітальнаму рамонту аднаго з дамоў у Першамайскім раёне. Там затрымкі з капрамонтам. І вось так пакрыху спрабуем палепшыць якасць жыцця мінчукоў», — падсумаваў Аляксандр.
Падштурхоўваць да зменаў
Свой занятак у ініцыятыве Аляксандр Шпакоўскі аргументаваў некалькімі чыннікамі. «Мне не складана сустрэцца пасля працы з нейкім чалавекам і падзяліцца ведамі. І гэту гадзіну, якую я не пасяджу ля кампутара ці не пагляджу тэлевізар, я таксама правяду з карысцю. Па-другое, у кожнага сваё хобі. Хто на рыбалку ходзіць, камусьці цікавая грамадская дзейнасць. І яна не патрабуе вялікіх грошай. Ну зрабілі сайты, гэта не дорага. Выдалі налепкі. І, па-трэцяе, самае галоўнае — краіне патрэбны пазітыўныя змены. І змены ў першую чаргу павінны быць у свядомасці людзей».
Па першай адукацыі Аляксандр выкладчык гісторыі, цяпер заканчвае БДУ па спецыяльнасці юрыст. Працаваў вядучым спецыялістам у адміністрацыі Фрунзенскага раёна. Зараз працуе выкладчыкам у навучальнай установе.
Адсутнасць пазітыўных зменаў у Беларусі, на яго погляд, абумоўлена ў першую чаргу нізкай палітычнай і прававой культурай грамадства. «Людзі не ведаюць ні дэпутатаў ад улады, ні іх канкурэнтаў з апазіцыі, нікому не вераць, моўчкі чакаюць, што хтосьці прыйдзе і вырашыць іх праблемы. У той жа самы час і тых людзей, якія прэтэндуюць на палітычную ўладу ў краіне, па вялікім рахунку мала цікавіць сітуацыя з простымі грамадзянамі. І ім час спусціцца з нябёсаў на зямлю», — лічыць актывіст ініцыятывы.
«Я сам скончыў беларускую нацыянальную гімназію, вельмі добра стаўлюся да беларускай мовы. Разумею, што гэта пытанне трэба вырашаць. У нас з моўнай сітуацыяй катастрофа. Але гэта зусім не цікавіць народ, а толькі некалькі працэнтаў свядомых інтэлігентных людзей. Таму, каб дабівацца нейкіх станоўчых зменаў у краіне, трэба, каб чалавек зразумеў, што ён грамадзянін. Вось калі ён зразумее, што грамадзянін, то зразумее, што ён беларус».
Як падкрэсліў Аляксандр Шпакоўскі, толькі супольна можна вырашыць усе праблемы. Калі чалавек звяртаецца да ўладаў адзін, то часта атрымоўвае адпіску. А калі ідзе калектыўны зварот, гэта заўсёды перапалох, «разбор палётаў» і станоўчы адказ па праблеме.
«Мы дамагаемся, каб грамадства кантралявала ўладу. Па Канстытуцыі, адзінай крыніцай улады з’яўляецца народ. Грамадства павінна падштурхоўваць дзеючую ўладу да змяненняў. Калі людзі стануць дасведчанымі ў прававых адносінах, а потым і ў палітычных, сучасная мадэль кіравання будзе папросту не патрэбна. Нельга будзе кіраваць дырэктыўнымі метадамі. Таму што чалавек будзе адстойваць свае правы і сам выяўляць ініцыятыву да супрацы з органамі ўлады. А не чакаць, што за яго нешта зробяць ці вырашаць. Грамадства зараз аморфнае, а трэба, каб яно было актыўным развівалася, каб квітнела краіна. Вось асноўная мэта нашай дзейнасці», — рэзюмаваў прадстаўнік ініцыятывы «Усход сталіцы».