Суд над Паліенкам: непераканаўчыя доказы і апладысменты ў залі

Суд над актывістам Зміцерам Паліенкам пачаўся 11 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. 

Дзмітрый Паліенка ў судзе. Фота belapan.com

Дзмітрый Паліенка ў судзе. Фота belapan.com


Яго абвінавачваюць паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса РБ «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў», згодна з якім прадугледжаная адказнасць у выглядзе арышту, абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўлення волі на тэрмін да шасці гадоў. Акрамя гэтага, праваабаронцам з ліста ад Дзмітрыя Паліенкі стала вядома, што дадаткова яго абвінавачваюць паводле ч.2 арт.343 КК РБ «Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару», за што Паліенку можа пагражаць пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да чатырох гадоў.

У судовай залі няма вольных месцаў: прыйшло больш за сорак чалавек, сярод якіх родныя і сябры Дзмітрыя Паліенкі, грамадскія актывісты, журналісты. На працэсе прысутнічалі таксама прадстаўнікі амбасады ЗША і Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску.  

paliemka_sud_1.jpg


Напачатку судовага працэсу падсудны Зміцер Паліенка заявіў адвод суддзі Валерыю Есьману:

“Не давяраю суддзі, паколькі ён неаднаразова выносіў пастановы аб адміністрацыйным арышце актывістаў апазіцыі і ўдзельнікаў акцый”.

Пасля перапынку суддзя адхіліў адвод Паліенкі, спаслаўшыся на меркаванне пракурора і пацярпелага супрацоўніка ДАІ.

Прадстаўнік абвінавачвання, пракурор Алег Юркевіч зачытаў матэрыялы абвінавачвання па двух складах злачынства: па эпізодзе з ролікам парнаграфічнага зместу, спасылку на які Паліенка нібыта размясціў у суполцы “Вконтакте” і тым самым дзейсніў яго рэкламаванне.

Затым пракурор спыніўся на эпізодзе з  нападам на інспектара ДПС УУС Цэнтральнага раёна Уладзіміра Калтунова, які непасрэдна ажыццяўляў затрыманне актывіста.

Нагадаем, жорсткае затрыманне веласіпедыстаў-удзельнікаў «Крытычнай масы» адбылося ўвечары 29 красавіка 2016 года. У выніку грубых дзеянняў АМАПа, тады было затрымана 6 чалавек, якіх моцна збілі і адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна. Пазней чацвёра з затрыманых падпісалі пратаколы аб парушэнні правілаў дарожнага руху і аказанні супраціўлення супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ДАІ, а супраць дваіх былі распачатыя крымінальныя справы паводле арт.364 Крымінальнага кодэкса. Пазней справа ў дачыненні oдзельніка велазаезду Станіслава Канавалава была спыненая? і ён мусіў выступіць на судзе ў якасці сведкі, аднак на суд не з’явіўся па паважнай прычыне — хвароба, пацверджаная адпаведнымі дакументамі.

 

paliemka_sud_2.jpg


Пацярпелы Уладзімір Калтуноў распавёў суду, як падчас выканання загаду аб спыненні велапрабегу «Крытычнай масы» ён на хаду спыніў аднаго з раварыстаў — Канавалава, які ехаў на ровары па праезжай частцы і парушаў правілы дарожнага руху. У выніку яны ўпалі на асфальт. Калі пацярпелы пачаў падымацца, адчуў, што яго за руку трымае Паліенка і цягне руну назад уніз:


"Адчуў рывок курткі. Я яго схапіў за руку, а ён стаў вырывацца. Затым я зрабіў два ўдары Паліенку ў вобласць тулава, гэта ў адпаведнасці з законам. Ён пасля гэтага “лёг” на асфальт. У выніку ў мяне парваная куртка. Сам я не бачыў, што менавіта ён парваў куртку. Прэтэнзій да яго не маю, маёмасных прэтэнзій не заяўляў. Ніякага збіцця і іншых фізічных траўм у мяне не было".

Падчас апытання другога сведкі, старшага інспектара ДПС Аляксандра Дашукевіча, высветлілася, што ён не бачыў, што менавіта Паліенка парваў куртку Калтунову: «Я падбег да іх, калі яны ўжо ляжалі на зямлі. Бачыў толькі, як Канавалаў спрабаваў вырваць ровар з рук Калтунова, і тут падʼехаў Паліенка, які быў у сіняй байцы. І стаў хапаць за руку Калтунова".

 

На пытанне адваката Паліенкі сведка Дашукевіч яшчэ раз удакладніў, што не бачыў моманту, як Паліенка рваў куртку Калтунова, бо трымаў у гэты час Канавалава. Ці гаварыў той потым, што гэта Паліенка яму парваў куртку, сведка таксама не памятае.Трэцім сведкам стаў аўтааматар Вадзім Руткоўскі, які праязджаў міма і спыніўся, паколькі падумаў, што трэба аказаць дапамогу міліцыянтам. Ён не бачыў, што Калтуноў і Паліенка штурхаюцца, паколькі стаяў аўтамабіль, які замінаў, але заўважыў, што куртка у Калтунова была парваная: «Вялікі хлопец ляжаў на зямлі, яго спрабаваў затрымаць міліцыянт, тут да міліцыянта падскочыў маленькі хлопец і пачаў цягнуць за руку. Потым іх усіх схапілі АМАПаўцы і пацягнулі ў аўтобус".

Затым быў дапытаны бацька актывіста Аляксандр Мікалаевіч Паліенка. Ён распавёў суду, што сын вельмі добры, спагадлівы, мае ўласныя погляды на жыццё, дапамагае па гаспадарцы. Пасля сканчэння ліцэя працаваў слесарам на МАЗе, у краме. Пракурор запытаўся і аб тым, ці ведаў бацька, што сын ён браў удзел у розных акцыях, Дзень Волі, напрыклад, Чарнобыльскі шлях?

Актывістка Вольга Мікалайчык і іншыя прысутныя публічна абурыліся на пытанні пракурора пра ўдзел у акцыях. Іншыя яе падтрымалі. Суддзя ў выніку зрабіў заўвагу Мікалайчык.

Затым у судзе быў абвешчаны перапынак, каб расшукаць і даставіць у суд яшчэ двух сведак. Праз гадзіну ў суд з’явіўся сведка супрацоўнік АМАПу УУС Менгарвыканкама Гуцаў, які патлумачыў акалічнасці затрымання раварыстаў, удакладніўшы, што не бачыў, як Паліенка парваў куртку.

“Абвінавачаны знаходзіўся разам з роварам. Мы прымянілі сілу, каб забраць у яго ровар, і адвялі яго ў аўтамабіль”

Паколькі сведка Канавалаў не змог патрапіць на суд з-за пералому нагі, пракурор Юркевіч зачытаў пісьмовыя паказанні Канавалава, якія ён даваў пад час следства: «Зміцер ехаў за мной, мы з’ехалі з роварнай дарожкі на праезную частку, потым пачулі каманду супрацоўніка ДАІ, каб вярнуліся на тратуар. Мяне спрабаваў спыніць інспектар ДАІ, схапіў за ровар на хаду, мы паваліліся. Я спрабаваў падняцца, але той трымаў моцна і начапіў кайданкі. Бачыў, як Калтуноў паказваў парваную куртку і казаў іншым міліцыянтам: «Глядзіце, што ён зрабіў”»


Пасля перапынку пачалося вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы: рапарты інспектараў ДПС, вынікі шматлікіх экспертыз, пратаколы выняцця рэчаў і агляду запісаў з відэарэгістратраў аўтамабіля ДАІ, раздрукоўкі з інтэрнэту. Суддзя зачытваў дакументы хутка і вельмі ціха, цяжка было нешта разабраць. З-за гэтага прысутныя ў судзе гучна абурыліся і папрасілі яго казаць гучней. Адна з жанчын заявіла, што суддзя мусіць паважаць прысутных і казаць гучна ня толькі, калі на іх крычыць, але і калі зачытвае справу.

«Лёс чалавека, між іншым, вырашаецца. У мяне таксама сыны», — сказала яна.

Суддзя зачытаў вынікі экспертызы цялесных пашкоджанняў раварыста Канавалава, якога затрымалі разам з Паліенкам. У яго выяўленыя  4 крывападцёкі, ён казаў, што яго збілі пры затрыманні. У справе эксперты заявілі, што гэта магло быць "ад падзення на зямлю”. У Паліенкі зафіксаваныя сляды збіцця на твары.

Затым адвакат Паліенкі Таццяна Лішанкова настаяла на агалошванні ранейшых паказанняў пацярпелага Калтунова — «бо ўбачыла ў іх разыходжанні”.

Дзмітрый Паліенка зноў адмовіўся даваць паказанні і адказваць на пытанні пракурора. Пракурор зачытаў ягоныя паказанні, дадзеныя на папярэднім следстве. Ён сведчыў, што далучыўся да акцыі з-за цікавасці, даведаўшыся пра яе з інтэрнэту. Паліенка прызнаў, што цягнуў міліцыянта за рукаў курткі і пачуў, як куртка парвалася. Міліцыянт тады павярнуўся да яго і пачаў збіваць ужо яго. Не прызнаў, што перашкаджаў міліцыянту затрымліваць парушальніка, а толькі спрабаваў спыніць неапраўдана жорсткае збіццё раварыста.

Паводле эпізоду аб нібыта размяшчэнні Паліенкам «УКантакце» спасылкі на парнаграфічны ролік адвакат заявіла суду, што не даказаная прыналежнасць гэтай старонкі Паліенку. Не ўстаноўлена, калі і з якога абсталявання зроблены запіс. Цяпер у інтэрнэце гэтай старонкі няма, пра што сведчаць дакументы, якія прадставіла суду адвакат. Адвакат папрасіла і па гэтым эпізодзе Паліенку апраўдаць.

Цікава, што ў судзе быў зачытаны адказ Упраўлення паліцыі Санкт-Пецярбурга на запыт мінскіх следчых пра прыналежнасць акаўнта ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте”. Гэта запыт быў датаваны 16 сакавіка 2016 года. Гэта можа сведчыць толькі пра тое, што сілавікі даўно трымалі Паліенку “пад калпаком”, каб знайсці нагоду і падвергнуць яго крымінальнаму пераследу.

paliemka_sud_3.jpg


Пракурор заявіў, што віна Зміцера Паліенкі даказаная цалкам наяўнымі матэрыяламі па справе. Адмова Паліенкі ад дачы паказанняў — спосаб пазбегнуць пакарання. Супрацоўнікі ДАІ, паводле пракурора, дзейнічалі паводле закону, правамоцна прымянялі фізічную сілу. Парнаграфічнае відэа ў Паліенкі было размешчанае каля 3 гадоў таму, і ў яго была магчымасць яго выдаліць, аднак яго не выдаліў.

Пракурор папрасіў для Паліенкі 1 год пазбаўлення волі па першым эпізодзе і 2 гады па другім. У сукупнасці — прызначыць пакаранне на 2 гады зняволення з адтэрміноўкай на 2 гады, вызваліўшы з-пад варты, а таксама прызначыць яму прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

З апошнім словам на судзе выступіў Зміцер Паліенка. Ён перакананы, што яго хочуць ізаляваць з палітычных прычын, бо шмат удзельнічаў у апазіцыйных акцыях, за што яго неаднаразова каралі арыштамі і штрафамі. Адносна ўдзелу ў роварным заездзе «Крытычная маса» ён сказаў, што меў на гэта права паводле Канстытуцыі, што такія прабегі праводзяць ва ўсім свеце, больш чым у 30-ці краінах, але толькі ў Беларусі іх забараняюць. Пасля гэтага Паліенка зачытаў верш былога палітвязня Ігара Аліневіча “Забітае сумленне”.

Суд завяршыўся пад воклічы залы: “Жыве Беларусь!”

Прысуд актывісту Зміцеру Паліенку будзе абвешчаны заўтра, 12 кастрычніка, у 14 гадзін.


spring96.org