Пенсіянер накіраваў у Вярхоўны суд скаргу на дзеянні Вікторыі Шабуні
Барыс Бабок, інвалід сталага веку, у якога незаконна пачалі забіраць штраф, абскардзіў дзеянні суддзі Вікторыі Шабуні ў Вярхоўным судзе.
З 78-гадовага інваліда другой групы Барыса Бабка з райцэнтру Крупкі, што ў Мінскай вобласці, пачалі незаконна забіраць штраф. Гэта адбылося яшчэ да ўступлення ў законную сілу пастановы суддзі суду Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыі Шабуні ад 15 чэрвеня, якая аштрафавала пенсіянера на 420 рублёў за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні.
Пенсіянер накіраваў у Вярхоўны суд скаргу на дзеянні Вікторыі Шабуні.
Нагадаем, што 31 сакавіка на сталічнай плошчы Свабоды Барыс Бабок разам з іншымі актывістамі Грамадзянскай ініцыятыва супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры браў удзел у пікетаванні супраць адпісак чыноўніцтва на звароты грамадзянаў.
Пенсіянер абскардзіў пастанову суддзі першай інстанцыі ў Мінскім гарадскім судзе, дзе 4 кастрычніка адбыўся разгляд касацыйнай скаргі спадара Барыса.
Аднак 21 верасня ён даведаўся, што з ягонай пенсіі ў лік штрафу ўжо забраныя 110 рублёў. Ва ўпраўленні сацыяльнай абароны Крупскага райвыканкама інваліду выдалі копію пастановы суддзі Вікторыі Шабуні са штампам аб уступленні гэтага дакументу ў законную сілу.
4 кастрычніка суддзя Мінгарсуду Максім Лапко разгледзеў касацыйную скаргу пажылога інваліда ў ягоную адсутнасць і зацвердзіў пастанову Вікторыі Шабуні, якая ўрэшце ўступіла ў законную сілу.
У каментары НЧ Барыс Бабок назваў незаконнай пастанову Максіма Лапко, якая пацвярджаецца папярэднімі дзеяннямі Вікторыі Шабуні. “Не дачакаўшыся ўступлення свайго рашэння ў законную сілу, яна накіравала яго на выкананне, бо была ўпэўнена, што Мінскі гарадскі суд зацвердзіць яе пастанову”, — падкрэсліў пенсіянер. Што рабіць далей, ён вырашыць пасля атрымання адказу з Вярхоўнага суда на сваю скаргу на дзеянні Вікторыі Шабуні.
Нагадаем, што інжынер-механік Барыс Бабок шмат гадоў узначальваў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Крупскага раёна, працаваў намеснікам старшыні Крупскага райвыканкама па будаўніцтве, за сваю добрасумленную працу адзначаны ордэнам “Знак Пашаны” і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.