«Аб’яўлю галадоўку, калі пачнуць вылічваць штрафы з пенсіі»
Улады Бабруйска не дапамаглі 65-гадовай актывістцы Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры Любові Санкевіч аплаціць штрафы за несанкцыянаваныя пікетаванні.
За гэтыя акцыі на сталічнай плошчы Свабоды, што адбыліся 31 сакавіка і 12 траўня, жанчына двойчы пакараная судом агулам на 50 базавых велічынь — 1 050 рублёў. Памер яе пенсіі складае 290 рублёў.
За дапамогай у аплаце штрафаў пенсіянерка спачатку пісьмова звярталася да галавы дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандра Касінца, а затым у Бабруйскі гарвыканкам і Магілёўскі аблвыканкам.
Як паведаміла Любоў Санкевіч НЧ, раніцай 12 кастрычніка супрацоўнікі ўпраўлення сацыяльнай абароны Ленінскага раёну Бабруйска Вольга Нікалайчык і Наталля Галіцкая наведалі кватэру грамадскай актывісткі, якая дапамагае сыну выхоўваць дзвюх унучак, бо іх маці, на жаль, адышла ў лепшы свет.
Службовыя асобы зазначылі, што не могуць аказаць пенсіянерцы дапамогу ў аплаце штрафаў і папярэдзілі, што жанчына можа пашкодзіць сваім унучкам, калі і надалей будзе выходзіць на акцыі пратэсту.
«Хужэй, чым ёсць, не будзе. На пікетаванне выходзіла і буду выхадзіць. А калі пачнуць вылічваць штрафы з пенсіі — аб’яўлю галадоўку», — заявіла пенсіянерка чыноўніцам.
Былая бухгалтарка Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў Любоў Санкевіч адпрацавала на гэтым прадпрыемстве 12 гадоў і ў 2001 годзе была звольнена «за сістэматычнае невыкананне без уважлівых прычынаў абавязкаў, ускладзеных на яе працоўнай дамовай». Трэба мець на ўвазе, што 11 з паловай гадоў у Любові Санкевіч былі выключна падзякі за добрасумленную працу. Прычэпкі да яе пачаліся са зменай кіраўніцтва прадпрыемства і мелі месца ў апошнія пяць месяцаў працы на заводзе.
Пятнаццаць гадоў жанчына спрабуе ўзнавіць свае парушаныя правы, бо лічыць звальненне неабгрунтаваным і незаконным. Пазіцыю спадарыні Санкевіч падтрымала Генеральная пракуратура, якая вынесла два пратэсты на рашэнне суду першай інстанцыі, адхіленых Вярхоўным судом Беларусі.
У свой час жанчына паверыла галаве дзяржавы, які заклікаў грамадзянаў Беларусі беражліва адносіцца да дзяржаўнай маёмасці і змагацца з карупцыяй. Вось чаму яна і пачала выкрываць недахопы на прадпрыемстве і менавіта за гэта, на яе меркаванне, была звольнена з працы.