Тамару Сяргей могуць пазбавіць права кіраваць аўто

Да выплаты штрафу за несанкцыянаванае пікетаванне юрыстку Тамару Сяргей могуць пазбавіць права кіраваць аўто.

Пікет, які 31 сакавіка на сталічнай плошчы Свабоды зладзілі 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры

Пікет, які 31 сакавіка на сталічнай плошчы Свабоды зладзілі 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры


Пра такі намер гаворыцца ў звароце начальніка аддзелу прымусовага выканання Савецкага раёна Мінска Кацярыны Губарэвіч-Чалядзінскай да старшыні суду гэтага раёну Уладзімера Карнова. Яму накіраванае прадстаўлення аб пазбаўленні праваабаронцы права кіраваць аўто на перыяд выплату штрафу.  
Нагадаем, што 20 мая суддзя суду Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня аштрафавала Тамару Сяргей на 40 базавых велічынь (840 рублёў) за арганізацыю і ўдзел у недазволеным пікетаванні, што 31 сакавіка на сталічнай плошчы Свабоды зладзілі 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры.  Пенсіянеры і інваліды з розных рэгіёнаў краіны патрабавалі дыялогу з чыноўнікамі, якія даюць адпіскі на звароты грамадзянаў.  
27 ліпеня і 4 жніўня судовыя выканаўцы двойчы спрабавалі патрапіць у кватэру Тамары Сяргей, каб зрабіць агляд жылля і высветліць матэрыяльны стан праваабаронцы. У якасці падставы для агляду была названая вялікая сума штрафу, якую павінна ўнесці ў фонд дзяржавы юрыстка. Аднак яна адмовілася дапускаць судовых выканаўцаў у сваю кватэру.
29 ліпеня судовы выканаўца Настасся Шкрабо наклала арышт на жыллё спадарыні Тамары дзеля спагнання з яе штрафу. Праваабаронца расцаніла гэтыя дзеянні як доказ уціску, бо, згодна заканадаўству, спагнанне не можа быць звернута на кватэру, дзе грамадзянін стала пражывае.
Паколькі дзеянні суддзі Вікторыі Шабуні і судовай выканаўцы Настассі Шкрабо юрыстка палічыла неабгрунтаванымі і незаконнымі, яна пачала іх абскарджваць у розных дзяржаўных інстанцыях. Вынікам гэтых захадаў стала паведамленне з упраўлення сацыяльнага забеспячэння Савецкага раёну аб тым, што з верасня бягучага году штраф у памеры 840 рублёў будзе вылічвацца з пенсіі Тамары Сяргей. Аднак судовыя выканаўцы працягваюць прэсінгаваць юрыстку, пра што сведчыць намер пазбавіць яе права кіраваць аўто.
У каментары “Новаму Часу” праваабаронца зазначыла, што пазбаўленне права кіраваць аўто, як і арышт кватэры, з’яўляюцца мерамі забеспячэння выканання судовай пастановы. “Але ж судовая пастанова ўжо выконваецца два месяцы. Вось чаму я лічу гэтыя дзеянні судовых выканаўцаў мерамі ўціску на мяне”, — падкрэсліла Тамара Сяргей.