Павел Сапелка падаў у Мінгарсуд скаргу на закрытасць працэсу над Эдуардам Пальчысам

Павел Сапелка падаў у сакратарыят Мінскага гарадскога суда скаргу на закрытасць працэсу над рэдактарам сайта 1863х.com Эдуардам Пальчысам

sapelka_pavel.jpg


Юрыст праваабарончага цэнтра "Вясна" (афіцыйна зачынены ўладамі ў 2003 годзе) Павел Сапелка падаў у сакратарыят Мінскага гарадскога суда скаргу на закрытасць працэсу над Эдуардам Пальчысам, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
"Судовая ўлада — асобная галіна ўлады, і распарадак у будынку суда павінен усталёўваць толькі суд. Правы ўсіх жадаючых прысутнічаць пры разглядзе справы Пальчыса былі парушаныя. Па першых уражаннях я пакінуў скаргу ў сакратарыяце, у Кнізе заяў і прапаноў. Зараз рыхтую скаргі на дзеянні аховы суда ў Вярхоўны суд Беларусі і Міністэрства ўнутраных спраў", — паведаміў Сапелка.
Праваабаронцы адзначаюць, што задоўга да пачатку працэсу па справе Пальчыса былі прынятыя беспрэцэдэнтныя меры бяспекі: перыметр тэрыторыі суда ахоўваюць патрулі АМАП; на тэрыторыі знаходзіцца каля двух дзясяткаў супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, шмат міліцыі і ў памяшканні суда; з розных ракурсаў вядзецца аператыўная відэаздымка.
Пальчыса прывезлі ў суд у суправаджэнні некалькіх аўтамабіляў аховы, каля брамы выставілі кінолагаў з аўчаркамі. Некаторы час у суд не пускалі нават адваката падсуднага Ганну Бахціну, патрабуючы, каб яна разам са сваім пасведчаннем прад'явіла яшчэ і позву ў суд, хоць гэта не прадугледжана. Праваабаронца Таццяна Равяка, якая змагла трапіць у будынак, паведаміла, што пачатак пасяджэння затрымаўся на 20 хвілін з-за таго, што ў суд не пускалі адваката.
На працэс не пусцілі і прадстаўнікоў пасольства Швецыі, хоць дыпламаты спрабавалі растлумачыць ахове, што толькі суддзя мае права абвясціць аб рэжыме слуханняў і зрабіць іх закрытымі.
Разгляд крымінальнай справы Пальчыса праходзіць пад старшынствам суддзя Ігара Любавіцкага, паведамляюць праваабаронцы.
25-гадовы рэдактар сайта 1863x.com Эдуард Пальчыс, вядомы як Джон Сільвер, абвінавачваецца ў распальванні варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 КК).
У канцы жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска адбыўся грамадзянскі працэс аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863x.com. Слуханні таксама праходзілі ў закрытым рэжыме. Па выніках разгляду экстрэмісцкімі былі прызнаныя дзевяць артыкулаў, апублікаваных на сайце.
Сайт www.1863x.com быў створаны каля двух гадоў таму. На ім публікаваліся палітычныя тэксты, прычым нярэдка — з крытыкай уладаў Беларусі і Расіі.
Беларускія праваабаронцы лічаць Эдуарда Пальчыса палітвязнем.