У Мінску пачынаецца суд над рэдактарам сайта 1863x.com Эдуардам Пальчысам
У Мінскім гарадскім судзе сёння пачынаецца слуханне крымінальнай справы блогера, рэдактара сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса вядомага як Джон Сільвер.
25-гадовы Пальчыс абвінавачваецца ў распальванні варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў вырабе і распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 КК).
Пасяджэнне пачнецца ў 10.00 і пройдзе ў закрытым рэжыме — у зале суда будуць знаходзіцца толькі суддзі, удзельнікі працэсу і пракурор. Як паведаміла БелаПАН памочнік старшыні Мінгарсуда Анастасія Шыльвян, рашэнне аб закрытым рэжыме прынята на падставе артыкула 23 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. "Яму такія склады ставяцца ў віну, якія даюць падставы для правядзення судовага пасяджэння ў закрытым рэжыме. У гэтым артыкуле маецца на ўвазе, што, калі суд закрывае пасяджэнні, значыць, ёсць падставы для таго, каб не выдаваць нейкія звесткі", — сказала Шыльвян.
Артыкул 23 КПК гаворыць, што разбор крымінальнай справы на закрытым судовым пасяджэнні дапускаецца "толькі ў інтарэсах забеспячэння аховы дзяржаўных сакрэтаў і іншай тайны, якая ахоўваецца законам, а таксама па справах аб злачынствах, учыненых асобамі, якія не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту, па справах аб палавых злачынствах і іншых справах у мэтах прадухілення выдавання звестак пра інтымныя бакі жыцця асоб, якія ўдзельнічаюць у справе, альбо звестак, якія зневажаюць іх годнасць, і ў выпадку, калі гэтага патрабуюць інтарэсы арганізацыі бяспекі пацярпелага, сведкі ці іншых удзельнікаў крымінальнага працэсу, а таксама членаў іх сем'яў або блізкіх сваякоў і іншых асоб, якіх яны абгрунтавана лічаць блізкімі".
Аб затрыманні ў Расіі Пальчыса стала вядома ў канцы студзеня гэтага года. Высветлілася, што ён утрымліваецца ў турме Бранска. Паведамлялася таксама, што беларус быў затрыманы 23 студзеня ў Бранскай вобласці пры перасячэнні расійска-ўкраінскай мяжы. Затым Пальчыс быў этапаваны ў Беларусь.
У канцы жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска адбыўся грамадзянскі працэс аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863x.com. Слуханні таксама праходзілі ў закрытым рэжыме — на гэтым настаяў прадстаўнік Следчага камітэта, якога падтрымаў суд. Па выніках разгляду экстрэмісцкімі былі прызнаныя дзевяць артыкулаў, апублікаваных на сайце. Пальчыса на пасяджэнне не прывезлі, ён тады знаходзіўся ў следчым ізалятары ў Жодзіне.
Сайт www.1863x.com быў створаны каля двух гадоў таму. На ім публікаваліся палітычныя тэксты, прычым нярэдка — з крытыкай уладаў Беларусі і Расіі. Стваральнік рэсурсу вёў яго на ўмовах поўнай ананімнасці. Адзіным сродкам сувязі з рэдактарам быў інтэрнэт, з дапамогай якога ён кантактаваў з аўтарамі і даваў інтэрв'ю. У лістападзе 2015 года Джон Сільвер напісаў: "Роўна паўгода таму, 5 мая 2015 года, я быў затрыманы аператыўнай групай спецслужбаў, месяц правёў у "псіхушцы", на мяне завялі дзве крымінальныя справы, і ў пачатку кастрычніка 2015 года мне давялося пакінуць Беларусь". З таго часу сайт не абнаўляўся.
Прадстаўнікі дэмакратычных сіл і праваабаронцы Беларусі лічаць крымінальную справу блогера палітычнай. 5 кастрычніка шэсць беларускіх арганізацый, уключаючы Беларускую асацыяцыю журналістаў, выступілі з сумеснай заявай, у якой прызналі Пальчыса палітычным вязнем. Паводле іх ацэнкі, публікацыі, за якія будуць судзіць Пальчыса, з'яўляюцца "не больш чым аўтарскай думкай аўтара на шэраг гістарычных падзей і фактаў" і "не ўтрымліваюць доказаў распальвання вайны, насілля або нянавісці, не ўяўляюць пагрозы для нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку або здароўя і маральнасці грамадства".
Напярэдадні сённяшняга суда "Рэпарцёры без межаў" заклікалі беларускія ўлады неадкладна вызваліць Эдуарда Пальчыса. "У святле нядаўняга незалежнага экспертнага аналізу" пастоў блогера Эдуарда Пальчыса абвінавачанні ў яго адрас безгрунтоўныя, гаворыцца ў заяве гэтай міжнароднай праваабарончай арганізацыі.