«Суткі», штрафы, падазрэнні ў крымінальнай справе. Чым скончыліся масавыя затрыманні ў Бабруйску?
У Бабруйску затрыманым 12 студзеня прысудзілі «суткі» і штрафы. Яны правялі ў мясцовым ізалятары больш за тры дні. Судзілі іх там жа.
12 студзеня ў горадзе адбыліся масавыя вобшукі і
затрыманні. Нагодай для іх стала, нібыта, крымінальная справа за
апублікаванне ў адным з тэлеграм-каналаў асабістых звестак двух міліцыянтаў.
Пасля допытаў зняволеных адпраўлялі ў ізалятар. У ім, як паведамлялі розныя
крыніцы, магло быць ад 12 да 15 чалавек, паведамляе «Свабода».
Пяцёра застаюцца ў ізалятары
25 студзеня родныя прыйшлі да ізалятара. Як кажа актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Галіна Смірнова, у вязніцы адмовіліся гаварыць ёй, ці тут затрыманыя, таму ў пракуратуру падалі заяву аб знікненьні людзей. Судзіць зняволеных пачалі ў другой палове дня.
12 «сутак» арышту далі Яўгену Габраляну.
Па 10 — Дзмітрыю Косціну і Івану Манько.
У ізалятары засталіся падазраванымі ў крымінальнай справе медыкі Дзмітрый і Юлія Яськевічы.
Пасля трох сутак са штрафам 580 рублёў выпусцілі Ірыну Сурыгіну, 435 рублёў прысудзілі Кацярыне Барадаевай і 290 — Алене Стрыгуновай.
Інваліда трэцяй групы Сяргея Бяляева вызвалілі пасля трох дзён арышту без штрафу. Пад арыштам у яго застаецца аўтамабіль.
Справу супраць Андрэя Сініцы адправілі на дапрацоўку. Ён, як і ўсе затрыманыя 22 студзеня, прабыў у ізалятары тры дні.
Забралі за «звесткі аб міліцыянтах», асудзілі за бел-чырвона-белы сьцяг
Ірыну Сурыгіну, маці траіх дзяцей, аштрафавалі за фатаграфаванне з бел-чырвона-белым сцягам. 22 студзеня ў яе кватэры прайшоў вобшук. Жанчыне патлумачылі, што яна можа мець дачыненне да «зліву інфармацыі пра міліцыю» ў адзін з тэлеграм-каналаў. У гаспадыні кватэры забралі тэлефоны, даручэнне на распаўсюд «Народнай волі», падпісныя аркушы за змены артыкула 23.34, а таксама колькі бел-чырвона-белых прадметаў.
У міліцыі, куды Ірыну даставілі пасля вобшуку, паказалі
фатаздымкі, дзе яна стаіць са сцягам. Яна кажа, што ёй прапанавалі: альбо
прызнанне віны і «ідзе дамоў», альбо інкрымінуюць іншы артыкул. Жанчына
прызналася, што фатаграфавалася са сцягам, але ўсё роўна яе завезлі ў
ізалятар. Туды яна трапіла позна ноччу. Пасцельную бялізну ёй выдалі толькі на
наступны дзень. Ноч спалі на голых ложках. Пакармілі толькі 24 студзеня.
Пад хапун трапіў і журналіст. Ён на волі
У карэспандэнта інтэрнэт-выдання «Бобруйский курьер» Віктара Качана 22 студзеня таксама адбыўся вобшук. Па словах журналіста, ён праводзіўся ў межах крымінальнай справы, распачатай за апублікаванне ў адным з тэлеграм-каналаў асабістых звестак двух міліцыянтаў. Міліцыянты забралі сістэмны блок камп'ютара, фотаапарат, тэлефоны, «старыя» нататнікі.
Пасля вобшуку Віктара чатыры гадзіны трымалі ў аддзеле
міліцыі. З пытанняў супрацоўнікаў крымінальнага вышуку ён зрабіў выснову, што
ягоныя тэлефонныя гутаркі праслухоўваюцца.
З міліцыі журналіста перадалі ў мясцовы аддзел Следчага
камітэту, дзе допыту чакалі яшчэ колькі затрыманых. Следчых цікавіла, якія
інфармацыйныя рэсурсы ў інтэрнэце ён праглядае, паказвалі нумар тэлефона, з якога, як ён зразумеў, былі апублікаваныя звесткі пра міліцыянтаў.
Затрымліваць не сталі.
На наступны дзень Віктара зноў выклікала следчая —
«удакладніць пару пытанняў» — і ўзяла ў яго, як у сведкі, падпіску аб
неразгалошванні. Журналіст мяркуе, што ім зацікавіліся аператыўнікі, бо ён
трапіў у спісы ўдзельнікаў пратэставых акцыяў. Ён падкрэслівае, што ў
пратэстах не ўдзельнічаў, а прысутнічаў на іх, выконваючы прафесійныя абавязкі
журналіста.
«Унутрана я быў гатовы да затрымання, — падсумоўвае Віктар
Качан. — Страху не адчуваў, бо нічога не рабіў крымінальнага. Было непрыемна,
аднак, калі падчас вобшуку корпаліся ў маіх рэчах».