Свянцоныя дарогі, чырвона-зялёныя амулеты і абрады вакол трактараў — тагасветныя рытуалы сакавіка

«Год якасці», што крочыць па беларускіх гарадах і вёсках, пачынае набываць звышнатуральнае аблічча. Звяртацца па дапамогу даводзіцца ў свет іншы — да духаў крынжу і цудатворнага аднаўлення інфраструктуры. Глядзім, якімі падзеямі адзначыўся трэці месяц «года якасці».

Асвячэнне дарог на Случчыне. Фота: t.me/slutskgorodby

Асвячэнне дарог на Случчыне. Фота: t.me/slutskgorodby

Наш традыцыйны агляд пачнем з абавязковай часткі — былога ганарлівага дасягнення, якое вылучала кіраўніцтва Беларусі на фоне Расіі, Украіны ды іншых постсавецкіх дзяржаў.

Пасля страты еўрапейскага фінансавання замест грандыёзных рэканструкцый, як гэта было з трасай Мінск — Горадня, што стала «беларускім аўтабанам», краіна атрымала застой з павольным самазнішчэннем дарожнага пакрыцця. Цяпер разбурэнне міфу пра добрыя дарогі прызнаюць не толькі беларускія і замежныя кіроўцы, але і рэжым. У загалоўках праўладных медыя цягам апошніх месяцаў усё часцей фігуруюць словы «разбіты асфальт», а сам Лукашэнка загадаў «аднавіць усе дарогі па ўсёй краіне да 9 траўня». 

На Случчыне да выканання загаду прыступілі нетрадыцыйнымі метадамі: пасля шэрагу аўтакатастроф у раёне былі асвечаны некалькі ўчасткаў дарог. Так, ДАІ запрасілі на «рэйд» бацюшку Сяргея, каб той папырскаў вадой на дарожнае пакрыццё ў месцах, дзе ў сярэдзіне сакавіка цягам некалькіх дзён загінулі чатыры чалавекі. Сыходзячы з фотаздымкаў, для гэтага нават быў спынены рух аўтамабіляў.

Ініцыятарам абраду стала Дзяржаўтаінспекцыя. Але, магчыма, яны наўпрост паблыталі словы «асвячэнне» і «асвятленне»!

Дарэчы, у 2019 годзе такі ж абрад праводзілі ў суседнім Салігорску, дзе падобныя дзеянні назвалі крайняй мерай.

«Дзяржаўтаінспекцыя прымае ўсе меры па змяншэнні аварыйнасці на гэтым участку дарогі: штучная няроўнасць, які ў народзе называюць "спячым паліцэйскім", асвятленне, ну і апошні шанс — запрошаны былі святары для асвячэння дадзенай мясцовасці, каб пазбегнуць такіх моцных і смяротных зыходаў, аварыйнасці», — распавядалі ў мясцовым ДАІ.

 Пераходзім да наступнай тэмы, якая неспадзявана перасякаецца з папярэдняй — ураджаю. Пасля сыходу снегу высветлілася, што на поўдні сельскагаспадарчай дзяржавы, у Рагачоўскім раёне, згніла 50 тон цукровых буракоў, піша «Гомель Праўда».

Далейшы разбор паказаў, што ў снежні мінулага года пасля адмовы цукровага завода ў прыёмцы забруджанага і падмарожанага бурака, дырэктар сельгасарганізацыі даручыў падначаленым пакінуць караняплоды на ўскрайку поля. Непрыняцце мер па захаванасці і выкарыстанні прадукцыі прывяло да яе псуты. Шкода гаспадарцы склала 4,5 тысячы рублёў.

Адзначаецца, што буракі можна было выкарыстоўваць для корму жывёлаў, бо і ў цяперашнім і ў мінулым зімовых перыядах гаспадарка адчувала недахоп кармоў і выконвала іх закупкі.

 Страчаныя буракі на Рагачоўшчыне. Фота: КДК Беларусі

 Страчаныя буракі на Рагачоўшчыне. Фота: КДК Беларусі

Каб такой бяды выпадкова не трапілася ў «год якасці», гаспадарнікі з Жабінкаўскага раёна звярнуліся па абарону ад няўдач ды праклёнаў да вышэйшых аграсілаў!

Перш-найперш, на люстэркі задняга віду трактараў (у тым ліку амерыканскіх!) былі ўзняты чырвона-зялёныя стужкі, мясцовы бацюшка папырскаў вадой на саламянае пудзіла, трактары і людзей у працоўным адзенні, а пасля пачытаў малітву перад сельскагаспадарчым транспартам. Напрыканцы відэа працаўнікі завязваюць адзін аднаму бела-блакітныя паясы і выконваюць абрады з зернем.

З не меней аўтэнтычным матэрыялам можна азнаёміцца ў афіцыйным Instagram-профілі аграгарадка Махава Магілёўскага раёна, у якім мясцовыя «SMM-шчыкі» выдаюць найбуйнейшыя порцыі крынжу.

Вашай увазе «Навядзенне парадку па добраўпарадкаванні на тэрыторыі Махаўскага сельсавету»! 

Навядзенне парадку па добраўпарадкаванні на тэрыторыі Махаўскага сельсавету». Фота: Instagram: @mahovo.live

Навядзенне парадку па добраўпарадкаванні на тэрыторыі Махаўскага сельсавету». Фота: Instagram: @mahovo.live

Увогуле, гэта найбольш эталонны акаўнт, які адлюстроўвае ўсю красу лукашэнкаўскай «якасці» ў спалучэнні з публікацыямі любові да Расіі, воінскага гонару і ўсіх дзяржаўных святаў. Татальная разруха, прапітыя твары, прыцягненне маленькіх дзяцей да бясплатнай працы і апраўданне адсутнасці камунальных служб на далоні. 

Наступны прыпынак: Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці.

Збанкрутаваны Пліскі льнозавод, размешчаны ў гарадскім пасёлку Падсвілле, быў прададзены прыватнаму ўласніку за 1480 BYN. На піку працаздольнасці на прадпрыемстве былі уладкаваныя больш за 400 супрацоўнікаў. У 2015 годзе быў распачаты працэс банкруцтва льнокамбіната, які завяршыўся ў 2017 годзе, пішуць «Народныя навіны Віцебска».

Гэты лот быў найбуйнейшым невыкарыстоўваемым аб'ектам дзяржаўнай маёмасці. Комплекс будынкаў і збудаванняў былога Пліскага льнозавода размешчаны на 15 гектарах, уключае 24 будынкі і збудаванні, з агульнай плошчай будынкаў амаль 25 000 квадратных метраў. Усё гэта было рэалізавана за 13 базавых велічынь. 

Пліскі льнозавод. Фота: «Народныя навiны Віцебска»

Пліскі льнозавод. Фота: «Народныя навiны Віцебска»

Раніцай 18 сакавіка 63-гадовая загадчыца склада мінеральных угнаенняў у аграгарадку Арэхава Магілёўскай вобласці праводзіла ўборку тэрыторыі комплексу. Калі яна знаходзілася ля збудавання, сцяна раптам абрынулася, у выніку чаго жанчына атрымала сур’ёзныя траўмы галавы і рукі, і ў стане сярэдняй ступені цяжкасці была гаспіталізавана ў шпіталь. Іншыя супрацоўнікі знайшлі яе пад заваламі — спадарыня цудам не загінула.

Пашкоджаная сцяна на складзе мінеральных угнаенняў. Фота: «Магілёў Анлайн»

Пашкоджаная сцяна на складзе мінеральных угнаенняў. Фота: «Магілёў Анлайн»

***

Удзел так званых «святароў» на адкрыцці аб’ектаў ды падчас мерапрыемстваў, ніяк не звязаных з рэлігійнай тэматыкай, здабывае сталы і нармалізаваны характар, што сведчыць пра паспяховае пусканне метастаз расійскіх скрэп у беларускае грамадства. Калі яшчэ некалькі гадоў таму гэта былі хутчэй унікальныя выпадкі, якія сустракаліся толькі падчас прарасійскіх ці зусім вар’яцкіх падзей, то цяпер мы маем зусім іншае становішча. 

Але вада — не асфальт, вада — не бетон, вада — не тынкоўка, будзь яна свянцонай ці звычайнай. Адрэмантаванае асфальтам, бетонам, тынкоўкай не разбураецца. Папырсканае вадой — трашчыць, гарыць і выбухае.

Нагадаем, у студзені Лукашэнка падпісаў Указ «Аб аб'яўленні 2024 года Годам якасці».

«Прыярытэтнай увагай» улады назвалі дасягненне высокай якасці жыцця, што ўключае якаснае абслугоўванне населеных пунктаў, дастатковы ўзровень даходу, здаровае харчаванне, добрую адукацыю, культурнае правядзенне вольнага часу ды іншыя пункты.