«Беларускі транспарт — як iPhone, толькі на колах». Краіна мары на экране тэлевізара

 У межах абагаўлення «якасці» беларуская прапаганда выпусціла грандыёзны рэпартаж пра «найразумнейшы транспарт у свеце». Адметна, што электарат штодзень сутыкаецца са зваротным: але калі ў Мінску гэта лясканне кітайскага пластыку ды пах тасолу на ўвесь салон, то ў рэгіёнах — ужо цалкам разбіты транспарт.

vokladka_83.jpg

Пачнем з трамваяў! Паводле генеральнага дырэктара мінскага «BKM Holding» Тараса Мурога, сёлета ў сталіцы павінны з’явіцца новыя трамваі ад Белкамунмашу. Яшчэ з дзясятак абяцаюць адвезці ў паўднёвы Мазыр. Але ёсць адна дэталь — такой колькасці рэйкавага рухомага складу за два дзесяцігоддзі не атрымаў нават Мінск.

Апошняе міні-абнаўленне мінскага трамвая адбылося аж 15 гадоў таму: тады было пастаўлена пяць сучлененых нізкападлогавых трамваяў АКСМ-843, вядомых у сталіцы як «чырвоненькія». Паводле транспартных форумаў, праз сталыя няспраўнасці гэтай мадэлі на лінію часам выпускаюць толькі некалькі з іх. Былі і месяцы, калі іх цалкам прыбіралі ў дэпо.

Усю астатнюю частку парка складаюць трамваі 2001 года выпуску, тэрмін службы якіх заканчваецца ў наступным годзе. Гэта абсалютна некамфортныя састарэлыя мадэлі з высокай падлогай, жудасным аздабленнем, выкананым нібыта са смецця і шрубаў, адсутнасцю кандыцыянавання, мультымедыйнай сістэмы, дрэннай колавай базай. Што да іншых беларускіх гарадоў, у большасці сітуацыя аналагічная, але, напрыклад, у складзе Мозырскага хуткаснага трамваю ўвогуле пераважаюць савецкія КТМ-5.

Мазырскі трамвай. Фота: Transphoto

Мазырскі трамвай. Фота: Transphoto

Раней улады мелі намер абнаўляць трамваі якаснай мадэллю «Мяцеліца» ад вытворцы Stadler: такі састаў нават быў арандаваны ў 2019 годзе з нагоды правядзення Другіх еўрапейскіх гульняў. Дзеля справядлівасці, гэта быў глыток свежага паветра і час надзеі на будучыню беларускага транспарту — пасажыры сапраўды былі ў захапленні ад новай мадэлі. Пасля заканчэння тэрміну арэнды «Мяцеліца» пераехала ва ўкраінскі Харкаў, а мінчукоў працягнулі карміць абяцанкамі пра хуткую закупку гэтых трамваяў.

 Трамвай «Мяцеліца» ў Мінску, 2019 год. Фота: mazay105

 Трамвай «Мяцеліца» ў Мінску, 2019 год. Фота: mazay105

У выніку ўвядзення санкцый Stadler прыпыніў вядзенне бізнесу ў Беларусі, пакінуўшы найбольш рэнтабельны ў краіне транспартны завод да лепшых часоў.

Цяпер у Мінску павінен з’явіцца «імпартазамешчаны» трамвай ад Белкамунмашу, які «адпавядае ўсім сусветным трэндам і з пункту гладжання якасці і ні чым не саступае сусветным аналагам».

«То-бок абсалютна нізкая падлога, на 100 адсоткаў, камфорт пасадкі, выхаду, абсалютна мікрапрацэсарнае кіраванне. Я кажу: гэта iPhone, толькі на колах», — кажа Тарас Мурог.

Насамрэч, відавочна, нізкападлогавыя трамваі не з’яўляюцца ніякім міжнародным трэндам — для еўрапейскага горада гэта звычайная норма яшчэ з 80-х гадоў мінулага стагоддзя. 

Глядзіце таксама

Няўзброеным вокам заўважна, што новы беларускі трамвай па сваёй форме і размяшчэнні элементаў максімальна нагадвае мадэлі расійскіх вытворцаў. Прывядзем дужа іранічную цытату на гэты конт.

«У саюзнай дзяржаве і на ўсёй постсавецкай прасторы мы сапраўды заканадаўцы моды», — адзначаецца ў рэпартажы.

 Новы «перадавы» беларускі трамвай

 Новы «перадавы» беларускі трамвай

Тым не менш, на фоне таго, што ў гарадах Расіі за апошнія два гады згарэла каля 20 аўтобусаў беларускай вытворчасці, цяпер з экспартам існуюць пэўныя напругі. Расійскія медыя не ўтойваюць, што адбылося гэта праз наступствы санкцый: на МАЗе перайшлі на новыя кітайскія камплектуючыя, якія раптоўна аказаліся не такімі якаснымі, як заходнія.

«Пачалі разбірацца, задаю пытанне: а ў іншых рэгіёнах Расіі? У нас жа не гараць аўтобусы. У іншых рэгіёнах Расіі не гараць», — так пракаментаваў Лукашэнка падзеі ў Пецярбургу.

Беларускі аўтобус з сімвалам расійскай агрэсіі ў Расіі

Беларускі аўтобус з сімвалам расійскай агрэсіі ў Расіі

Намеснік гендырэктара БКМ кажа, што ў прадпрыемства ёсць пэўныя напрацоўкі па супрацоўніцтву з паўночна-афрыканскімі краінамі ды В’етнамам. Калі ў паўночнай Афрыцы існуе ўмоўная егіпецкая Александрыя, якая цягам апошніх часоў сапраўды абнаўляла рухомы склад трамваяў, то в’етнамскі тралейбус і трамвай былі знішчаны больш за 30 гадоў таму. Магчыма, гаворка можа ісці пра электробусы, але нават пры выпадковым збегу абставін, калі гэта акажацца праўдай, колькасць адзінак у пастаўцы будзе ісці на штукі.

 Тут жа паднімаецца пытанне беларускага электробуса са стырном з правага боку, створанага спецыяльна для Вялікабрытаніі.

«Ён нам спатрэбіцца: у нас, наколькі мы ведаем, па геаграфіі, здаецца, 80 краін з правабаковым рухам, таму ўсё наперадзе», — адказвае кіраўнік галоўнага ўпраўлення тэхнолага БКМ Юрый Іваноў. Колькі з іх маюць неабходную інфраструктуру, сродкі і жаданне набываць тэхніку ў рэжыму Лукашэнкі, не адзначаецца.

Аўтобус з чырвона-зялёным сцягам і выцвілым надпісам «За Беларусь», Крычаў, 2021 год. Фота аўтара

Аўтобус з чырвона-зялёным сцягам і выцвілым надпісам «За Беларусь», Крычаў, 2021 год. Фота аўтара

Пераходзім да найбольш крынжовай часткі рэпартажу: у ёй пад кадры тралейбуса 2003 года выпуску гледачам распавядаюць пра «самы перадавы транспарт у свеце».

«Цяпер транспарт Белкамунмаш — гэта, не пабаюся гэтага слова, дыскатэка, бо для пасажыраў створаны ўсе ўмовы», — пачуццёва расказвае намеснік галоўнага канструктара Сяргей Карасюк. Сярод перадавой «дыскатэкі» ў транспарце прыводзяцца наяўнасць разетак і дысплэяў для медыякантэнту. Дарэчы, на апошніх пасля 2020 года прайграваюцца выключна прапагандысцкія ролікі, відэа з паказальнай работай сілавікоў, паштоўкі з віншаваннямі да дзяржаўных святаў і рэклама.

 Яшчэ адна «ўнікальная беларуская тэхналогія» — пандус для пасажыраў з абмежаванымі магчымасцямі, прычым не аўтаматычны. Вядома, тут і тлумачыць няма чаго: гэта не тое, каб норма для любага еўрапейскага горада, а такая ж базавая дэталь аўтобуса, як кола і рухавік.

«Хоча спажывец дызельны аўтобус — мы робім дызельны аўтобус. Хоча спажывец газавы аўтобус — мы робім газавы аўтобус. Хоча спажывец электрычны аўтобус — мы робім электрычны аўтобус. Пры чым канструкцыя не змяняецца, змяняецца толькі начыненне. Гэта ўніверсальная распрацоўка нашых канструктараў», — расказвае генеральны дырэктар МАЗ Валер Іванковіч.

Камфортам таксама называецца магчымасць не забірацца ў аўтобус па прыступках і аплаціць праезд праз валідатар. Гэта, безумоўна, ужо іншая тэма і іншы боль, але з галоўных абсурдных канцэпцый Мінсктрансу з’яўляецца неабходнасць шукаць асобны апарат для актывацыі праязнога на прыпынках, праходзіць вялізную аўтарызацыю з указаннем пашпартных даных у прыладзе «Аплаці» і прыхіляць доўгатэрміновы праязны пры кожным уваходзе ў транспарт. У той жа бліжэйшай Вільні гэта неабходна зрабіць адзін раз на месяц.

Свята пастаўкі новых тралейбусаў у Гродне. Фота: Вечерний Гродно

Свята пастаўкі новых тралейбусаў у Гродне. Фота: Вечерний Гродно

Што да новага транспарту ад МАЗу і БКМ, сярод найважнейшых праблем пасажыры беларускіх гарадоў вылучаюць нізкую якасць зборкі і матэрыялаў, праз што на роўным асфальце трашчыць літаральна кожная дэталь, моцны пах тасолу ў салоне аўтобусаў, часта непрацуючыя сістэмы кандыцыянавання і ацяплення, нязручную кампаноўку сядзенняў і дзвярэй, дрэнную якасць шпатлявання і афарбоўкі, адсутнасць назапашвальнай пляцоўкі для ровараў ды агульную забарону на іх правоз.