Добрая памяць супраць беларускай эканамічнай мадэлі

Дрэннаму танцору перашкаджае што? Больш за ўсё — не, не тое, пра што вы падумалі, а нежаданне бачыць свае недахопы. Прычым, гэта настолькі відавочнае нежаданне, што міжволі ўзнікае пытанне: гэта сапраўды нежаданне, ці проста хвароба? І такое пытанне ўзнікае, калі слухаеш Лукашэнку.

Ілюстрацыйны малюнак з basetop.ru

Ілюстрацыйны малюнак з basetop.ru

Інтэрнэт зноў расцягнуў на цытаты яго выступ на нарадзе па пытаннях развіцця прамысловасці. Праўда, зыходзячы з тэксту выступу, дакладней гэтую нараду трэба было б назваць «па пытаннях дэградацыі прамысловасці». Увесь папярэдні час з 2020-га нам дзяўблі, што «санкцыі робяць нас мацнейшымі», што мы выдатна пражывем без Еўропы, што «ў савецкіх уласны гонар». А аказалася, што — «ну вось зноў». Хоць, калі па сумленні, то яго пра гэта папярэджвалі. І папярэджвалі не раз.

У канцы пазамінулага года Лукашэнка пагражаў адстаўкай прэм’ер-міністру Беларусі Раману Галоўчанку, калі той не выканае планавыя паказчыкі па ВУП у 3,8%. Галоўчанка напружыўся і шляхам шалёнай стымуляцыі эканомікі «намаляванымі грашыма» выдаў гэтую лічбу, і нават трошкі яе перавысіў — рост склаў 3,9%. Доўга прапаганда радавалася з гэтай нагоды, а цяпер, аказваецца…

«Склады трашчаць ад гатовай прадукцыі. Складскія запасы за 2023 год выраслі амаль на чвэрць, на 350 млн рублёў, або 23%... Рэнтабельнасць не дацягвае да ўзроўню 2022 года. Растуць колькасць стратных арганізацый і сумы страт. Мы маем складаную лагістыку і рост кошту імпартнай сыравіны...» — раптам расплюшчыў вочы Лукашэнка.

А папярэджвалі яго разумныя людзі, і не адзін раз, і нават да 2020 года, што ў сучасным свеце вытворчасць — гэта не галоўнае. Галоўнае — прадаць створанае. Але Лукашэнка ўсё роўна ставіць задачы па росце ВУП, які ў нас лічыцца коштам створанага, а не прададзенага. І, з аднаго боку, нормы выкананыя, а з іншага, ад іх выканання — адны праблемы.

Дарэчы, сёлета таксама пастаўлена задача нарасціць ВУП. Адгадайце з трох разоў, калі Галоўчанка зноў дасягне «мэтавага паказчыка», што скажа Лукашэнка праз год?

Праўда, тут абодвух чыноўнікаў ратуе аб'ектыўная эканамічная сітуацыя (аб'ектыўная, а не працэнтна-колькасная). Па даных незалежных эканамістаў, магутнасці айчыннай прамысловасці ў 2023 годзе дасягнулі столі. Тое, што ў краіне крытычная праблема з кадрамі, прызнаў і Лукашэнка, заявіўшы: «Мы сёння вымушаныя казаць не пра якасць падрыхтоўкі кадраў, а пра іх павальны дэфіцыт. Асабліва рабочых».

То-бок, у нас няма ні магутнасцяў для яшчэ большага выпуску прадукцыі, ні рабочых, каб яе выпускаць. Дый з чаго выпускаць гэтую прадукцыю, — таксама складана, бо «мы маем складаную лагістыку і рост кошту імпартнай сыравіны»…

Калі пераказаць нараду адным сказам, то  гэта будзе так: наша прадукцыя дарагая, няякасная, і нікому не патрэбная.

Глядзіце таксама

А вось адказ на пытанне «што з гэтым рабіць?» натыкнуўся якраз на тыя самыя месцы танцора.

Па Лукашэнку — усё проста. Трэба давесці «да кожнага напружаныя заданні і забяспечыць іх рэалізацыю». Гэта значыць, «распранацца і працаваць», як ён казаў у 2016 годзе. Тады некаторыя беларусы літаральна спраўдзілі яго даручэнне, але, мабыць, дзесяцігоддзе хадзіць голымі — непрактычна і холадна.

А яшчэ трэба навесці парадак з пасрэднікамі, бо менавіта з-за іх (на думку кіраўніка) цана на тэхніку «Амкадора» ў продажы вырастае на 50%, а МАЗа — на 20%.

Ужо складана ўспомніць, калі Лукашэнка першы раз заявіў пра барацьбу з пасрэднікамі. Магчыма, нават не ў гэтым стагоддзі. Але ён дакладна казаў пра гэтую «жэстачайшую» барацьбу і ў 2014-м, і ў 2018-м, і ў 2021-м.

Лукашэнка прапануе працаваць з краінамі «далёкай дугі». Згадкі пра гэтую «далёкую дугу» мы знайшлі ад 2015 года. Праўда, калі з ёй працаваць, Лукашэнка зноў будзе незадаволены, паколькі ён незадаволены і ростам дэбіторскай запазычанасці. А краіны Афрыкі зусім не такія багатыя, каб плаціць за беларускую прадукцыю. І да таго ж тут цалкам справядлівая прымаўка: «За морам вол па грошу, ды рубель перавоз».

Ну і Лукашэнка запатрабаваў вырабляць у Беларусі новую прадукцыю. У прыватнасці — стралковую зброю. Такія ж даручэнні ён даваў тры гады таму, у 2021-м. Вынік ёсць?

Можна было б у чарговы раз акрэсліць, што Лукашэнка проста не ведае, як справіцца з задачай, якую ён сам сабе паставіў. Аднак тое, што ён ужо шмат гадоў дае адныя і тыя ж указанні часцяком адным і тым жа людзям, а потым дае іх зноў, зноў і зноў… Гэта наводзіць на думкі, што дзядуля проста не памятае, што падобныя ці дакладна такія ж даручэнні ён ужо даваў, і неаднаразова.

Згодна Вікіпедыі, прыкметы глабарнай дэменцыі — грубыя парушэнні як у пазнавальнай сферы (паталогія памяці, парушэнні абстрактнага мыслення, адвольнай увагі і ўспрымання) і асобы (разлады маральнасці: знікаюць пачуцці абавязку, далікатнасць, карэктнасць, ветлівасць, сарамлівасць; руйнуецца ядро асобы).

Хто-небудзь можа сказаць пра «далікатнасць, карэктнасць, ветлівасць, сарамлівасць» нашага героя? Пакажыце мне гэтага чалавека!

Вядома, мы не можам ставіць дыягназы на падставе паведамленняў прэс-службы прэзідэнта. Але і не задумвацца пра гэта нельга. Калі Лукашэнка выбудоўвае абсалютысцкую дыктатуру, то ў ёй шмат што залежыць ад таго самага «абсалюту».

І напрыканцы — вельмі цікавая статыстыка. Паводле звестак Нацбанка, прафіцыт знешняга гандлю таварамі і паслугамі па выніках студзеня-лютага склаў усяго 23,1 млн долараў. Гэта ў тры разы менш, чым прафіцыт у студзені, і ў 5,5 разоў менш, чым за студзень-люты 2023 года.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі бізнесу за мяжой, беларускія прадпрымальнікі перавезлі ў Еўрасаюз амаль 9000 кампаній. І гэта — толькі ў ЕС, не ўключаючы сюды папулярную да 2022 года Украіну, а таксама Грузію і Расію.

Як вы думаеце, ёсць звязка паміж загадамі Лукашэнкі, статыстыкай Нацбанка і звесткамі бізнес-асацыяцыі?

Глядзіце таксама