«Калі ўрад абяцаў, то ад эканомікі ўжо нічога не залежыць»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» варожыць, колькі яшчэ можа пратрымацца «беларускі эканамічны цуд» з тымі выпрабаваннямі, якія для яго ўвесь час ставіць беларускі ўрад. І галоўнае, — што будзе пасля такой эканамічнай палітыкі.
Сёння, прабач, буду трошкі пра сумнае. Намеснік міністра эканомікі ўчора сказаў, што калі беларуская эканоміка не будзе расці так, як ёй належыць, то ўрад дапаможа. У сэнсе дасць яшчэ грошай. Таму што можа эканоміка расці, ці не можа, а 3,8 адсотка росту да канца года яна абавязаная забяспечыць. І ў наступным годзе таксама 3,8. Калі ўрад абяцаў, то ад эканомікі ўжо нічога не залежыць.
Разумныя людзі, праўда, кажуць, што калі бясконца ўліваць у эканоміку танныя грошы, то гэта дрэнна дзейнічае на фінансавую стабільнасць. Таму што калі колькасць грошай у эканоміцы расце хутчэй, чым вытворчасць, то разам з грашыма будуць расці і кошты. І фінансавай стабільнасці гэта не спадабаецца. Але хто гэтую фінансавую стабільнасць наогул бачыў? А справаздачу па выкананні прагнозных тэмпаў росту ВУП можна паказаць начальству. І начальства будзе задаволенае.
А што рабіць з цэнамі, урад таксама даўно навучыўся. Цэнам трэба забараніць расці. Вось міністр гандлю ўчора сказаў, што яны як трымалі руку на пульсе, так і далей не збіраюцца аслабляць хватку. А ў каго кошты будуць расці, да таго можна паслаць красаўцау, каб тыя патлумачылі бягучыя задачы макраэканамічнай стабільнасці. Аднаму патлумачылі, другому паказалі на наглядных прыкладах. І ўсё. Фінансавая стабільнасць у бягучым моманце забяспечана.
Некаторыя, праўда, гэтай стабільнасці ўжо не вытрымліваюць. Кампаніі банкрутуюць, людзі з краіны бягуць. Але беларускія ўлады і тут сабе не разгубіліся. Вось хочуць павялічыць абавязковую адпрацоўку для выпускнікоў. Спачатку гадоў да сямі, а потым можна ўжо і да бясконцасці. Ёсць, праўда, падазрэнне, што тады замест выпускнікоў універсітэтаў з краіны пабягуць выпускнікі школ.
У мінулым навучальным годзе ў беларускіх ВНУ студэнтаў і так было на 16 тысяч менш, чым пазалетась. А тады студэнтам яшчэ толькі намякалі на іх новыя абавязацельствы перад беларускай дзяржавай. Але там зноў можна будзе што-небудзь прыдумаць. Таму што ідэй, каму і чаго забараніць, у беларускіх уладаў, мабыць, яшчэ шмат.
Увогуле, ніякіх патуранняў эканоміцы ўлады рабіць не збіраюцца. Таму што ў эканоміцы адны законы, а ў беларускіх уладаў на яе зусім іншыя планы. Вось як перавялі эканоміку на ручное кіраванне, так і далей будуць ёю руліць. У надзвычайным рэжыме.
Праўда, з ручным кіраваннем эканомікай ёсць маленькая праблема. Гэта калі возьмешся за яйкі, а ў цябе малако знікае. Таму што за ўсім не ўсочыш, а рашэнне адной праблемы спараджае іншую. Дый надзвычайнага рэжыму эканоміка звычайна доўга не вытрымлівае. Надзвычайны рэжым добры ў надзвычайных абставінах, а не як лад жыцця.