Кавалкін: Нават ідыёты разумеюць, што ў фінансавую сістэму Лукашэнкі верыць нельга

Калі чыноўнікі пачынаюць спяваць хвалебныя песні надзейнасці беларускага рубля, усе прывыклі да таго, што гэта азначае: хутка будуць праблемы, хутка чакаецца крызіс.

_hroszy___infljacyja___zycce__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Эканаміст — пра тое, што чакае беларусаў, якія возьмуць прыклад з Наталлі Качанавай і будуць адкладаць ашчаджэнні ў беларускіх рублях.

— Ведаеце, да нядаўняга часу ў мяне зберажэнняў не было, — прызналася спікер Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 1». — Толькі ў апошнія паўгода я стала адкладаць пенсію — назапашваю ў беларускіх рублях. Усё, што ў мяне ёсць, — гэта выключна беларускія рублі. Іншай валюты ў мяне няма.

— Качанава свае заявы рабіла не пра пенсію, а пра бягучую сітуацыю, — тлумачыць у інтэрв'ю «Філіну» кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін. — Гэтыя заявы прадыктаваны неабходнасцю, таму што, відавочна, ёсць неабходнасць пераконваць насельніцтва, што рубель не абрынецца.

Давер да рубля падае з цэлага шэрагу прычын: гэта і рост рублёвай масы, і вялікая прывязка да расійскага рынку, і падзенне расійскага рубля, і вельмі высокія чаканні інфляцыі, і дэвальвацыі ў Беларусі. Таму, уласна кажучы, варта чакаць, што Качанава і іншыя чыноўнікі будуць рабіць падобныя заявы, абгортваючы ў нейкія дзіўныя формы — часам пра пенсійныя назапашванні, часам пра магчымасць разбагацець, часам яшчэ пра што-небудзь.

У прынцыпе, калі чыноўнікі пачынаюць гэтую песню спяваць, усе прывыклі да таго, што гэта азначае: хутка будуць праблемы, хутка чакаецца крызіс. Усе гэтыя заявы на самай справе не пра пенсію, не пра назапашванні, яны пра тое, каб людзі не даставалі рублі з банкаў і не мянялі іх на долары.

— Што чакае тых беларусаў, якія вераць тэлевізару і возьмуць прыклад з Качанавай?

— Мне здаецца, нават самыя вялікія ідыёты, якія глядзяць па тэлевізары Азаронка, разумеюць, што ў фінансавую сістэму Лукашэнкі верыць няма ніякага сэнсу. Не ведаю, кім трэба быць, каб, пражыўшы столькі інфляцый і дэвальвацый за тыя 30 гадоў, што Лукашэнка ва ўладзе, працягваць верыць камусьці ці чамусьці. Ужо ўсе на сваім вопыце пражылі шмат разоў крызісы, дэвальвацыі, і мне здаецца, што там вернікаў зусім не засталося.

Глядзіце таксама

Што тычыцца Качанавай і людзей, падобных ёй, будучыня іх больш туманная, чым мы можам сабе ўявіць. Варыянты ад вялікай дзяржаўнай пенсіі да турмы роўна верагодныя. Думаю, яны і самі добра разумеюць, што будучыня, якая ім свеціць, абсалютна нечаканая і непрадказальная.

Вядома, яны ўсе спадзяюцца, што будуць жыць на добрую дзяржпенсію, індэксаваную, што будзе падаўжэнне рэжыму Лукашэнкі і пасля яго паставяць кагосьці падобнага, хто забяспечыць ім інерцыю і працяг таго, што адбывалася. Гэта адна з верагоднасцей.

Але ёсць і іншая — рэжым можа абрынуцца, і ўсе гэтыя людзі могуць трапіць пад люстрацыі, і тады ўжо давядзецца жыць відавочна не на дзяржпенсію, а магчыма, нават і не на волі, таму сітуацыя для іх жудасная і хісткая. Таму яны кажуць адно, а робяць іншае.

Ва ўсіх чыноўнікаў ёсць іх прыкарытныя бізнесмены, якія тут і цяпер зарабляюць грошы і вывозяць іх за мяжу, складзіруюць іх на замежных рахунках, ва ўсіх ёсць запасны аэрадром, залаты парашут. Дурняў там няма. Таму ўсе там усё выдатна разумеюць, нягледзячы на тыя надзеі, якія ў іх ёсць — пажыць на добрую дзяржпенсію.

Паводле gazetaby.com

Пераклад «НЧ»

Глядзіце таксама