Эксперт: Дэвальвацыя беларускага рубля можа настаць праз пару-тройку месяцаў
Кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін тлумачыць, што будзе з курсам беларускага рубля, наколькі верагодны «распродаж» складскіх запасаў, і чаму «пацыент» — беларуская эканоміка — усё яшчэ жывы.
— Курс беларускага рубля будзе хадзіць у фарватэры за курсам расійскага рубля з часовым лагам. Першае, за чым ён будзе хадзіць, — гэта за валютным кошыкам. Нацбанк будзе старацца трымаць курс у рамках валютнага кошыка, — прагназуе Уладзімір Кавалкін у эфіры «Зв*чайнага ранку ».
Калі ўжо немагчыма ўтрымаць у рамках валютнага кошыка, а гэта той выпадак, калі, напрыклад, расійскі рубель рэзка і надоўга абясцэніўся ў дачыненні да іншых валют, давядзецца праводзіць і дэвальвацыю валютнага кошыка, і ісці за расійскім рублём.
Чаму так будзе адбывацца? Таму што экспарт з Беларусі на сёння ў Расію больш за 60 працэнтаў. Каб тыя тавары і паслугі, якія мы вырабляем у Беларусі, прадаліся там, нам трэба, каб наша валюта падала хутчэй, чым расійскі рубель.
Прасцей кажучы, гэта было б распродажам, гэта значыць як у краме — вы прыходзіце і бачыце зніжкі 10 адсоткаў. Вось вам трэба з дапамогай дэвальвацыі зладзіць гэтыя зніжкі 10 адсоткаў для таго, каб склады разгрузіць.
А ў нас складскія запасы растуць — гэта таксама вельмі важны індыкатар нашай эканомікі. На сёння яны толькі растуць, і гэта таксама кажа аб перадкрызісным стане. Таму што, з аднаго боку, грошы друкуюцца, з другога боку — тавары вырабленыя не прадаюцца.
Ну і, уласна кажучы, для таго, каб ураўнаважыць гэтыя дзве масы — масу тавараў і масу грошай і неяк ураўнаважыць усё гэта з расійскім рублём і іншымі валютамі, трэба зладзіць распродаж. А распродаж уладкоўваецца з дапамогай дэвальвацыі.
Тлумачачы, чаму «пацыент» (беларуская эканоміка) усё яшчэ жывы, Уладзімір Кавалкін адзначыў, што крызісныя моманты назапашваюцца доўга, а рэалізуюцца лавінападобна.
— Гэта значыць спачатку трэба назапасіць дысбалансы і патэнцыял для нейкіх зменаў, а потым яны адбываюцца. Зараз мы бачым, на мой погляд, завяршальную стадыю назапашвання дысбалансаў, якія павінны ў нешта вырашыцца. І вось гэта нешта, я так мяркую, мы ўбачым у бліжэйшую пару-тройку месяцаў.
Хутчэй за ўсё, усё гэта павінна вырашыцца ў той бок, што складскія запасы трэба распрадаваць і нешта думаць з валютай, з валютнымі плацяжамі і з курсам беларускага рубля ў адносінах да валюты, таму што без гэтага склады не распродаж, незразумела, што з гэтай гаспадаркай усім рабіць.
А паколькі асноўная палітыка таксама палягае ў тым, каб дэманстраваць рост ВУП — гэты самы намаляваны, для гэтага робіцца ўсё: сціскаюцца цэны, каб індэкс дэфлятар падзмяніць як трэба, разганяецца вытворчасць, якая потым выяўляецца ў росце складскіх запасаў. Усё ідзе туды.
Што тычыцца людзей — з голаду не памруць. Пабяднеюць, зразумелая справа, як гэта звычайна бывала.
Я б не сказаў, што людзі, якія ходзяць па вуліцах, гэтага не адчуваюць. Гэта відаць і па апытаннях, і па песімізме, і па рэальных даходах насельніцтва — відаць, што яны падаюць, — сказаў на заканчэнне Уладзімір Кавалкін.