Манетарныя эксперыменты ўлады. Рубель зноў абясцэніцца, як 2011-м?
Апошні раз такімі тэмпамі грошы раслі, здаецца, у канцы 2010-га… А пасля быў вядомы крызіс. Чаго дасягнуць беларускія ўлады гэтым разам, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі»
Нацбанк сказаў — Нацбанк зрабіў. Абяцаў Нацбанк яшчэ летась, што будзе друкаваць трошкі грошай эканоміцы на беднасць — і надрукаваў. На 1 сакавіка наяўныя грошы разам з пераводнымі дэпазітамі (гэта калі, раптам забылася, — грошы якія захоўваюцца на картках) выраслі амаль на 50 працэнтаў. Апошні раз такімі тэмпамі грошы раслі, здаецца, у канцы 2010, калі трэба было забяспечыць лаяльнасць падведамнага насельніцтва перад выбарамі. З лаяльнасцю, зрэшты, і тады ўжо не вельмі задалося. Затое з фінансавым крызісам тады ўсё атрымалася.
Так што ў гэты раз наконт задачы забеспячэння лаяльнасці я не ўпэўнены. Лаяльнасць падведамнага насельніцтва ўлады неяк вось, па-мойму, прывыклі забяспечваць неэканамічнымі метадамі рэгулявання. Яно, зноў жа, і танней атрымліваецца. А то ж на няўдзячнае насельніцтва ніякай грашовай масы. Нават шырокай.
Так што не дзеля лаяльнасці насельніцтва яно ўсё ладзіцца. Проста эканоміка ў нас, як ты ведаеш, добрая, толькі маленькая. І дрэнна расце. Дакладней, не тое, што яна зусім расце, а трошкі наадварот. Дэманструе, карацей, пяціпрацэнтныя тэмпы адмоўнага росту. А трэба, каб станоўчага. А беларускія ўлады да гэтага дваццаць гадоў вучыліся стымуляваць эканоміку надрукаванымі грашыма, пакуль не пачалі займацца ўсякімі манетарнымі глупствамі. А цяпер, калі манетарнымі глупствам займацца не атрымліваецца, то вырашылі вярнуцца да вытокаў суверэннай эканамічнай тэорыі.
Праўда, суверэнныя эканамічныя тэорыі кожны раз заканчваліся непрыемнымі наступствамі ў галіне эканамічных практык. У 95 не атрымалася, у 98 не задалося, у 2008 пайшло трошкі не так, у 2011 усё крышачку абвалілася і ў 2015 зноў скончылася некаторымі фінансавымі непрыемнасцямі. Вось у выніку ўсіх гэтых непрыемнасцяў беларускі рубель абясцэніўся ў сто мільёнаў разоў. Але гэта, вядома, не падстава, каб зноў не паспрабаваць укараніць суверэнныя эканамічныя тэорыі ў практыку.
Таму што, па-першае, кожны раз ва ўсіх гэтых крызісах былі вінаватыя не беларускія ўлады, а знешнія сілы, якія заносілі заразу крызісу з сусветных фінансавых рынкаў. А па-другое, за апошнія пару гадоў беларускія ўлады значна лепш асвоілі неманетарныя метады рэгулявання фінансавай стабільнасці. Гэтым неманетарным метадам, калі так падумаць, па сутнасці, усё роўна што рабіць. Можна выкалупваць з-пад плінтусаў грамадзян сумнеўнай лаяльнасці, а можна выкрываць прадаўцоў, нелаяльных да дзяржаўнай цэнавай палітыкі. Таму няма ніякіх прычын, каб яшчэ раз не паспрабаваць.
Праўда, ёсць нюанс. Кожны раз пасля адмоўнага поспеху сваіх манетарных эксперыментаў беларускія ўлады беглі на тры літары (я МВФ маю на ўвазе, калі што), каб расказаць, што ў тым, што здарылася вінаватыя не яны, а аб'ектыўныя гістарычныя абставіны. Адначасна яшчэ даводзілася тлумачыць ЕС і ЗША, што ў глыбіні душы беларускія ўлады добрыя і месцамі па сваім характары нават дэмакратычныя. Але вось мяне раздзіраюць смутныя сумневы, ці атрымаецца гэтым разам у іх зноў пракруціць гэты трук.