Колькі людзей у Беларусі жыве ў галечы? Сумныя лічбы статыстыкі

Бюджэт пражытачнага мінімуму ў Беларусі — 339 рублёў і 89 капеек. А калі чалавек жыве на 350 рублёў у месяц — згодна з беларускай статыстыкай, такі ўжо афіцыйна не лічыцца бедным.

_hroszy___rubli___kapejki__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у канцы мінулага года ў Беларусі 3,9% насельніцтва адносілася да катэгорыі малазабяспечаных. На практыцы гэта азначае, што іх даходы ў месяц былі ніжэй устаноўленага бюджэту пражытачнага мінімуму. У канцы мінулага года гэтая сума была роўная 339 рублям і 89 капейкам, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Бюджэт пражытачнага мінімуму — гэта тое, колькі, паводле беларускіх статыстаў, каштуе мінімальны набор прадуктаў харчавання, нехарчовых тавараў і паслуг, а таксама абавязковыя плацяжы і ўзносы. Дзяржава самастойна разлічвае гэту велічыню, каб ацаніць, колькі сродкаў трэба мінімальна чалавеку для выжывання пры бягучым узроўні цэн на тавары і паслугі.

У цэлым, тэндэнцыя з узроўнем беднасці ў Беларусі выглядае ўстойліва добрай. Так, калі верыць падлікам дзяржорганаў, з 2016 года ўзровень малазабяспечанасці знізіўся з 6% да 3,9%.

Але пры гэтым застаюцца вялікія пытанні да памеру бюджэту пражытачнага мінімуму, бо чалавек, які жыве, скажам, на 350 рублёў у месяц, ужо афіцыйна не лічыцца бедным.


Што тычыцца сітуацыі па рэгіёнах, то сталіца чакана можа пахваліцца мінімальным узроўнем малазабяспечанага насельніцтва. Гэта ўсяго 1,4%. Мінск прапануе больш шырокія магчымасці на рынку працы і канкурэнтныя аклады. Нядрэнная сітуацыя ў Мінскай вобласці — 2,8%. Недалёка сышла Гродзенская вобласць з узроўнем малазабяспечанага насельніцтва 3%.

Іншыя вобласці дэманструе значна горшую карціну. Адразу ў чатырох абласцях узровень беднасці вышэйшы за 5%: Віцебская (5,1%), Гомельская (5,5%), Брэсцкая (5,6%) і Магілёўская (5,9%). Гэта красамоўна тлумачыць прычыну, чаму столькі людзей імкнуцца пераехаць у сталіцу. Таму што высокі ўзровень беднасці — гэта следства малых перспектыў на годны заробак у рэгіёнах.