Лузгіна: У беларусаў захоўваецца недавер да банкаўскай сістэмы краіны

Паводле даных Нацбанка, у Беларусі няўхільна павялічваецца аб'ём наяўных грошай у абароце. Гэта даволі трывожная тэндэнцыя — і не толькі таму, што дзяржава, відаць, уключыла друкарскі станок. Імаверна, гэта сведчыць і пра недавер грамадзян да банкаўскай сістэмы.

_hroszy___finansy___ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg


Па даных Нацбанка, на 1 сакавіка 2023 года вялікая грашовая маса, якая ўключае наяўныя грошы ў абароце, а таксама грошы фізічных асоб і прадпрыемстваў на дэпазітах, вырасла ў параўнанні з лютым на 3,2% і склала Br 61,203 мільярда.

Таксама няўхільна павялічваецца аб'ём наяўных грошай у абароце: калі ў пачатку мінулага года ён складаў крыху больш за Br 4,7 мільярда, то цяпер — Br 7,28 мільярда.

Чым тлумачыцца гэтая тэндэнцыя? Старшы навуковы супрацоўнік BEROC Анастасія Лузгіна ў інтэрв’ю «Салідарнасці» адзначыла некалькі трывожных момантаў гэтай статыстыкі. Прычым, на яе думку, гэта не азначае ўключэнне друкарскага станка. Але лічбы кажуць аб павелічэнні эмісіі ў цэлым, і перш за ўсё безнаяўнай. А празмерная безнаяўная эмісія якраз і небяспечная ў плане разгортвання інфляцыі.

— Наяўныя грошы ў абароце складаюць у сукупнай грашовай масе не самую прыкметную долю, асноўная яе частка ў Беларусі знаходзіцца ў безнаяўнай форме, — адзначае эканамістка. — Рост наяўных, на мой погляд, кажа пра тое, што цэнтральны банк проста рэагуе на сітуацыю, якая склалася, на той попыт, што сёння сфарміраваўся ў эканоміцы.

Цяпер, відавочна, беларусы пачалі больш абнаяўніваць грошы, на што рэагуе Нацбанк і ўсе банкі. Як вынік — адбываецца павелічэнне грашовай масы ў наяўнай форме, спраўна загружаюцца банкаматы, каб не ўзнікла дэфіцыту наяўных грошай.


Але чаму гэта адбываецца? Хутчэй за ўсё, кажа эксперт, дзейнічае адразу некалькі фактараў.

— Найперш гэта сведчыць, што ў людзей прысутнічае трывожнасць. Яны бачаць нявызначанасць у эканоміцы, рызыкі, таму абіраюць здымаць грошы з рахункаў і мець іх пры сабе ў любы момант. У Беларусі і да крызісу былі завышаныя інфляцыйныя чаканні, і цяпер яны захоўваюцца — таму людзі могуць так рэагаваць.

Вядома, ёсць тут і пытанне даверу да банкаўскай сістэмы. У мінулым годзе, калі пачалася вайна, банкі абмяжоўвалі зняцце грошай з дэпазітаў, хоць гэта тычылася ў першую чаргу валютных рахункаў. Таму і цяпер захоўваецца пэўная нервовасць і нявызначанасць.

Атрымліваючы зарплаты на карткі (прычым у намінальным выражэнні зарплаты ў мінулым годзе раслі, а ў рэальным — падалі), многія сталі здымаць больш наяўных.

Дадамо, што ў апошнія месяцы зніжаюцца намінальныя банкаўскія стаўкі па крэдытах і дэпазітах — і хоць яны перакрываюць паказчыкі інфляцыі, але маржа ў рэальным выражэнні невысокая. Таму не ўсе згодны на такія стаўкі пры існуючых рызыках і многія больш не захоўваюць грошы на дэпазітах.

З іншага боку, дадае Анастасія Лузгіна, тое, што адбываецца, можа мець і тэхнічныя падставы. У сувязі з тым, што некаторыя беларускія банкі трапілі пад санкцыі і замежныя партнёры адмовіліся з імі працаваць, плацяжы па картках сталі менш зручнымі: то там збой, то тут аплата не праходзіць.

З нядаўняга — маштабны збой, які здарыўся па ўсёй краіне ў працы касавых апаратаў у студзені 2023-га, калі некалькі дзён у шэрагу крамаў і на запраўках немагчыма было расплаціцца карткай.


— Яшчэ адзін момант, пра які можна казаць толькі на ўзроўні здагадак, таму што сёння мы не можам яго пацвердзіць або абвергнуць: ва ўмовах, калі эканоміка скарачаецца, ёсць шэраг праблем, а падатковая нагрузка не становіцца меншай, магчыма, ростам наяўных стымулюецца і рост «шэрай» эканомікі.

Адна з задач усіх цэнтральных банкаў — скараціць долю наяўнага абароту ў эканоміцы, паколькі ён абсалютна непразрысты, і ажыццяўляць гэта, а таксама ўхіляцца ад выплаты падаткаў дазволяць «шэрыя» схемы. Але ва ўмовах крызісу, калі ў людзей становіцца менш грошай і яны рознымі шляхамі імкнуцца зэканоміць, такі варыянт таксама нельга выключаць.

Хоць, паўтаруся, для эканомікі аптымальна, каб доля наяўных складала нейкую мінімальную велічыню. У Швецыі, да прыкладу, наогул кажуць пра тое, каб у перспектыве перайсці цалкам на безнал. Беларусь таксама ішла па шляху лічбавізацыі эканомікі, і дагэтуль захоўваюцца нядрэнныя паказчыкі, але цяпер працэс як мінімум затармазіўся.