Касавы збой? Эксперт: гандаль чакаюць больш сур’ёзныя праблемы

Беларускі рубель пойдзе следам за расійскім і прывядзе да істотнага падаражання імпарту, што ў сваю чаргу выкліча лавіну банкруцтваў. А касавы збой — толькі пачатак.

_rynak___kamarouka___handal___pradukty___minsk___2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__12__logo.jpg


Тэхнічныя збоі ў касавым абсталяванні некаторых гандлёвых сетак узніклі 2 студзеня, у тым ліку ў кампаніях «ОМА», «Мацярык», «Востраў чысціні», «Еўраопт». Фірма «Тусон» не гарантуе хуткага аднаўлення работы касавых апаратаў.

Здаецца, з такім маштабным выклікам буйныя гандлёвыя сеткі сутыкнуліся ці не ўпершыню. Якую прыроду мае «касавая праблема»? Ці не з’яўляецца яна прадвеснікам больш маштабных узрушэнняў у беларускім гандлі?

Паспрабавалі разабрацца ў прыродзе «касавай праблемы» і не толькі з эканамістам Львом Марголіным.

— Праблема носіць тэхнічны характар — гэта відавочна. Аднак сутнасць праблемы цяжка зразумець.

Што кідаецца адразу ў вочы: фірма «Тусон» з’яўляецца манапалістам у сферы касавага абслугоўвання. Калі б на рынку працаваў з дзясятак фірмаў, то яны канкурыравалі б між сабой, замагаліся б за кліентуру — у выніку такога ненадзейнага іграка проста-напраста ціхенька выштурхнулі б з рынку.

Аднак у манапаліста, якім з’яўляецца «Тусон», няма стымулаў для паляпшэння сваёй працы, да таго ж фірма мае каля 13 тысяч кліентаў — паспрабуйце фізічна выправіць усе хібы якасна і своечасова. Добра, калі прадпрыемства трымае сваіх спецыялістаў па праграмным забеспячэнні, якім варта яго скінуць, і яны яго самі ўстановяць. Але ёсць маса суб’ектаў гаспадарання, якія такіх спецыялістаў проста не маюць.

У любым выпадку раней ці пазней манапалісты заканчваюць менавіта так.

Ці выпадкова «касавая праблема» ўдарыла па буйных гандлёвых сетках?

— Гэта не выпадковасць. Існуе асобнае праграмнае забеспячэнне для дробных і для буйных гандлёвых сетак, адпаведна, для першай катэгорыі суб’ектаў гаспадарання існуюць свае тэхнічныя рашэнні праблемы, якія не падыходзяць для другой катэгорыі.

Гандлёвую сетку «Віталюр» паглынае іншая кампанія. У буйных гандлёвых сетках адбываецца глабальны збой у працы касавага абсталявання. Ці не з’яўляюцца такія розныя, здавалася б, працэсы сімптомам больш глабальнай катастрофы?

— На жаль, мы не валодаем усім аб’ёмам інфармацыі. Мяркуючы па публічных звестках, праблема «Віталюра» — чыста індывідуальная: праблема няўдалых ці няправільных арганізацыйных рашэнняў.

Глядзіце: на фоне росту 2018-2019 гадоў кампанія «Віталюр» прымае рашэнне зрабіць сур’ёзныя капіталаўкладанні ў развіццё ўласнай гандлёвай сеткі. Значная частка гандлёвых аб’ектаў месціцца на арандаваных плошчах, бо нават для захоўвання таварных запасаў (вялікіх аб’ёмаў тавару, неабходнага для забеспячэння бесперабойнага гандлю) не хапае плошчаў. Для такога пашырэння спатрэбіліся крэдытныя рэсурсы, і гэта з’ява нармальная.

Усё было б добра, калі б не здарыўся 2020-ты год з ягоным кавідам; калі б следам не прыйшоў 21-шы год з першымі заходнімі санкцыямі і наступны 2022-гі з працягам санкцый. Тых вынікаў, на якія разлічвала кампанія, яна не атрымала.

Адпаведна, узнікла праблема з пагашэннем крэдытаў. Адна асобная фірма звычайна такія праблемы вырашае проста — праз продаж часткі сваіх актываў. Аднак на сённяшні дзень знайсці пакупнікоў на свае актывы складана — мы жывём не ў эпоху росквіту рознічнага і аптовага гандлю.

Усе гульцы разумеюць сітуацыю, як і тое, што ў цяперашніх варунках кошты на актывы «Віталюра» могуць знізіцца яшчэ больш. Узнікла сітуацыя ідэальнага шторму, калі кампанію можна атакаваць адразу з некалькіх бакоў…

Не скажу, што менавіта гэтая канкрэтная сітуацыя стварае ў 2023 годзе куды больш сур’ёзныя выклікі для рознічнага і аптовага гандлю — у цэлым стан спраў у эканоміцы. У 2022 годзе ўдалося захаваць курсы асноўных валют, бадай, за выключэннем сакавіка, хоць на рынак уплывалі санкцыі, уплывала змяненне лагістыкі.

У 2023 годзе большасць экспертаў прагназуе пагаршэнне сітуацыі ў Расіі, да якой мы моцна прывязаны. Падзенне расійскага рубля будзе больш сур’ёзным, бо на Расію ўжо не пральецца залаты дождж з нафтадолараў. Беларускі рубель, можа, пойдзе следам за расійскім і прывядзе да істотнага падаражання імпарту. Не толькі таго імпарту, які мы назіраем на паліцах крам, але і ўсяго імпарту, найперш неабходнага для сельскай гаспадаркі. Гэта прывядзе да падаражання тавараў і, як вынік, да зніжэння тавараабароту.

Калі попыт забяспечваюць дзесяць вытворцаў, то пры зніжэнні тавараабароту самы слабы банкруціцца, застаюцца дзевяць вытворцаў; пры далейшым зніжэнні тавараабароту самае слабае звяно зноў выпадае з гульні. І так па коле.